Газета «Навінкі»: «Маленькі, але горды беларус дэманструе ўсім свой маленькі, але моцны, мазолісты fuck»
21 января 2017 Культура

Газета «Навінкі»: «Маленькі, але горды беларус дэманструе ўсім свой маленькі, але моцны, мазолісты fuck»

+
Сатырычнае выданне «Навінкі» спыніла сваё існаванне ў 2003 годзе, бо атрымала два папярэджанні ад Мінінфарма: за абразу Прэзідэнта ды ўжыванне слова «жопа». Цікава, але падшыўкі «Навінак» беражліва захоўвае не толькі наш галоўны рэдактар — але і Нацыянальная бібліятэка. Мы пайшлі яшчэ далей і дастаўляем вам свежую порцыю «Навінак» 1998 года проста ў рукі.
Паўлюк Канавальчык
ШТО: сатырычная газета, якую выдавалі з 1998 па 2003 год. Галоўны рэдактар — Паўлюк Канавальчык.
ЧАМУ: таму што гэта газета для здаровых людзей.
ЗВЯРНУЦЬ УВАГУ: на апошні выпуск «СБ — Беларусь сёння».

Аб Беларусі, якая перамагае ў панк-спаборніцтве

«Відавочна, што сапраўдны панк-рух знаходзіцца тут, у Беларусі. Менавіта беларускі народ забіў велізарны болт на канфармісцкія тэорыі спажывецкага грамадзтва й разгарнуў грандыёзнае сацыяльнае будаўніцтва, заснаванае на карпаратыўных прынцыпах псыхадэлічнага кшталту. Прыгадаем хоць бы гісторыю NATO. У той час, калі краіны былога ўсходняга блёку аддаюцца натаўцам таньней, чым апошняя дзеўка ў Санкт-Паўлі, маленькі, але горды беларус дэманструе ўсім-ўсім-ўсім свой маленькі, але моцны, мазолісты fuck і спакойна працягвае дэгуставаць апошнія вынаходніцтвы «Аліварыі», «Крышталю» і «Крыніцы». Невыпадкова лідэр каліфарнійскага андэграўнда Біадра дастаў мяне сваімі тэлефаксамі, у якіх літаральна ўпрошвае патлумачыць умовы пераходу ў беларускае грамадзянства. Адным словам, калі б у сьвеце існавала міжнароднае панкаўскае сацспаборніцтва, пераходны сьцяг імя Сіда Вішэза даўно б вісеў у маёй прыбіральні».

Аб тым, чаму нам не шанцуе ў спорце

«Напэўна, шмат хто зь беларускіх аматараў хакею зьдзівіўся выніку матча нашай зборнай з камандай Японіі. Сапраўды, пасьля трыюмфальных перамог над досыць аўтарытэтнымі камандамі Нямеччыны й Францыі наша зборная не змагла разьвесці некіх самураеў, якія разумеюць у хакеі столькі ж, колькі нашыя — у палачках для рысу. Апошняму падлетку зразумела, што справа тут нячыстая, тым больш спэцыялістам. Першым выказаў свае падазрэнні на гэты конт адзін з самых вядомых спартыўных рэпарцёраў Японіі Вынь Сунь. На яго думку, японцы выкарыстоўвалі у матчы зь беларусамі радыёкіраваныя шайбы».

Аб зброі, якую вырабляюць на фабрыцы «Камунарка»

Група дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13,5-га скліканьня, аб’яднаных у фракцыю «Рукі прэч ад амэрыканскіх інтарэсаў у Пэрсідзкай затоцы!», вярнулася з зоны канфлікту. Са словаў лідэра фракцыі А. Вутачкіна, візыт меў практычныя мэты. Дэпутаты перадалі прадстаўнікам амэрыканскага экспэдыцыйнага корпусу 150 кг фальгі ад цукерак «Мишка на Севере» і «Красная шапочка» (фальгу ад «Раковых шеек» затрымалі на прахадной фабрыкі «Камунарка»). Вядома, што фальга мае стратэгічнае значэньне: пры трапляньні на лякатары супраціўніка яна нэйтралізуе ягонае дзеяньне. Такім чынам, наша фальга акажа значную дапамогу амэрыканскім міратворцам. Гэта быў свайго кшталту адказ дэпутатаў на ініцыятыву менскіх панкаў зьбіраць пустыя бутэлькі, каб на выручаныя грошы купіць для ірацкіх дзяцей пару-тройку ўстановак «Гром и молния».

