Дворыкі Лявона. Шпацыр па гораду с музыкантам
20 сентября 2011 Город

Дворыкі Лявона. Шпацыр па гораду с музыкантам

+

З музыкантам, пісьменнікам і проста мульцікультурнай асобай Лявонам Вольскім мы сустрэліся ў раёне Пушкінскай — на Адоеўскага, 22, дзе прайшло дзяцінства рок-легенды. Лявон узгадаў пра гульні свайго юнацтва, вясковых бабулек, пункт прыёму шклатары, пацаноў з раёна, а таксама выказаў свой погляд на сучасны мінскі двор.

Бабка Франя і бабка Бася

Я жыў у 22-м доме з чатырох ці пяці гадоў, недзе з пачатку сямідзясятых і да васьмідзясятага. Гэта быў такі дрымучы Савецкі Саюз — дакладней, ягоны заняпад і стагнацыя. Вучыўся ў 127-й школе, якая знаходзіцца ніжэй. Яна яшчэ засталася, не змянілася. Школы ж не змяняюцца. Ну толькі што, мабыць, шклопакеты паставілі.

Ясна, што ніякіх тут паркінгаў не было — уся прастора з’яўлялася пляцоўкай для гульні дзяцей. Напрыклад, у «пекара» гулялі, ці была такая гульня — «Галімбамба» (у гэты момант мы адзначаем, што ў нашым дзяцінстве яна называлася «Алі Баба»). Выбудоўваліся два ланцугі людзей, і трэба было бегаць і разбіваць. Стаялі так, як людзі зараз на мітынгах.

Ва ўсіх гэтых дамах жылі людзі, якія па большасці толькі пераехалі з вёсак. Гэта былі досыць маладыя людзі, што працавалі таксістамі і электрыкамі. Пару інтэлігентаў жыло габрэйскай нацыянальнасці, але значна больш было таксістаў. Бабкі і жонкі рабацяг сядзелі на лавачках у вольны час. І тут суцэльна была вёска. Розныя бабкі з розных рэгіёнаў усё абмяркоўвалі. Бабка Франя, бабка Бася… З захаду, напэўна.

Паўсюль стаяла пылішча, раён толькі забудоўваўся, і праз дарогу не было сучаснага квартала і вуліцы Янкі Маўра. Адразу пачыналася нейкая пустка. Мы яе называлі «поле». «Пайшлі ў поле пагуляем!» Хлопцы там жаб надзімалі цыгарэтамі.

Сын вялікага кампазітара і ровар

На Адоеўскага прайшло практычна ўсё маё свядомае дзяцінства. Мы каталіся на веліках, прычым маглі рабіць крутыя рэйды — на Трактарны нават прыехаць. У мяне быў «Минск мужской дорожный». Існавала такая іерархія раварыста ў саўку: спачатку «Школьнік», потым «Арлёнак», пасля «Мінск», а ў багатых, мажорных людзей — «Турыст», дзе пераключаліся хуткасці. У мяне быў сябра Радзівон Глебаў — сын вялікага беларускага кампазітара Глебава, — вось у яго быў такі велік. Я яму страшна зайздросціў. «Турыст» быў дарагі, і калі мы выбіраліся за горад на веліках, я на сваім у горку ледзь-ледзь даваў, а ён пераключыць сабе хуткасць — і нармальна едзе. Я думаў: «Скаціна!»

IMG_6793

Яшчэ мы гулялі ў «цюхі» і «ножычкі». «Цюхі» — гэта калі ты ідзеш на поле і там плавіш волава ці свінец. Матэрыял для гэтага мы знаходзілі непадалёку ад сённяшняга гіпермаркета «Карона». Там ля цягніковых рэек у нейкіх сховішчах валяліся гранкі ад розных газет. Мы туды лазілі пад страхам смерці. Калі зловяць, тады гамон — у школу напішуць. Набіралі гранкі, а потым плавілі іх у кансервовай бляшанцы. Рабілі з дапамогай локця паглыбленне ў гліністай зямлі, і вылівалі туды волава. Атрымлівалася цюшка — паўкруглая зверху і пляскатая на доле. Потым клалі горачку дробязі. Разбівалі і глядзелі, што перакуліцца, а што — не. Гулялі, канешне, на грошы. Азартныя гульні.

