Гайд па Менску на стыку XIX–XX стагоддзяў
22 февраля 2017 Город

Гайд па Менску на стыку XIX–XX стагоддзяў

+
«Большой» клапоціцца пра вас у любой жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, а што, калі раптам Акадэмія навук вынайдзе машыну часу і зашпурне вас проста ў Менск 1899 года? У гэтай складанай жыццёвай сітуацыі рэдакцыя таксама падасць вам руку, а ў ёй будзе гэты нумар з гайдам па Менску на стыку стагоддзяў. У якіх клубах тады тусаваліся? Дзе вялі самыя заўзятыя спрэчкі пра мастацтва? І, у рэшце рэшт, пад якім адрасам пражывала дама, што ўратавалася з «Тытаніка»?

Breaking news!
Коратка пра навіны XIX стагоддзя

ХІХ стагоддзе было азмрочана напалеонаўскай кампаніяй, а затым разгромам двух вялікіх паўстанняў — 1831 і 1863 гадоў, між якіх здараліся жахлівыя пажары. Тое, што адбылося пасля 1831 года, вельмі нагадвае эпоху сталінскага тэрору, а падзеі наступнага паўстання 1863 года канчаткова змянілі воблік Менска, выціснуўшы тутэйшую эліту на перыферыю грамадскага і культурнага жыцця.

Але нават пад цяжарам каланіяльнага расійскага рэжыму, пад чужым мундзірам, горад жыў сваім пакрыёмым жыццём. Князь Уладзімір Андрэевіч Друцкі-Сакалінскі, апошні мінскі губернатар, убачыў Менск такім: «Князі Радзівіл, графы Брэйль і Зібэр-Плятэр, графы Чапскія і Красінскі, Горват, Вайніловіч, Скірмунт ды іншыя — усё гэта былі абшарнікі маёй губерні, прытым што жылі ў сваіх сядзібах летам і ў Менску зімой. Гэтыя заможныя свецкія людзі шмат прымалі ў сябе, жыццё біла ключом, і да вайны Менск, несумненна, быў вельмі жвавым і цікавым польскім цэнтрам, мала адрозніваўся па складзе ад грамадства Варшавы. (…) Расейцы былі прадстаўлены выключна служылым класам і вайскоўцамі. (…) Ваеннае грамадства, якое ўзначальваецца камандзірам корпуса, багатым, прыветлівым генералам Навасільцавым, таксама шмат прымала, выязджала, танчыла, і таму зімовы сезон у Менску быў запоўнены вечарамі, балямі, спектаклямі і прыёмнымі днямі». Далучайцеся!

Гайд па Менску

Газетная перадавіца: падзеі, якія адбыліся ў Менску — і змянілі свет

1898 — Першы з’езд РСДРП: колькі ні прымружвай вочы, не дасі рады ўявіць, як бы выглядала ўся гісторыя ХХ стагоддзя, каб не тая векапомная сходка расійскіх сацыял-дэмакратаў у дамку над Свіслаччу.
1900 — аб’яднальны з’ездз Рабочага саюза Літвы і Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага: Менск вызначыўся стварэннем менавіта Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы, якой кіравалі нашы землякі Ф. Дзяржынскі і С. Трусевіч.
1902 — ІІ Усерасійскі з’езд сіяністаў: з’езд адбыўся ў залі ўрачыстасцяў «Парыж», што была ў доме Ліхтэрмана, і дзякуючы цалкам легальнаму статусу стаў магутнай падзеяй у гісторыі. Цудам да нашых дзён, на рагу Калектарнай і Нямігі, ацалела частка будынка, дзе з’езд праходзіў.

Гайд па Менску

Адрасы, паролі, яўкі на пачатку XX стагоддзя

Як патрапіць на добры кватэрнік?

  • У бацькоўскім доме паэта Альберта Паўловіча, на былой Нова-Раманаўскай, № 36 (цяпер пустка каля кінатэатра «Беларусь»), збіралася беларуская эліта: Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля і Максім Багдановіч… Сумна там не было! Чаму? Бо сам Паўловіч, каларытнага выгляду слынны паэт-гумарыст, сур’ёзна гуляў у шашкі і шахматы, друкаваў у часопісах і газетах задачы. Да таго ж, ён быў самадзейным акцёрам, мастаком, музыкам ды вышывальшчыкам дываноў, што дэманстраваліся на мастацкай выставе 1914 года. Паўловіч быў таксама зацятым філатэлістам і нумізматам, калекцыянаваў птушыныя пёры, меў вялікую калекцыю паштовак з пейзажамі.

