Ген беларускага крэатыву: з чым стартаваў сёмы «aDNaK!»
7 мая 2016 Культура

Ген беларускага крэатыву: з чым стартаваў сёмы «aDNaK!»

+

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі пачынае прыём працаў.

Фестываль AD.NAK!

Кожны год Фестываль AD.NAK! звяртае ўвагу грамадскасці і прафесійнай супольнасці на актуальныя пытанні ў сферы камунікацыі і рэкламы. Ідэя сёлетняга Сёмага AD.NAK! — “аDNаK — ген беларускага крэатыву”.

Фестываль AD.NAK!

“У мінулым годзе мы надалі асаблівую ўвагу асобе самога рэкламіста. А ў гэтым годзе вырашылі зноў вярнуць увагу рэкламістаў і рэкламадаўцаў да больш глыбокіх, падставовых рэчаў: сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, якія ўжо закладзеныя ў нашых генах”, — тлумачыць канцэпцыю Фестывалю каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ініцыятара aDNaK! Ніна Шыдлоўская.

Фестываль AD.NAK!

За апошнія гады у Беларусі стала заўважна болей беларускамоўных і беларускаарыентаваных праектаў, а таксама з’явілася пэўная колькасць камунікацыйных прадуктаў па-за ўласна беларускамоўным культурным полем, якія папулярызуюць абсалютна розныя рэчы і паслугі, выкарыстоўваючы візуальныя элементы нашай традыцыйнай культуры. Спрадвечныя беларускія ўзоры цяпер можна сустрэць не толькі на ручніках або ў музеі, але і на вопратцы, аўто, апошняй мадэлі смартфона і нават на ўпакоўцы харчовых прадуктаў. Тэматыка аўтэнтыкі ўсё больш прываблівае беларускую моладзь. І бізнес, як звычайна, найперш рэагуе на попыт, усё ахвотней стварае рэкламны і камунікацыйны прадукт на падставе традыцыйных каштоўнасцяў. Аргкамітэт Фестывалю вітае гэтыя працэсы, але лічыць, што яны, з аднаго боку, павінныя ўцягваць у сваё кола ўсё новых рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў, а з іншага — працягваць развіваць і паглыбляць прысутнасць беларускай культуры ў рэкламе, якая не павінная зводзіцца да пераносу традыцыйных арнаментаў на сучасныя вырабы. Такая цікавасць можа быць няўстойлівай. Таму, каб зрабіць прыкметы беларускасці натуральнымі, а нашую рэкламу —адметнай і арыгінальнай, варта іх пераасэнсоўваць і асучасніваць, выкарыстоўваючы ўсё багацце нашай больш чым тысячагадовай гісторыі і культуры. Дзеля гэтага Фестываль і прапаноўвае аб’яднаць намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе раскрыць свой ген крэатыўнасці!

Фестываль AD.NAK!
Фестываль AD.NAK!
Фестываль AD.NAK!

Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Сёмага фестывалю aDNaK! ужо пачаўся. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 10 чэрвеня. А неад’емная фінальная частка Фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску.

Фестываль AD.NAK!
Фестываль AD.NAK!
Фестываль AD.NAK!

Генеральным партнёрам Фестывалю трэці год запар выступае кампанія velcom.

Фестываль AD.NAK!

+