Гiсторык Мiкола Ермаловiч: «Выраз «абы цiха» стаў дэвiзам нашага жыцця»
20 мая 2016 Культура

Гiсторык Мiкола Ермаловiч: «Выраз «абы цiха» стаў дэвiзам нашага жыцця»

+

Мікола Ермаловіч ганарыўся незалежнай Беларуссю, калі ў яе яшчэ мала хто верыў. Настаў і твой час — ганарыцца Міколам Ермаловічам. Чытай урыўкі з «Гутарак аб усім, што баліць», якія пісаліся у 1975–1976 гадах, і разумей, што баліць — да гэтага часу.

Николай Ермолович

ХТО: гісторык і публіцыст, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны
ЧАМУ: ён вярнуў нам гісторыю
ЗВЯРНУЦЬ УВАГУ НА СЛОВЫ: «Народ, які не ведае свайго мінулага, не варты і свайго будучага»

З самвыдат-часопіса «Гутаркі» і кіначасопіса «Браты Ермаловічы».

Аб тым, як усё пачыналася
Я нават памятаю той дзень, калі ў мяне абудзілася цікавасць да гісторыі. Гэта быў урок роднай мовы. Раптам сказ: «Полацк — самы старажытны горад Беларусі». І гэты сказ нешта мяне ўразіў: і Полацк, і слова «старажытны»… І гэта нешта закранула, абудзіла ўва мне.

Аб тым, чаму Ермаловічу давялося скончыць школу экстэрнам
Выключылі са школы за тое, што я быццам кідаў у гразь пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну. Хаця ў сапраўднасці гэта кніжка па дарозе да дому, калі я вучыў урывак, вывалілася з маіх рук. Я яе падняў, атрос ад пылу і гразі, аднак нехта з тых, хто ішоў са мной, данёс дырэктару. І мяне назаўтра выклікаў дырэктар і сказаў: «Каб тут тваёй нагі не было! Як ты пасмеў!»

Аб актуальных падзеях
Наша краіна ўвесь час перажывае крызіснае становішча.

Аб тым, чаму ўсім патрэбна пасада
Эх, няма нічога лепшага на свеце, як пасада! Тут не трэба думаць ні пра тое, ці засеяна, ці не засеяна, ці вымакне, ці вымерзне, ці сажнецца, ці скосіцца. Хоць засеяна — ці не засеяна, а табе ўсё роўна чысценькія грошыкі ідуць, толькі распісвайся за іх ды кладзі ў кішэню.

Аб рагатых свіннях, якіх і мы ведаем
Мы жывём у век, калі быллю становіцца не толькі тое, што было ў казках, а нават і тое, чаго не было. Напрыклад, рагатыя свінні! Доўга я ламаў галаву над тым, чаму гэта незвычайная парода распладзілася ў нас, у Беларусі. Але вось аднойчы пачуў, як прарохкала адна такая свіння: «Я вечна жыць у Беларусі не сабіраюся. Вось толькі сама адкармлюся і пагадую сваіх парасят, і тады выберамся адсюль». Мне стала зразумелым, што Беларусь для іх — адкормачны пункт, што іх адзіны занятак у нас — есці і паскудзіць.

Аб памяркоўнасці
Па ўсім відаць, што выраз «абы ціха» стаў дэвізам нашага жыцця.

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай
Калі полк страчвае свой сцяг, ён перастае існаваць. Нешта падобнае мы бачым і ў адносінах народа і яго мовы. Калі народ страчвае сваю мову, ён таксама перастае існаваць, бо мова — гэта і ёсць сцяг народа. Вось чаму прыгнечанне народа пачынаецца са зневажання і ганення яго мовы. Гэтак жа сама і нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім вялікага значэння сваёй роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце.

Аб тым, што сапраўды трэба браць у свае рукі
Ніхто не прынясе шчасця, дабра і парадку тваёй Радзіме, апроч цябе, і таму бяры лёс сваёй Радзімы ў свае рукі.

Аб свабодзе, якую мы маем
Свабода адрачэння ад сваёй мовы — пакуль што адзіная свабода, якая прадстаўлена нам і якой мы можам карыстацца бесперашкодна.

Аб тым, што беларускаму народу трэба праверыць зрок
Народ будзе датуль сляпым, пакуль не будзе мець сваёй інтэлігенцыі, бо яна — вочы народа.