Аб зорках на балоце

«Хітом вясновага кінапракату ў Эўропе па ацэнках спэцыялістаў стане французская кінастужка «Шанец для дваіх», што выходзіць на экраны ў лютым, зьнятая на матывы аповесьці І. Мележа «Людзі на балоце». У фільме задзейнічанае сапраўднае сузор’е актораў — В. Парадыз у ролі Ганны, А. Дэлён (Васіль Зяблік) і нарэшце непараўнальны Ж.-П. Бэльмандо (Яўхім Корч). Фільм, на пастаноўку якога выдаткавана 100 000 мільёнаў даляраў, багаты на спэцэфэкты, маштабныя масоўкі і шакіруючыя эратычныя сцэны. Апошняе й вызначыла лёс кінастужкі ў Амэрыцы, дзе грамадзкасьць дамаглася вынятку зь фільму адной занадта шчырай сцэны, у якой Ганна… Зрэшты, нашто мы вам пра ўсё распавядаем? Глядзіце на экранах».

Аб абменным курсе беларускага рубля

«Учора на ініцыятыву газэты «Навінкі» была праведзеная акцыя спаленьня ненавіснай валюты перад амэрыканскай амбасадай. Кожны сьвядомы грамадзянін прынес некалькі даляраў (у каго колькі было) й кідаў у вялікую кучу, скандуючы: «Подавитесь! Подавитесь!» Агулам было сабрана 80 343 даляры. Пасьля невялічкага мітынгу зялёная куча пад улюлюканьне натоўпу была падпаленая. На гэта супрацоўнікікі амбасады адказалі адэкватна: яны выграбалі са сваіх кішэняў мятыя паперкі з «Пагоняй», камкалі й кідалі ў дэманстрантаў».

Аб парку чарнобыльскага пэрыяду

«Вядомы амэрыканскі рэжысер Спілбэрг у інтэрв’ю нашаму карэспандэнту пацвердзіў інфармацыю, якая прагучала па радыё «Навінкі 101,2». Згодна з ёй, першую й другую частку сваёй эпапеі «Парк юрскага пэрыяду» Спілбэрг здымаў у Брагінскім раёне Рэспублікі Беларусь. У якасьці дэкарацыяў для фільма яму служылі гіганцкія лысыя вожыкі (тыраназаўры), пляшывыя вавёркі-пераросткі (брантазаўры) і іншыя прадукты чарнобыльскай аварыі. Што да праблемаў бясьпекі, то яе захоўвалі мясцовыя бамжы, якія аблюбавалі гэтыя мясьціны для дробных рабаваньняў і марадзёрства. Яны дакладна вывучылі павадкі мутантаў і нават некаторых прыручылі й выкарыстоўваюць для збору бутэлек».

Аб папулярнасці дуэта Кэй-Пі Маркса і Энгельса на станцыі конкі «Кастрычніцкая»

«Усім вядома, што напачатку нашага стагодзьдзя сярод шляхецкай моладзі вялікай папулярнасьцю карысталіся розныя чумныя фенькі: то іракез наставіць, то набухацца ў Вялікдзень, то гарланіць розныя страшныя песьні. Сяляне ўспрымалі такія паводзіны з жахам і лічылі барскімі забавамі, а ахвочых да такіх справаў маладых гімназістаў назвалі панкамі. (Адсюль і народная прымаўка: «Напіўся (надзёрся, нажорся й г.д.) як панок.) Традыцыйным месцам для сваіх сустрэч, якія яны звалі тутэшоўкамі, была станцыя конкі «Кастрычніцкая» (названая так у гонар маніфэста Мікалая ІІ ад 9 кастрычніка 1905 аб дараваньні палітычных свабод). Калі на тутэшоўках праз габрэяў, у якіх былі сваякі за мяжой, зьявіліся грамафонныя кружэлкі заходняга андэграўнда, мясцовыя панкі канчаткова вызначыліся ў музычных і эстэтычных густах.

