Доктар-іншапланетнік Бахарэвіч
12 октября 2010 Интервью

Доктар-іншапланетнік Бахарэвіч

+
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч асеў у Гамбургу і вывучае бюргерскі лад жыцця. У інтэрв’ю «Большому» творца ўзгадаў пра сваё дзяцінства, распавёў, чаму піша па-беларуску і адчувае сябе госцем паўсюль, як звязаў літаратуру з медыцынай, і выказаў меркаванне, што свет хворы на глісты.

— Альгерд, калі ты пачаў пісаць? І калі ўпершыню ўсвядоміў сябе пісьменнікам?

— Пісаць я пачаў прыкладна ў тым самым узросце, калі і чытаць — гадоў так у 5-6. Мая цётка працавала ў адной маленькай бібліятэцы ў Дражні і часта брала мяне з сабой. Я мог чытаць, што хацеў і колькі хацеў. Гэты зялёны драўляны дом з падгнілым ганкам (цікава, ці стаіць ён там яшчэ?) стаўся для мяне чымсьці кшталту хаткі, у якую трапілі Гэнзэль і Грэтэль, бо пазбавіцца прыцягнення бібліятэкі я быў ужо няздольны.

Напэўна, з таго часу літаратура і ўвайшла ў маё жыццё як нешта магічнае, не падуладнае звыклым законам. Я практычна адразу ж стаў тым, каго называюць паглынальнікам кніг, паглынальнікам хцівым і драпежным, я чытаў усё без разбору — цяпер я разумею, што толькі такім чынам можна выпрацаваць у сабе літаратурны густ.

Калі мне было 16, напісаў апавяданне па-беларуску. Былі яшчэ мае цалкам сюрэалістычныя сачыненні, якія ўрачыста зачытвалі перад усiм класам. На першым курсе педуніверсітэту журналіст Паўлюк Быкоўскі літаральна за руку прыцягнуў мяне ў нядаўна створаны часопіс «Першацвет» — было пры ім такое сабе літаб’яднанне, якое наведвалі і жук і жаба. Там я пазнаёміўся з Іллём Сінам і Сержуком Мінскевічам, а потым — з усёй астатняй хеўрай, якую цяпер называюць «пакаленнем Бум-Бам-Літу». Мы спрабавалі здзейсніць Вялікую літаратурную рэвалюцыю — ці атрымалася ў нас нешта, апрача бунту, не ведаю.

Я ўсвядоміў сябе пісьменнікам толькі тады, калі перастаў пераймаць іншых, калі мне захацелася быць падобным толькі на сябе, быць сабою, пісаць не пад кагосьці, а выключна так, як хачу я сам. З таго часу пачалося маё аўтаномнае плаванне. І было гэта дзесяць гадоў таму.

— Ты некалькі гадоў жывеш у Нямеччыне. Як можаш вызначыць, ці ўплывае асяроддзе на літаратуру? Як змяніліся твае тэксты?

— У свой першы год у Нямеччыне я напісаў раман «Сарока на шыбеніцы». Тады я яшчэ меў зусім свежы беларускі досвед, выбуховую сумесь горкай любові і святой нянавісці, меў незагойныя беларускія раны, меў, так бы мовіць, жывую, незакансерваваную крыў ду, якая дапамагала мне працаваць над кнігай і давала права на любыя параўнанні. З адлегласці мне раптам стала відаць значна больш, чым я мог бачыць, жывучы на радзіме, знаходзячыся ўшчыльную да так званай беларускай рэчаіснасці. Гэта выдатнае становішча для творчасці: вакол балючая навізна, чысціня пачуццяў гарантаваная, кантраст агаляе самыя дробныя дэталі, новая перспектыва змяняе твой зрок, а за ім і голас… На жаль, гэты пэрыяд хутка канчаецца.

Ты пакрысе пачынаеш абжывацца і праз некалькі год заўважаеш, што ўжо не ўсе беларускія рэаліі табе знаёмыя, што не можаш з дакладнасцю сказаць, па якім маршруце ходзіць у Мінску той ці іншы тралейбус і дзе палягае мяжа паміж тваімі двума дзіўнымі жыццямі, дзе ты дома, а дзе — у гасцях: атрымліваецца, што ты ў гасцях і там, і тут, і паўсюль. Зрэшты, для творчасці гэта таксама няблага — пазбаўляе адчування фальшывай утульнасці, якому хочацца часам паддацца.