Аб тым, што зараз магчыма
Калі сёння немагчыма яшчэ вызваліць ад ланцугоў свае рукі, то вызваліць свае душы мы можам ужо сёння. Калі сёння нельга вырваць з чужых рук нашы багацці, то няхай нашы сэрцы вызваляюцца ад страху перад пачварнай сілай улады, хай розум наш скідае з сябе ланцугі хлусні, якія аблыталі яго.

Аб тым, чаму нашу буржуазію нельга вінаваціць у нацыяналізме
Няма больш бессэнсоўнага выразу, чым выраз «беларускі буржуазны нацыяналізм». Ужо ў чым іншым, а ў гэтым граху беларускую буржуазію западозрыць нельга. Не дарасла яна да нацыяналізму.

Аб цяжкасцях і перспектывах
Можа быць, ні перад кім не стаялі такія неймаверныя цяжкасці, якія стаяць перад намі. Мы працуем у асяроддзі аднаго з самых забітых і прыгнечаных народаў свету, душу якога на працягу стагоддзяў труцілі нявер’ем у свае сілы і здольнасць стаць упоравень з іншымі народамі, якога адвучвалі быць гаспадаром сваёй зямлі і лёсу. Пры гэтым мы маем справу з самым моцным, хітрым і бязлітасным ворагам, які не спыніцца ні перад чым у сваім імкненні, каб утрымаць у ярме зняволеныя ім народы.

Аб планаванні жыцця і смерці
Нішто ў нас так не расхвальвалася на ўсе лады, як планаванне. Яно лічылася нашым найбольшым козырам, панацэяй ад многіх сацыяльных хвароб, як, напрыклад, крызісаў і беспрацоўя. Планаванне стала найадметнейшай рысай нашага гаспадарання. Усё пачалі планаваць, і ўсё стала планавацца.

…І вось прайшлі дзесяцігоддзі, і пахвала планаванню змянілася яго пагалоўным пракляццем (вядома ж, не ў друку, дзе яно па-ранейшаму расхвальваецца, а ў жыцці). Пагаварыце вы з любым гаспадарнікам, і вы пачуеце, што ва ўсіх нашых бедах вінавата планаванне. Нашы прадпрыемствы душыць штурмаўшчына. Прычына — бязглуздае планаванне. Дрэнная якасць нашай прадукцыі (за выключэннем, вядома, ракет і спадарожнікаў). Прычына: трэба было даць план. Зайдзіце ў магазін. Там усе паліцы завалены таварамі, а што трэба — не купіш. А хто ж так планаваў?

Планаванне — сапраўды, вялікая рэч у руках разумных гаспадароў. Аднак у тым уся і бяда, што яно трапіла ў рукі безадказных бюракратаў, якія, па сутнасці, спаскудзілі яго, а разам з тым і знявечылі эканамічнае жыццё краіны. У нас запанавала планавая анархія. Нездарма ж нейкі дасціпны беларус сказаў: «Раней душыў пан, а цяпер душыць план».

Аб тым, навошта нам патрэбная спартзала гістарычнай памяці
Гістарычная памяць — адна з найвялікшых сіл народа. Народ, які не ведае свайго мінулага, не варты і свайго будучага. Ён не можа мець гэтага будучага.

Аб тым, чаго дабіліся
І ўсё ж я заканчваю тым, што адзначаю адзін наш несумненны поспех. Я маю на ўвазе хакей. Вось у ім мы нават не толькі дагналі Амерыку, але і пабілі яе. Дык ці не лепш было б наша кіраўніцтва замяніць нашай хакейнай камандай. Хай бы яна, умудроная досведам даганяць і пераганяць, пераносіла яго на ўсе сферы краіны. Кажаце, што гэта несур’ёзна? У такім выпадку, што ж вы прапануеце? Што ж нас выведзе з гэтага тупіка, у які мы зайшлі?

113 слоў пра Міколу Ермаловіча
Ермаловіч нарадзіўся ў вёсцы Малыя Навасёлкі цяперашняга Дзяржынскага раёна. Скончыў мясцовую школу, потым — Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў старшым выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута. У выніку практычна поўнай адсутнасці зроку (-27) выйшаў на пенсію — і шмат часу праводзіў у «ленінцы» (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Больш чым чатыры дзесяцігоддзі — з 1957 па 2000 год — Мікола Ермаловіч даследаваў і вывучаў старажытныя беларускія летапісы і іншыя гістарычныя крыніцы. Вынікам гэтага сталі яго кнігі: «Дарагое беларусам імя», «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», «Па слядах аднаго міфа», «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Яны прымусілі беларусаў па-новаму паглядзець на шматлікія падзеі і даты ў нашай гісторыі ды знайсці ў ёй нагоды для гордасці.

+