«Давядзецца шукаць новыя вобразы пекла». Калонка Адама Глобуса
20 октября 2014 Колонки

«Давядзецца шукаць новыя вобразы пекла». Калонка Адама Глобуса

+

Пісьменнік Адам Глобус вымушаны маляваць свет нанава, бо раптам апынулася, што карціны мінулага, ужо не адпавядаюць дабру і злу сучаснасці.

Свет змяняецца несупынна. Змяняецца да непазнавальнасці. Мы ўсе сведкі бясконцых дробных метамарфозаў. Ёсць моманты, калі ты робішся сведкам кардынальнай змены ўсяго навокал. Падобнае здарылася і са мной. Пачалося ўсё з карціны. У кожнага мастака ёсць некалькі ўлюбёных сюжэтаў. Я не выключэнне — усё жыццё пішу і малюю таемную вячэру з апосталамі і Хрыстом. Як пачаў на другім курсе мастацкай вучэльні, так і працягваю яе маляваць. Мне падабаецца суворы, чыста мужчынскі сюжэт — настаўнік з вучнямі адзначае свята. Яны п’юць віно, закусваюць горкімі травамі і вядуць гутаркі пра дабро і зло, пра здраду і адданасць. Аднаго разу я на маленькім  палатне пачаў пісаць сваю чарговую варыяцыю з таемнай вячэрай. Як кажуць мастакі, «раскрыў палатно», палюбаваўся зробленым і сабраўся сыходзіць з майстэрні, але нейкая сіла спыніла мяне і прымусіла яшчэ колькі хвілін пастаяць каля мальберта і падумаць пра новую-старую-вечную карціну. Калі я выйшаў з майстэрні і пачаў спускацца ў метро, дык убачыў чалавека, перапэцканага ў зямлю з ног да галавы. Ён быў падобны да кінакарціннага зомбі.

Я спыніўся і хацеў сказаць мінакам, што па Мінску такія земляныя людзі раней не хадзілі. Азірнуўся і ўтрупянеў. Вакол мяне ледзь не ўсе мінакі былі абсыпаны цёмнай зямлёй.

Яны моўчкі, спешным крокам выходзілі з метро. Першая думка — я звар’яцеў. Другая думка — нейкім неверагодным чынам я патрапіў у пекла. Трэцяя думка — узарвалася метро. Пакуль я стаяў каля палатна з таемнай вячэрай, пад домам з маёй майстэрняй, на станцыі метро, адбыўся выбух. Каб я не затрымаўся, каб пайшоў у метро, як хадзіў заўсёды, дык акурат патрапіў бы ў моцны выбух, зладжаны віцебскімі тэрарыстамі. Пашанцавала, не стаў ахвярай, стаў адно сведкам. Пасля ўсяго пабачанага, перажытага і перадуманага цяжка было зноў зайсці ў метро. Здавалася, што на станцыі я пабачу страшны іншы зменены свет. Не пабачыў. Свет не змяніўся. Я ўглядаўся ў падноўленую на месцы выбуху падлогу, узіраўся ў сляды выбуху на калонах. Сляды былі, але сам свет заставаўся старым і зразумелым. Я амаль супакоіўся. Запісаў свае размовы з іншымі сведкамі і ахвярамі тэракту. Акуратна выклаў у інтэрнэт зроблены фотарэпартаж. Пачаў новае чарговае палатно з таемнай вячэрай. Здавалася, што ўражанні пра тэракт паціху сыдуць у мінулае і забудуцца. Толькі здавалася…

illustration_1iiiii

Аднаго разу я спакойна ішоў да выхаду з метро і раптам убачыў замест свайго добрага знаёмага карыкатуру на яго. Ад знаёмага засталіся непамерна вялікія чаравікі, чырвоны нос п’яніцы і натапыраныя вусы. Астатнія дэталі прапалі. Ад такога відовішча я сумеўся. Нават не стаў вітацца са знаёмым. Пайшоў у майстэрню і хуценька намаляваў карыкатуру. Я намаляваў карыкатуру і зразумеў, што свет вакол мяне змяніўся. Ён зрабіўся іншы. У гэтым свеце мне давядзецца ўсё пачынаць наноў. Усё наноў перамалёўваць. Давядзецца шукаць новыя вобразы пекла і новыя вобразы райскіх мясцін. Нават зло і дабро ў змененым свеце будуць выглядаць інакш. Каб мне хто сказаў, што новы свет з’яўляецца да мастака ў карыкатурным выглядзе, я б не паверыў. Дапускаю, што нехта, можа, нават і ты сам, не адразу паверыць мне. Адразу і не трэба.

Ілюстрацыя:
  • Кацярына Сцепаненка
+