Гайд па Менску

  • Бадай не менш каларытныя госці збіраліся і ў доме Янкі Лучыны (адрас), сапраўднага менчука-інтэлігента, які пісаў вершы і апавяданні па-беларуску, па-польску, па-руску…Ён, бадай, самы менскі паэт у гісторыі нашае літаратуры, гэткі genius loci, ведамы у свой час кожнаму менчуку і на вуліцах горада, і ў менскім тэатры, дзе паэт ад імя ўдзячнай публікі па-беларуску вітаў заезджыя трупы.
  •  Слынная менская мастачка і мецэнатка Пальміра Мрачкоўская жыла ў доме на рагу Белацаркоўскай і Захар’еўскай, прыкладна каля цяперашняга цэнтральнага ўваходу ў парк імя Горкага. Мастачка дала прытулак шматлікім падабраным коткам і сабакам. Казалі, яна была адной з ацалелых пасажырак «Тытаніка» — і уратавалася разам з сабачкам. Адным з вядомых яе палотнаў называюць менавіта «Канец «Тытаніка»».

Дзе атрымаць пашпарт?

  • Недалёка ад дома Янкі Лучыны, на вуліцы Юр’еўскай, была Мяшчанская ўправа, што займалася ўлікам асоб, якія належалі да мяшчанскага саслоўя, і выдачай пашпартоў. У верасні 1907 года тут быў уручаны пашпарт Луцэвічу Івану — Янку Купалу. Будынак управы не захаваўся, як і рэдакцыі газеты «Северо-Западный край», што апублікавала першы верш Купалы, і сядзіба літаратара Янкі Лучыны, што размяшчаліся тут. На іх месцы сёння — Дом культуры ветэранаў.

Гайд па Менску

Дзе падзівіцца на алігархаў?

  • На Ю’рьеўскай мелі свае дамы-палацы гарэлачныя манапалісты браты Ракаўшчыковы і запалкавы кароль дарэвалюцыйнай Беларусі Берка Саламонаў, які ў 1891 годзе заснаваў славутую барысаўскую запалкавую фабрыку.

Дзе патусіць?

  • У доме Сагаловіча, на Юр’еўскай, 17, існаваў вядомы клуб «Акварыум» — музычны рэстаран-тэатр. У «Акварыуме» штодня даваў канцэрты струнны аркестр з 15-ці музыкаў. Праграма абнаўлялася кожныя 5 дзён. Уваходны квіток каштаваў 50 капеек. Надзвычай папулярнымі ў «Акварыуме» былі выступы акцёра Вацлаўскага, які выконваў нумары ў жаночых уборах.
  • На досвітку, калі 4-х раніцы «Акварыум» зачынялі, а ахвотныя да прыгодаў выпраўляліся ў раён «чырвоных ліхтароў» на вуліцы Вясёлай, што вяла праз Паліцэйскі мост над Свіслаччу.
  • У Менску адкрываліся кафэшантаны з шансанеткамі і канферансье, кабарэ на парыжскі манер з аголенымі танцоркамі. У клубах танчылі модныя тады танга, канкан, чарльстон і чачотку. Часта выступалі цыганскія хоры і танцавальныя групы, шансанеткі з Нямеччыны і аперэтачныя дзівы з Расіі, польскія куплетысты і французскія комікі, а па начах працаваў тэатр-вар’етэ. Быў і модны пераймальнік, тутэйшы «Вярцінскі» — Аметыст Матэа (Мітрафан Селівончык). Выступаў гэты ўлюбёнец мяшчанскай публікі ў белым з вялікімі чорнымі гузікамі балахоне а-ля П’еро. На твары, нафарбаваным бяліламі, графічна вылучаліся вычарчаныя чорным рысы чэрапа: «Ваши пальцы пахнут ладаном, А в ресницах спит печаль».

Гайд па Менску

Дзе паразмаўляць пра мастацтва?

  • Зусім іншая публіка збіралася ў артыстычным кафэ «Селект», у самым цэнтры горада, на вуліцы Захар’еўскай. Там ставіліся «жывыя карціны», можна было выпіць кавы ды абмяняцца думкамі. А на мастацкія выставы, што праходзілі тут, адмыслова маляваліся запрашальныя білеты. Гэта было месца для сапраўднай багемнай інтэлігенцыі. Кавярня была аздобленая першым мінскім дызайнерам Яраславам Тышынскім, гадаванцам Кракаўскай Акадэміі мастацтваў. Слынны полькі скульптар і дэкаратар Тышынскі прыехаў у Менск на запрашэнне свайго сябра, менскага архітэктара Атона Краснапольскага, дзе ён працаваў спачатку як настаўнік мастацтваў дзяцей тутэйшых арыстакратаў у розных маёнтках (Ваньковічаў, Чапскага, Прушынскага), а затым заснаваў уласную студыю скульптуры ў беларускай сталіцы.
  • У палацы Ляхоўскага на Саборнай плошчы збіралася тутэйшае артыстычнае і мастакоўскае таварыства творчай моладзі Ognisko. Тут яны зладзілі грандыёзную мастацкую выставу ў 1911 годзе, дзе былі прадстаўлены 116 твораў і 47 мастакоў! Арганізатарам выставы стаў скульптар Яраслаў Тышынскі. А фотарэпартаж з гэтай выставы для прэсы зрабіў Ян Булгак, чые фотатворы таксама экспанаваліся там.

