Дом №30
5 июня 2014 Фото

Дом №30

+

Дом №30 па вуліцы Карла Маркса — незвычайны ўсярэдзіне і звонку. Звонку, бо гэта — пабудаваны паводле праекта архітэктара Генрыха Гая — адзіны ў Мінску будынак у стылі мадэрн, які цалкам захаваўся. Усярэдзіне, — бо жылі ў ім палітыкі, вучоныя, літаратары…

Фатограф: Сяргей Язлавецкi

Мадэль: Кацярына Цiкота

Адзенне: Tikota Unique

Месца: Лiтаратурны музей Пятруся Броўкi

110

Дом №30 па вуліцы Карла Маркса — незвычайны ўсярэдзіне і звонку. Звонку, бо гэта — пабудаваны паводле праекта архітэктара Генрыха Гая — адзіны ў Мінску будынак у стылі мадэрн, які цалкам захаваўся. Усярэдзіне, — бо жылі ў ім палітыкі, вучоныя, літаратары…

Адным са славутых жыхароў гаеўскага дома быў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка, і ў яго колішняй кватэры цяпер месціцца музей.

44

Невялікія ўтульныя пакойчыкі, дзе многае засталося так, як пры Пятры Усцінавічы. З Броўкам лепш знаёміцца тут, чым на старонках школьных падручнікаў, дзе кожны паэт савецкага часу — асабліва такі паважаны ўладай, як Броўка — выглядае правільным да нудоты і трохі запыленым.

У музеі ж яго не толькі шануюць, але і любяць. Дзе яшчэ вы даведаецеся пра тое, што Пётр Усцінавіч штодня прачынаўся а пятай гадзіне раніцы, а клаўся спаць а дзясятай увечары; што так і не займеў тэлевізара; што больш за ўсё ён паважаў двух паэтаў: Ясеніна ды Маякоўскага? Ці зможаце ацаніць памеры яго бібліятэкі?

Заўвага для тых, хто ведае пра Броўку толькі «піша лоўка»: за свой жартаўлівы вершык Рыгор Барадулін шчыра прасіў прабачэння ў Пятруся.

Тым, што ў Мінску існуе Літаратурны музей Пятруся Броўкі, мы абавязаныя найперш Алене Рыдзеўскай, жонцы паэта. Менавіта яна была першым дырэктарам установы. Сямейнае фота (маці, бацька і сын Юра), друкарка «Эрыка» — для абазнаных пра гэтую жанчыну ў музеі нагадвае многае.

Пятрусь і Алена пазнаёміліся у студэнцкія часы, ажаніліся ў 1934 годзе — ды пражылі разам усё жыццё. Але гісторыю іх кахання вам распавядзе экскурсавод музея, а мы лепш пачытаем вершы, якія Броўка, самы савецкі беларускі пісьменнік, прысвячаў жанчынам: таямнічым, прыгожым, натхняльным.

34
Лёгкiя крокi на вузкай сцяжынцы.
Дзеўчына ў белай iскрыстай хусцiнцы,
Быццам абсыпана промнямi зор.
Пахне чабор,
Пахне чабор…

Выйсцi б насустрач, стаць i прызнацца.
Вось яно – блiзкае, яснае шчасце,
Клiкнуць хацелася – голас замёр.
Пахне чабор,
Пахне чабор…
36
Аседзішся. Спакой і ціш.
Глядзіш, без клопату жывеш.
А ты, як хваля, наляцішь,
Ударыш раптам, з ног саб’еш…
27

Як сказаць вам аб прычыне,
Ад чаго так сумна мне, —
Дзве касы ў адной дзяўчыны,
Што ручайкі, на спіне.

А пазнацца давялося,
Так прывабіла сама –
Апавілі сэрца косы,
Што і выхаду няма.

І я мару аб адзіным,
Хай бы косы больш раслі,
Каб, як тыя каляіны,
Праз жыццё мяне вялі.

25-copy

Усё да сэрца браў я блізка.
Нішто не пакідала след,
Як тая першая запіска,
Што сэрца ўзрушыла нашчэнт.

А я чакаў яе без меры,
Яна ж марудна так ішла —
На дробным ласкутку паперы,
3 няроўных літараў была

Ад той юначае, дзявочай,
Яшчэ нясмелае рукі,—
і ў соты раз чыталі вочы
У дзень жаданыя радкі.

141

А я сабе азначыў зорку
Адну, хоць іх на небе шмат
Нібы з табой вяду гаворку
І быццам бачу твой пагляд.

Бывае, можаце дзівіцца,
прымроіцца такое мне –
мяне пабачыць, разгарыцца
і нават часам падміргне.

171

Няма яе — бярэ маркота,
Перад вачамі цемра хмар.
Няма гадзінніку клапотаў,
А ў сэрцы бура і пажар.

Ды штосьці блізка мільганула.
Яна ідзе,
ідзе,
ідзе…
I сэрца поўна светлым гулам,
Гадзіннік шчасцю лік вядзе.

+