Фрыкі. Калонка Адама Глобуса
8 сентября 2014 Колонки

Фрыкі. Калонка Адама Глобуса

+

Мы папрасілі пісьменніка Адама Глобуса напісаць калонку, а ён прыслаў нам урывак са сваёй неапублікаванай яшчэ кнігі «Тыпы — беларускія твары», што, у прынцыпе, таксама няблага.

Правінцыялка

Яна нарадзілася ў вёсцы. Яна хавае той факт, што нарадзілася ў вёсцы. Бацькі пераехалі з вёскі ў гарадок. Яна нікому не кажа, што дзяцінства правяла ў правінцыйным гарадку. Бацькоў яна саромеецца. Асабліва ёй сорамна за маці. Вераніка (так завуць тутэйшую правінцыялку) пераканана, што мае за маці брыдкую брудную брутальную дурніцу. Сябе яна лічыць прагажуняй і таму — бясконца фатаграфуецца. Яна фатаграфуецца і выстаўляе здымкі ў сацыяльных сетках. Яна перафатаграфавала сябе ўсю, дэталёва, да розных драбніцаў. Вераніка нават сфоткала дзірку ва ўласнай дупе. Сфатаграфавала і выставіла на агульны прагляд. Ёй не сорамна выстаўляць на агульны прагляд свой неадбелены анус. Так і пісалі каментатары… Як табе не сорамна фоткацца з неадбеленым і незапудраным анусам? Ёй не сорамна за свой цёмны анус. Ёй сорамна за механізатара бацьку і санітарку маці. Ёй сорамна за сваю змрочную вёску і свой цёмны гарадок. Анус яна прывядзе ў парадак. Заробіць грошы, знойдзе спецоў, і ў яе партфоліа з’явяцца здымкі з новымі якасцямі маладога, усё яшчэ маладога, амаль зусім маладога цела. Сталіца дазнаецца пра сваю новую гераіню і яе адбелены беларускі анус.

Правінцыял

Правінцыял замест таго каб трымаць рытм — зацягвае паўзу. Замест сціпласці ў апрананні ён спрабуе дэманстраваць выключнасць. Ягоны гардэроб перапоўнены маднаватымі рэчамі прамінулых сезонаў. Ён ганарыцца сваімі сіваватымі вусамі і пухнатымі бакенбардамі. Ганарыцца ён і капелюшом, і макінтошам, і стракатым у агуркі шаўковым шалікам. Ганарыцца і ботамі з металічнымі спражкамі. Найбольш правінцыял ганарыцца сваім не абы якім паходжаннем. Такі абавязкова скажа, што мае блакітную шляхетную ці густую дваранскую кроў. Ён і доказы прывядзе з выпіскамі з нейкіх сумнеўных кніжак малавядомых аўтараў. У такога нават ёсць набор старых фотаздымкаў з добра апранутымі сталічнымі сваякамі. Заможныя сваякі нашага беларускага правінцыяла жылі, можаш і не сумнявацца, у сталіцы, у якой Маскве ці Варшаве, а можа, і ў недалёкай Вільні. Таму, седзячы пад Мастамі, ён будзе выдаваць паўграфаманскі альманах з назваю «Варшаўская скарбонка» ці «Славянская шафа». У тым альманаху, як на сметніку, будзе амаль усё, акрамя гумару. Правінцыял не любіць гумар, пагатоў не шануе іронію ды сарказм. Правінцыял — чалавек сур’ёзны, і ў гэтай сваёй сур’ёзнасці смешны, як дзіця, перапэцканае шакаладам.

+