Бутэлькі і «каршакі»

Я ўхітрыўся пажыць на Адо­еўскага, 22 у дзвюх кватэрах. Спачатку — у апошнім пад’ездзе. А пасля таго як развяліся бацькі, у другім. Мама вырашыла памяняць вялікую чатырохпакаёку на пятым паверсе на вялікую двухпакаёвую кватэру. Можа, нейкія ўспаміны тая кватэра непрыемныя наганяла, ці фінансава маці вырашыла так выкруціць. Хаця з сённяшняга пункту гледжання гэта было абсалютна нелагічна.

Каля дома быў стол для дамі­ношнікаў, і там можна было выпіць. Але ў адкрытую так не бухалі, як зараз, і не пісалі пад дрэвамі. Двор жыў як адзіная сям’я, усе адзін аднаго ведалі. Мая мама, напрыклад, ніколі не прыязджала пад дом на таксоўцы, бо суседзі скажуць, што мы багата жывем. Хаця мы жылі не багата, гэта лічылася неяк сорамна, не варта. І даводзілася спыняць таксоўку на павароце, каб не ўбачылі і не казалі: «О! Зажэрліся зусім!»

Яшчэ тут стаяў пункт прыёму шклатары. Бутэлька пры саўку каштавала дванаццаць капеек, а потым нават 20. Зараз у нас глабалізм і, як ва ўсім свеце, нашыя бабкі рыюцца ў смеццевых бачках. А тады хто ж будзе рыцца?! Хто палезе ўнутр? Я такога не бачыў. Бо былі бутэлькі, на іх можна было нармальна зарабляць, і бабкі прафесійна займаліся шклазборам. Потым, калі мы ўжо пачалі піць піва, у парках сталі злятацца «каршакі» (прамаўляе па-калдырску): «А бу-бутылачку будзеце з сабой забіраць?»

Каля пункта прыёму шклатары знаходзіўся страшны савецкі «авашчняк», дзе бульба выгружалася з такой штукі, як смеццеправод у доме. Бульба была брудная, страшная і дробная. А ў самім авашчняку вечна страшна смярдзела. Вось гэта быў сапраўдны Савецкі Саюз! Такія авашчнякі дзе-нідзе ёсць і сёння — пераходзячы чырвоны сьцяг з савецкага мінулага ў цяперашнюю рэчаіснасць.

moi_minsk1

«Ядзя, ты ў горад паедзеш?»

Калі я быў малы, крамаў ля майго дома было вельмі мала. Была адна маленькая ўнізе — «Малако». Але практычна там толькі малако і прадавалася. Усе цёткі і бабкі — яны ж жылі «на раёне». Да цэнтра было ехаць 30 хвілін. Тралейбусы сюды яшчэ не пусцілі, і хадзіў толькі 57-ы аўтобус — такі стары «Ікарус», які страшна дыміў.

Я досыць рана пачаў ездзіць па горадзе і таму нармальна ўспрымаў «цэнтр». Бацька жыў у іншым канцы Мінска, і я, напэўна, ужо з другой клясы тусаваўся па аўтобусах і тралейбусах. Але для цётак і бабак «цэнтр» быў зусім іншай краінай. Бо яны фактычна туды не выбіраліся і толькі часам казалі: «Ядзя, ты ў горад паедзеш?» І Ядзя: «Ну, я сёння паеду». «Ну, вазьмі тады гэта і тое». «Ну, ладна, ладна…» Вось так яны размаўлялі ля пад’ездаў. Жонка таксіста нідзе не працавала, такая хатняя гаспадыня, заўсёды то ў хаце, то на лаўцы сядзіць. І бабкі таксама. Ніхто ў цэнтр не ездзіў. І казалі не цэнтр, а «горад». Бо тут ужо быў не горад… а «чорцішто» — такая вёска, дзе ўсе кучкаваліся.

Дзеці таксоўшчыкаў

Я не быў хуліганам. Мог на­-шкодзіць, але інтэлігентным дзіцём мяне таксама было цяжка назваць. З усімі бегаў, лазіў. Потым пайшоў у мастацкую школу, і таму ў мяне больш не было часу на бадзянні. «Караля раёна» ў нас не існавала. Былі нефармальныя лідары, у школе маглі падысці: «Э, малыя, скінуліся па пяць капеек… На сітро!» А ў двары я не памятаю такіх наездаў. Проста былі свае старэйшыя, і мы, як быццам, знаходзіліся пад іх абаронай.

