«Спяваць народныя песні ў джынсах няёмка». Размова з беларусам, які жыве за 5000 кіламетраў ад Мінска
25 марта 2015 Интервью

«Спяваць народныя песні ў джынсах няёмка». Размова з беларусам, які жыве за 5000 кіламетраў ад Мінска

+

Алег Рудакоў — самы галоўны беларус Іркуцка. У свой час ён стварыў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я. Д. Чэрскага.

«Большой» сустрэўся з Алегам падчас экспедыцыі да полюсу холада і ён на чыстай беларускай мове распавёў, як не забыць, дзе ты нарадзіўся, калі гадамі жывеш у іншай краіне.

as-1

Пасля адмены прыгоннага права беларусам асабліва не хапала зямлі. Куды дзявацца? Агітатары крычаць: «У Сібіры зямлі навалам, яшчэ пад’ёмныя вам дадуць». З 1902 па 1912 год на тэрыторыі ад Урала да Байкала перасялілася тры мільёны чалавек, з іх палова — беларусы. Менавіта ў Іркуцкай губерні ў выніку сталыпінскай рэформы з’явілася трыста тысяч беларусаў. Гэта вельмі шмат! На жаль, большасць з іх ужо асіміляваныя.

as-2

У вёсцы Андрушына Куйтунскага раёна было два вуглы: адзін канец вёскі заселены гарадзенцамі, другі — віцяблянамі. Спачатку яны паміж сабой біліся. «Каб наша дзеўка пайшла на той канец замуж? Барані божа! Ад яе ўсе сваякі адракуцца».

as-3

Я нарадзіўся ў вёсцы пад Полацкам. Стаў шчырым беларусам у савецкія часы, бо чытаў шмат беларускіх класікаў. Спачатку, як усе з вёскі, размаўляў на трасянцы. У Полацку «культурныя» з мяне смяяліся: «Деревня, давай по-нормальному разговаривай!» Але я пачаў размаўляць па-беларуску. За гэта мяне паважалі. У маім жыцці было шмат выпадкаў, калі мяне пачыналі паважаць за тое, што з гонарам называў сябе беларусам.

Олег-Рудаков-3

as-4

Усіх беларусаў-каталікоў лёгка запісваюць у палякі. Раней не казалі «католікі», «праваслаўныя», а людзі «польскай веры» і «рускай веры». Калі ты польскай веры, дык паляк, калі рускай — дык рускі. А дзе беларусы? Невядома дзе! У асноўным беларусаў лічаць за працавітых і добрасумленных людзей. Калі зараз прыязджаеш у сібірскую беларускую вёску, бачыш там парадак. Вуліцы прамыя, як арнамент беларускі.

as-5

Выпадак: прыйшлі калядаваць у сям’ю, дзе была старая бабулька. Сядзіць на ложку, ледзь трымаецца. Мы жартуем, спяваем, а яна пачынае плакаць: «Вось бачыш, дачушка, гэта ж калі я была маладая, мы так сама калядавалі. Думала, ужо памру ды й не ўбачу калядоўшчыкаў».


as-6

Прыехалі ў вёску Марыінск Заларынскага раёна, пытаемся ў бабулькі з беларусаў: «Якія танцы вы раней танцавалі?» — «Ну, кракавяк». Тлумачыць нешта, спрабую з дзяўчынай паўтарыць. «Не, не так», — устала, адштурхнула дзяўчыну (тая ледзь у плот не ўрэзалася), узяла мяне пад руку ды станчыла. Я прадэманстраваў гэты запіс спецыялістам у Беларусі, тыя кажуць: «Цікавы варыянт, мы такога нават не бачылі».

Олег-Рудаков-4

as-7

Спяваць беларускія народныя песні ў джынсах няёмка. Калі першы раз мы сабраліся на Купалле, я адзін быў у кашулі. Зараз у кожнага, хто ў актыве таварыства, ёсць свой нацыянальны строй, ды не адзін. У Іркуцку з’явілася мода на нацыянальную кашулю, на беларускасць. У нас дзве самастойныя арганізацыі, якія прасоўваюць беларускую культуру, ды па ўсёй вобласці з’ўляюцца гурты.

as-8

У актыве нашага клуба ёсць дзяўчына, якая мае башкірскія карані, але спявае беларускія песні, ходзіць у беларускім строі і вышывае кашулі. Яна большая беларуска, чым нейкі там абывацель з Беларусі. Яна прасякнулася беларускай культурай. І такіх людзей у Сібіры шмат.

+