Маскоўскай папсе прыйшлося пацясьніцца зь першых радкоў хіт-парадаў. Першыя месцы стала акупавалі панкоўскія рэчы, кшталту альбому «Der Manifest» аўстра-вугорскага калектыву «Die Кommunistische Pertei». Участковыя вусатыя ўраднікі не пасьпявалі канфіскоўваць у тынэйджэраў старэнькія, яшчэ мінулага стагодзьдзя грамафоны «Акіян-FS20», якія на ўсю «Кастрычніцкую» трансьлявалі гнюсныя енкі дуэты Кэй-Пі Маркса і Фрыдрыха Энгельса «Пралетары і пралетаркі ўсіх краёў, злучайцеся! Fuck! Fuck!» З прысьпеўкамі шпаны атрымлівалася сапраўдная какафонія. Да таго ж фанаты Кэй-Пі размалёўвалі крэйдай прыбіральню. У Аляксандраўскім сквэры надпісы «Маркс ня дзед!». Асабліва скардзіліся жанчыны, калі натыкаліся ў жаночым аддзеле сарціра на надпіс «8 сакавіка — міжнародны жаночы дзень».

Аб прыгодах тараканаў у студэнцкім інтэрнаце

«Калі нядаўна ў 17-м інтэрнаце БДУ пачаўся масавы мор тараканаў, жыхары доўга не маглі нарадавацца: «Дзякуй кітайцам з 710-й. Мабыць, ізноў яны засмажылі сабаку на дзень утварэньня КНР і вытравілі гэтах надыкучлівых казявак». Аднак, як аказалася, жоўтаскурыя студэнты былі ні пры чым, бо даўно ўжо харчуюцца Pedigree. Узьнікшыя падазрэньні, што справа тут нячыстая, узмацніліся, калі нехта зьвярнуў увагу на незвычайны ярка-зялёны колер тараканаў-нябожчыкаў. Трупікі жывёлін адразу аддалі ў лябараторыю біяфаку, дзе спэцыялісты ўскрылі іх і дасьледавалі іхнія вантробы. Аналіз крыві мёртвых тараканаў дазволіў зрабіць страшэннае адкрыцьцё: тараканаў паразіла эпідэмія СНІДу».

Аб касьмічных беларусах і арбітальнай станцыі «Александрыя»

«Пра тое, што Беларусь як сувэрэнная дзяржава мусіць мець уласныя касьмічныя інтарэсы, прэзідэнт Рэспублікі Беларусь заявіў яшчэ ў чэрвені 1996 году. Тады прэзідэнт гразіўся дэпартаваць на Марс усю апазыцыю. Але зь цягам часу са зьменай палітычный кан’юнктуры, зьмяніліся й асноўныя задачы ў сфэры касьмічных распрацовак, пра якія пойдзе гаворка ніжэй. Тады ж, з кастрычніка 1996 году, у вёсцы Мачулішчы, што пад Менскам, пачалося будаўніцтва касмадрому, якое зараз увайшло ў сваю заключную стадыю. Здадзена ў карыстаньне галоўная шахта й памяшканне ЦУП, абсталяванае найноўшай айчыннай тэхнікай. Для ажыцьцяўленьня касьмічнай праграмы была створаная адмысловая касьмічная група прадпрыемстваў, якія ўзялі спецзаказы. На менскім трактарным заводзе завяршаецца будаўніцтва ракетаносьбіта «Беларусь» і першага касьмічнага модуля «Інтэграцыя», які стане асновай для стварэньня арбітальнай станцыі «Александрыя». На заводзе «Камунарка» праводзяцца дасьледаваньні ў сфэры стварэньня харчаваньня, прыдатнага да спажываньня ў касьмічных умовах. Гэтак, ужо прайшлі тэставанне два цюбікі: «чарка» і «шкварка». Блізкія да стварэньня аналягічныя цюбікі з бульбай, салам, цыбуляй і квашанай капустай. Мяркуецца, што пасьля адпаведных выпрабаваньняў першым на арбіту вылеціць асабіста прэзідэнт Рэспублікі Беларусь».

Аб пісьмах у рэдакцію

«Шаноўная рэдакцыя, я працую сторажам у офісе Фонду «Наша Ніва». Прафэсія мая спрыяе чытаньню. Тым больш, што на днях я атрымаў ад дырэктара Фонду заробак кніжкамі: 200 асобнікаў кнігі «Дамавікамэрон» і 150 асобнікаў «Толькі не гавары маёй маме». Абедзьве належаць пяру Адама Глёбуса. Па ходзе чытаньня ў мяне ўзніклі пытаньні адносна значэньня некаторых словаў, адказы на якія я не здолеў знайсьці ні ў водным тлумачальным слоўніку беларускай мовы. Сьпіс прыкладаю: гермафрадыт, поза валет, пэніс, круціць клубамі, трансвэстыт, французскі насмарк, койданава… Загадзя ўдзячны! Вітаўт Пазьнякевіч».

