Шосты фестываль AD.NAK!: годны шлях рэкламіста
17 апреля 2015 Новости партнеров

Шосты фестываль AD.NAK!: годны шлях рэкламіста

+

16 красавіка стартуе ўжо Шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! З 20 красавіка да 1 чэрвеня будзе адкрыты прыём працаў ад удзельнікаў Фестывалю, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 2 ліпеня у Мінску. Як заўсёды, удзел у Фестывалі бясплатны.

Кожны год Фестываль прадукуе новую ідэю, звяртае ўвагу грамадскасці на розныя актуальныя пытанні камунікацыі і рэкламы. Асноўная канцэпцыя сёлетняга Шостага AD.NAK! — “Годны шлях рэкламіста”.

На думку каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніны Шыдлоўскай, Фестываль ужо прайшоў пэўны шлях і стаў актуальнай з’явай беларускага жыцця, таму надышоў час звярнуць увагу на асобу стваральніка рэкламы. “Рэкламны і – шырэй – культурніцкі прадукт робяць канкрэтныя людзі. Ад іх майстэрства, каштоўнасцяў і светапогляду залежыць шмат. Таму ў цэнтры ўвагі сёлетняга Фестывалю – асоба самога стваральніка. Кожны рэкламіст праходзіць свой індывідуальны шлях да поспеху, да ўнікальнай ідэі. Спачатку – пошукі і сумневы, потым – канцэпцыя і ў выніку – вось ён, працоўны варыянт. Такі шлях праходзіць цяпер і нашая рэклама: ад нясмелых спробаў, сумневаў, ці варта рэкламавацца па-беларуску, да таго самага моманту, калі ты не баішся на поўны голас заявіць пра сябе як пра стваральніка беларускай рэкламы”.

01

Шосты феcтываль AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!

Генеральным партнёрам Фестывалю другі год запар выступіла кампанія velcom. Дзякуючы такой падтрымцы Фестываль, як заўсёды, пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні, а пераможцы атрымаюць адметныя ўзнагароды.

Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Шостага фестывалю AD.NAK! пачынаецца 16 красавіка. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 1 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю – урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай – пройдзе 2 ліпеня ў Мінску.

Падчас традыцыйнай (як і штогод, адметнай) адукацыйнай праграмы арганізатары Шостага AD.NAK! вырашылі трымацца сусветных тэндэнцый і выйсці за межы рэкламнай галіны. У гэтым годзе акрамя рэкламістаў спікерамі на адукацыйнай праграме будуць вядомыя літаратары, творцы і фатографы з Беларусі, Францыі і Літвы. Разам з удзельнікамі яны паразважаюць пра свет вакол нас, у якім мы ўсе разам мусім ствараць і ісці сваім годным шляхам.

+