У маіх тэкстах паціху становіцца ўсё больш замежных дэкарацый, што вытлумачальна. Большую ролю сталі адыгрываць успаміны — але ў мяне іх багата; казаць пра тое, што я пачаў забываць Беларусь, рана. Вельмі важна і тое, што тут нарэшце вырываешся з вузкага і страшнага каля расійскага культурнага кантэксту, з расійскага інфармацыйнага поля, пачынаеш бачыць далей і шырэй. У маіх кнігах стала менш хаосу, тэксты сталі, як мне здаецца, больш удалыя па структуры.

Тут менш сустракаешся са стрэсамі і прыніжэннямі, адчуваеш сябе ў большай бяспецы — таму я паспакайнеў і пішу больш разважліва. Я маю на ўвазе толькі інтанацыю тэкстаў і іх структуру — ніякага прымірэння з рэчаіснасцю, на шчасце, пакуль не адбылося. Калі адбудзецца — тады будзе тупік, канец, смерць.

— Эміграцыя накладае адбітак на мову і ментальнасць. Набокаў пачаў пісаць па-англійску. З 1937 года не стварыў ніводнага рамана на рускай мове. Бродскі спрабаваў, але, прынамсі з паэзіяй, не атрымалася. Даўлатаў увогуле моцна не напружваўся — пісаў на роднай мове. Ты пішаш па-беларуску. Што збіраешся рабіць далей?

— Збіраюся і далей пісаць. Пісаць па-беларуску. Мне падабаецца пачувацца іншапланетнікам. Збіраюся рабіць малыя і вялікія цуды. Напрыклад, выдаць увосень у Нямеччыне раман, перакладзены наўпрост з беларускай, чаго дагэтуль яшчэ ніколі не здаралася, так што мы з маім перакладчыкам Томасам Вайлерам тут, бадай, першаадкрывальнікі. Прадэманстраваць, што і ў загадкавай цёмнай Вайсрусланд, якая, як мы ўсе ведаем, знаходзіцца недзе побач з В’етнамам, ёсць літаратура. Жывучы тут, бярэш на сябе міжволі пэўную місію — знаёміць са сваёй краінай. Мне гэта не вельмі да спадобы, але што паробіш.

Цяперашні свет — ужо не той, у якім жылі згаданыя табой пісьменнікі…

Менш палітычнай кан’юнктуры, больш перакладчыкаў, адмысловых праграм, фестываляў, семінараў, чытанняў, паўсюль мультыкультуралізм, цікавасць да іншых культур і моў. Трэба разумець, хто твой чытач, і мець добрых перакладчыкаў. Тады не будуць замінаць ні мова, ні ментальнасць.

Набокаў, Бродскі, Даўлатаў… Прынамсі, Набокава і Бродскага я лічу геніямі, але ўсе яны былі рускія, яны лічылі, што ўцяклі ад імперыі, а насамрэч яна заставалася з імі да самага іхняга скону. Цікавасць да Расіі, даследванні Расіі ніколі не перапыняліся. У беларускага літаратара сваёй імперыі за спінай няма, у яго іншы шлях. Прыкладна той, па якім ідуць албанцы. Каб пісаць на сваёй мове і быць удзельнікамі сусветнай літаратурнай гульні, трэба падтрымліваць перакладчыкаў, зацікаўліваць іх, трэба ствараць цэлыя школы перакладу з беларускай. Для гэтага неабходна адкінуць пыху і фанабэрыстасць, стаць адкрытымі да свету, прызнаць нарэшце, што ніякай Вялікай Беларускай Літаратуры XIX-XX стагоддзяў, нібыта несправядліва не заўважанай светам, ніколі не было, што мы маем такія самыя шанцы, як і ўсе: адвечныя 50 на 50, таленты супраць няздараў, ніякіх уяўных заслуг. І яшчэ — перастаць мераць усё расійскімі меркамі.

— Ці адрозніваецца сітуацыя ў беларускай і нямецкай літаратуры? Альбо тыя ж самыя кніжкі ў 500 асобнікаў і чытанкі перад дзесяццю студэнтамі філфака?

— У Беларусі, наколькі я ведаю, бывае па-рознаму. Я прысутнічаў і на такіх чытаннях у Мінску, паслухаць якія збіралася больш за сотню чалавек, не менш, чым у Нямеччыне (ды і ўдзельнічаць даводзілася ў гэткіх імпрэзах). Цікавасць да сваёй літаратуры ў Беларусі ёсць — але, вядома, не да той, якую выкладаюць у школах, і не да той, якую прапануюць дзяржава, ЛіМ і, зрэдку, беларускае тэлебачанне. Цікавасць ёсць да іншай беларускай літаратуры, назваць якую альтэрнатыўнай або маргінальнай язык не паварочваецца, бо якраз яна і ёсць сёння адзінай сапраўднай.