Хлопцы з двара былі дзецьмі тых таксоўшчыкаў і рабацяг, якія прыехалі з вёскі. Яны ўжо былі не вясковымі, хіба што па мове было чуваць, што яны не карэнныя жыхары сталіцы. У бабак унутры яшчэ заставаўся нейкі вясковы ўклад, пэўныя традыцыі. Калі ішлі пахаванні, то рэгіянальныя традыцыі высвятляліся. А дзеці ўжо… па тыпу і ніхто.

Тут быў такі саўковы брутал. Хаця ў нас была ўзорна-паказальная школа, з нашай клясы ў хлопцаў два бацькі павесіліся.

Інтарэсы ў моладзі былі аднолькавыя — усе хадзілі ў секцыі. Хто на каратэ, хто на бокс, хто на дзюдо. Я на плаванне пару месяцаў пахадзіў, а потым з’явілася мастацкая школа, таму секцыі ў маім жыцці хутка скончыліся. А так тут быў такі саўковы брутал. Хаця ў нас была ўзорна-паказальная школа, з нашай клясы ў хлопцаў два бацькі павесіліся. Не ведаў, п’янства ці што іншае… Гэта быў канец саўка. І гэты Брэжнеў… Маральна прыгнятала. А па-другое, ну пілі проста людзі. Зараз змена вырасла (Лявон накіроўвае позірк на двух мужыкоў, што ўстаюць з-за лаўкі ля дома №22). О! Яны ўжо пашыбавалі няцвёрда. Але ведаюць куды!

IMG_6827

Крымінальнічак і пенсіянеры-алкаголікі

У 21-й кватэры на Адоеўскага праходзіла пара рэпетыцый першага складу гурта «Мроя». Мы нават устаноўку ў кватэру затарабанілі. Потым суседзі знізу ў рэзкай форме запатрабавалі скончыць гэтыя экзерсісы. Я лічыў сябе нефармалам. У 15 гадоў ужо быў канкрэтна валасатым, хадзіў у нейкіх вузкіх штанах. Такая была дурная мода, бо джынсы каштавалі трыста рублёў. Гэта было нерэальна! Трэба было шукаць фарцоўшчыкаў і недзе іх купляць. Мы выпрацавалі сваю моду: насілі гальштукі, пінжакі — карацей, выглядалі абсалютна па-ідыёцку.

У хуткім часе у маім жыцці з’явіўся дворык на вуліцы Карастаянавай, 5. У ім ужо не было з кім тусавацца. Бо жылі там пенсіянеры-алкаголікі, якія ў дзень пенсіі проста ўпокат некалькі дзён пілі, пакуль не прапівалі усё. Потом яны клалі зубы на паліцу і чакалі наступнай адтапыркі. Насупраць жыў крымінальнічак, які больш адсутнічаў, чым прысутнічаў. «Украў, выпіў, у турму» — пастаянна так матляўся.

У мяне ўжо зусім не было часу на жыццё двара, бо я паступіў у мастацкую вучэльню і зрабіўся напалову мастаком, напалову музыкам. Прыйшлі першыя поспехі. Якія тусоўкі ў двары? Ды і не было з кім.

Ваенрук, хіпаны і «спінжакі»

У студэнцтве мы былі звязаныя з мастацтвам, і таму былі людзьмі экстравагантнымі. Можна было ўжо і булаўку ў вусе насіць. У горадзе, канешне, азіраліся. А калі ідзеш з доўгімі валасамі, маглі з’явіцца і праблемы з міліцыяй. Мяне не забіралі, але па нырках пару разоў атрымліваў. Выйшлі з рэстарацыі, ідзем па дворыку, міліцыя падыходзіць: «Што такое? Хто такія?» «Да хаты ідзем…» «Ты што, валасаты, тут ходзіш?» Надаваў мне патруль па нырках, а я гавару: «Ну, вось вам і гамон, таварышч сяржант, у мяне ныркі хворыя, я зараз акачуруся!» А ён: «Усё, хуценька матайце адсюль!».

moi_minsk2

Мы не былі ні хіпі, ні панкамі. Але і з тымі, і з другімі тусаваліся — усе ведалі, што мы музыканты. Гэта былі 1980-я — другая сістэма хіпі. Старажылы сістэмы, каб іх асабліва не краналі, хадзілі па горадзе з запраўленымі за каўнер валасамі. А мы так хадзілі на заняткі па ваеннай падрыхтоўцы. Нас дзіка ганяў ваенрук, і ўрэшце мы зрабілі прычы, як у ГДРаўскіх музыкантаў — спераду каротка, а сзаду доўгія валасы. Смешна, але ўтылітарна.