Гайд па Менску

  • На рагу вуліц Захар’еўскай і Петрапаўлаўскай (цяперашнія Незалежнасці і Энгельса) размясцілася прыватная школа мастака Якава Кругера — у трох пакоях вялікага мураванага гмаху кандытара Венгржэцкага. Унёсак Якава Кругера ў наша мастацтва сувымерны ролі Юдэля Пэна ў Віцебску, са школы малявання якога пачалося фармаванне слыннай Віцебскай школы. Сёння нават цяжка пералічыць, хто пачынаў сваё творчае сталенне пад крылом Кругера: Азгур і Ахрэмчык, Станюта і Руцай, Фімянтоўскі і Філіповіч — ледзь не палова выбітных майстроў нашага мастацтва.

Каго зафрэндзіць у фэйсбуку?

  • У згуртаванні творчае моладзі Ognisko браў чынны ўдзел менскі гімназіст, у будучым вялікі мастак і прафесар Віленскага ўніверсітэта, Фердынад Рушчыц, чые гімназічныя гады прайшлі ў нашай сталіцы.
  •  У Менску ў розныя часы працавалі такія выбітныя дойліды з Варшавы, як Герык Марконі і Тадэвуш Раствароўскі. Славуты Чырвоны касцёл у Менску будавалі Тамаш Пайдзерскі, грамадзянін Прусіі і Уладыслаў Марконі з Варшавы.Доўгі час у Менску жыў і працаваў выбітны варшаўскі дойлід Гэнрык Гай, які таксама прымаў удзел у пабудове Чырвонага касёлу, а таксама будынка Банка Польскага ў Менску ды будынка Таварыства ўзаемнага старахавання, дзе цяпер месціцца Міністэрства ўнутраных спраў. Кожны, бадай, ведае будынак па вуліцы Маркса, 30, дзе музей Петруся Броўкі, а пачаткова гэта быў прыватны дом Гая і офіс ягонага праектнага бюро «Гай, Свянціцкі & Co».
  • У 1901 у Менск прыехала выбітная ўкраінская паэтка Леся Ўкраінка — да ўжо смяротна хворага каханага, пражыўшы пры ім колькі халодных месяцаў. Гэта быў Сярей Мяржынскі, сацыял-дэмакрат, які арганізаваў той самы першы з’езд РСДРП у зялёным дамку. На самым схіле ягонага кароткага жыцця ўкраінская паэтка напісала тут магутную паэму «Апантаная», якую ёй, нібы, надыктаваў сам князь цемры… Як яна згадвала празней: «…Я яе ў такую ноч пісала, пасля якой, мабыць, буду доўга жыць, калі ўжо тады жывая засталася… Калі б мяне хто-небудзь спытаў, як я з усяго жывая выйшла, то я б таксама магла адказаць: J’en ai fait un drame…»
  • Мінск пачатку XX стагоддзя — гэта цэлае сузор’е мастакоў: Ферыднанд Рушчыц, Ігнат Яроменка, Эраст Сукоўскі, Зянон Ленскі, Мікалай Бонч-Асмалоўскі, Дзмітрый Полазаў, Янкель Кругер, Леў Альпяровіч, Яраслаў Тышынскі, Пальміра Мрачкоўская, Атон Краснапольскі, будучыя класікі еўрапейскага мастацтва Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Уладыслаў Стрэмінскі.
  • Тут напярэдадні Першай сусветнай вайны жылі класікі беларускай асветы, літаратуры і тэатра Максім Багдановіч, Альберт Паўловіч, Алесь Бурбіс, Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, Рамуальд Зямкевіч, Фабіян Шантыр.
Тэкст:
  • Сяргей Харэўскі
+

Вам срочно нужна квартира на сутки в Барановичи? Не переживайте, наш сайт предоставляет вашему вниманию множество отличных предложений, чтобы Вы смогли максимально быстро и выгодно, а главное, без посредников снять квартиру в Барановичах. Более детальную информацию вы можете получить на нашем сайте: sutkibaranki.by

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/