Мне здаецца, тыя праславутыя 500 асобнікаў, пра якія ты згадаў, адлюстроўваюць найперш стан беларускай мовы, а не літаратуры. Параўнаем колькасць нямецкамоўных і беларускамоўных: першых — сто мільёнаў, другіх — добра калі некалькі дзясяткаў тысяч. Калі б, не дай Божа, нямецкамоўных было столькі ж, колькі нас, то і ў іх сярэдні наклад быў бы такі самы.

Так што, у той лічбе 500 — праўда пра нашу мову і нічога болей. І дваццаць гадоў таму гэтая праўда выглядала непараўнальна горш. Так, кніг па-беларуску друкавалася тады болей, але ці чытаў іх хтосьці?

У Нямеччыне толькі самыя папулярныя аўтары збіраюць поўныя залы і друкуюцца вялікімі накладамі, астатнія праводзяць камерныя вечарыны, дзе малая колькасць чытачоў-слухачоў кампенсуецца шчырай зацікаўленасцю і файнай творчай атмасферай.

— Пасля «Сарокі на шыбеніцы» і перакладу казкі Вільгельма Гаўфа «Халоднае сэрца» ты рыхтуеш да публікацыі «Малую медычную энцыклапедыю Бахарэвіча». Калі і дзе яна выйдзе?

— Мяркую, што на пачатку наступнага году. Выданнем, верагодней за ўсё, зоймецца радыё «Свабода». Апошнюю кропку ў энцыклапедыі я планую паставіць напярэдадні калядаў.

— Артыкулы з тваёй будучай «энцыклапедыі» ўжо сёння можна прачытаць у Інтэрнэце. У іх ты міфалагізуеш сімптомы і захворванні, ператвараеш апноэ (спыненне дыхальных шляхоў — нататак аўтара) у дух, які блукае па кватэры. Пераводзіш праблемы фізіялогіі ў сферу праблем быцця. Што цябе падштурхнула да напісання «энцыклапедыі»?

— Мне ўжо даўно хацелася паспрабаваць сябе ў эсэістыцы. Летась напісаў тэкст пад назвай «Гербэрт Уэлс, заслужаны настаўнік БССР», які выйшаў нядаўна ў Расіі ў перакладзе Святланы Бунінай — мне спадабаўся гэты жанр, і калі «Свабода» прапанавала мне весці ў іх на сайце ММЭ, я пагадзіўся, амаль не раздумваючы. Мая малая медычная энцыклапедыя — гэта ж, па сутнасці, і ёсць цыкл эсэ. Напісаных з пункту погляду хворага чалавека, які катэгарычна адмаўляецца лячыцца і які да хваробаў, як і да дактароў, ставіцца па-філасофску.

Філасофію яго можна было б коратка выказаць словамі аднаго мудраца: «Я маю масу шкодных звычак і дажыў да шасцідзесяці гадоў. Вы хочаце сказаць, што калі б я адмовіўся ад тых звычак, мне зараз было б семдзесят?» Мне здаецца, нашае жыццё абумоўлена фізіялагічна ў значна большай ступені, чым падаецца на першы погляд. Карані нават самых значных падзей хаваюцца часцей за ўсё ў нас саміх — не ў пераносным сэнсе, а ў самым прамым.

Я люблю медыцыну жарснай любоўю старэючага дылетанта. Як пісьменнік, я бачу, як у кожным з нас, па абодва бакі скуры, штодня знікаюць тысячы сюжэтаў, сотні дэтэктываў, трылераў, камедый. Як чалавек, які ніколі не дбаў пра ўласнае здароўе, я маю даволі багаты досвед пацыента, якім мне не сорамна падзяліцца. Упершыню я пішу кнігу, якая датычыць кожнага, не выключаючы і мяне, і гэта дзіўнае адчуванне.

Апроч таго, мне цікава патлумачыць літаратуру з дапамогай медыцыны. Можа быць, гэта бессэнсоўна, можа быць, гэта тое самае, што лавіць у вадзе адбітак месяца… Але мне падабаецца рабіць бессэнсоўныя рэчы, толькі яны і ёсць мастацтва. Дый ці больш сэнсу ў чыстай літаратуры — найумоўнейшым з заняткаў? Ці ў медыцыне — усё адно ж усё для ўсіх скончыцца кепска?

— Пытанне як да «медыцынскага» спецыяліста: на што хворы свет?

— Нічога страшнага. Па-мойму, у яго проста глісты.

+

Вам срочно нужна квартира на сутки в Барановичи? Не переживайте, наш сайт предоставляет вашему вниманию множество отличных предложений, чтобы Вы смогли максимально быстро и выгодно, а главное, без посредников снять квартиру в Барановичах. Более детальную информацию вы можете получить на нашем сайте: sutkibaranki.by

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/