Калдыры нас не чапалі. У іх жа мода 1970-х яшчэ не выветрылася з галоваў. Яны насілі такія «спінжакі», потым клёш, каўнер вялікі, які на «спінжак» залазіў, і ўсё гэта магло быць малінавага альбо васільковага колеру. Яны ў гэтым фарсілі ў сямідзесятых і перайшлі ў васьмідзясятые. Усе прадвінутыя з іх смяяліся, але за гэта можна было і ў табло атрымаць. У іх быў свой кодэкс, яны ўсе былі такія крышачку трактарысты па светапогляду, усе ў меру патлатыя, з праборчыкам і слухалі які-небудзь ВІА. Таму і не вельмі дрэнна ставіліся да патлатых. Гапароў канкрэтных тады яшчэ не было. Потым гапаватыя пацаны сталі з’яўляцца блізка да цэнтра. Магчыма, з Серабранкі прыехалі.

Калдыры нас не чапалі. У іх жа мода 1970-х яшчэ не выветрылася з галоваў. Яны насілі такія «спінжакі», потым клёш.

Новы двор

Сучасны Мінск вельмі моцна ад­-розніваецца ад мінулага. Я асабліва не лазіў па старой Нямізе, але памятаю яе выдатна. Вось гэта сапраўдны стары Мінск. Магчыма, губернскі, расійскі. Было пыльна і недагледжана, але ў гэтым было штосьці такое… нейкі дух Мінска.

Не хочацца бурчаць, як старыкан, але ёсць такія рэчы, якія за грошы не варта было б рабіць. Але людзям усё роўна, яны шмат хто адсюль не паходзяць. Напрыклад, тыя, хто перабудоўвае і хаатычна забудоўвае цэнтр нейкімі хайтэкамі, якія ўжо не папулярныя нідзе, апроч, мабыць, Дубаяў. І тое дубайцы зараз сумняваюцца — ці правільна мы рабілі, што запрашалі танных архітэктараў і ўзводзілі гэты кітч?

У мінскіх дворыках ужо няма бабак. Раней яны сядзелі на лаўках пастаянна з самай раніцы. Зараз сядзяць, як раней казалі, «дэклясаваныя элементы». Проста ён сядзіць і думае — можа, хтосьці з’явіцца з магазіна? І тады можна будзе на парытэтных пачатках скласці партнёрства.

Бабулі павыміралі, яны ўжо тады былі старыя. Цяперашнія мінчане абсалютна дэзінтэграваныя, бо ўсе баяцца нарывацца на нейкую ўяўную пагрозу. І зараз сям’я (ячэйка грамадства) — гэта і ёсць твая Радзіма для большасці беларусаў. У нас, калі я быў малы, можна было проста зайсці да суседзяў і… паабедаць. Справа жылі габрэі, і калі ў іх было свята, то ўсяму пад’езду раздавалі мацу. З’язжаліся сваякі, якія размаўлялі на незразумелай мове. Мы слухалі і казалі: «Во, цікава…»

Зараз таксама прыкольна, у прынцыпе. Наперад выйшлі інтрэрнэт-тэхналогіі, прагрэс не спыніць. Сёння я здымаю кватэру ў цэнтры, і там пад вокнамі штодня адбываюцца нейкія мерапрыемствы святочныя. І гэта асноўнае жыццё двара. Яно пачынаецца пасля дзяватай вечара і сканчаецца ў 4-5 раніцы. З гітарамі сядзяць ужо рэдка, але раз на месяц з’яўляюцца. Раней хадзілі з транзыстарамі на плячы, потым з магнітафонамі, яшчэ пазьней — з бумбоксамі, а цяпер кожны можа ўключыць свой мабільнік, надзець навушнікі, і наогул класна.

Тэкст:
  • Вячаслаў Корсак
Фота:
  • Мікалай Купрыч
+