Аб тым, куды паслоў выселілі з Драздоў

«Першая партыя прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і Расеі атрымалі ордэры на засяленьне ў інтэрнаты БДУ. Ганаровае ўручэньне пропускаў адбылося ў холе 2-га Інтэрнату БДУ па вул. Кастрычніцкая, 2, дзе камэндант Таіса асабіста выдала новым жыльцам тумбачкі, уручыла бялізну, узяла адрасы іх родзічаў (на той выпадак, калі нехта барані бог з`едзе, не разьлічыўшыся з адміністрацыяй за матрас ці навалку). У першы ж дзень Дэніэл Спэкхард доўга туляўся па Інтэрнаце, чапляючыся да жыльцоў з пытаньнямі: «А дзе тут у вас бідэ?», на што атрымліваў рытарычнае пытаньне: «Можа, табе яшчэ й ліфт уключыць?»

Аб асаблівасьці нацыянальнай сустрэчы Новага году

«Палітычныя бандыты зноў перайшлі ў атаку. На гэты раз рубеж наступу на канстытуцыйны парадак — часовыя перабоі з прадуктамі і чэргі. Чэргі, маўляў, уяўляюць сабою тыповы інгрэдыент прапагандысцкай ахінеі дэмакратаў. Для іх яны ёсьць адначасова сымбаль народных пакут і прадвесьнік палітычнага перавароту. Што ж, дамо апазыцыянэрам баламуціць лахоў і далей і паспрабуем паглядзець на фэномен чэргаў зь іншага гледзішча.

Чэргі ня толькі не зьніжаюць ступень лаяльнасьці мас да рэжыму, але, наадварот, сымбалізуюць сабою народнасьць (а значыць, і стабільнасьць) Лукашэнкі. Чарга — гэта найстарэйшая сацыяльная мадэль аўтарэпрадукцыі чалавецтва. Хіба ў старажытныя часы дагістарычныя людзі, забіўшы маманта або яшчэ нейкую істоту, разьмяркоўвалі тушу жывёлы па прынцыпу свабоднай рынкавай эканомікі? Безумоўна ж, не! Чэргі маніфэстуюць сабою архітрадыцыйныя каштоўнасьці, загнаныя ў падсьвядомасьць на нейкім этапе культурагенэза. Рэзюмэ — людзі хочуць стаяць у чэргах. І ніякія пернікі кшталту рынкавага «изобилия» ім гэтага кайфу не кампэнсуюць. У чэргі, сукіны дзеці!»

Аб тым, што наркотыкі шкодзяць вашаму здароўю

«БНР (біякіслотны нэйрастымуляцыйны рэляксаніт) — сынтэтычнае наркатычнае рэчыва сямейства амфэтамінаў. Упершыню быў сынтэзаваны ў 1918 годзе нямецкім хімікам Вільгельмам Варонкам. Быў выпрабаваны кайзэраўскімі войскамі на Усходнім фронце. Шырока ўжываўся гітлераўцамі пад час Другой сусьветнай вайны. Пасьля разгрому Нямеччыны формула прэпарату трапіла ў рукі амэрыканцаў. З дапамогай дыверсантаў перапраўляўся на тэрыторыю Савецкага Саюзу пад час Халоднай вайны. Выкарыстоўваўся для атручваньня калодзежаў і вадаправодаў.

Уводзіцца ў арганізм унутрывенна, праз кантакт са скурай альбо праз страўнікава-кішэчны тракт. Узьдзейнічае шляхам узбуджэння нэрвовай і апорна-рухальнай сыстэмы. Пасьля прыёму прэпарату чалавек агрэсіўна сябе паводзіць, сьвісьціць, выкрыквае лёзунгі, перашкаджае праезду грамадскага транспарту і г.д. У наркамана, які стала ўжывае БНР, назіраюцца растройствы страўніку, на целе з`яўляюцца сінякі й крывападцёкі. Наркатычнае ап’яненьне, выкліканае БНР, можа трываць ад 3 да 15 сутак».

Тэкст::
  • Газета «Навінкі»
+