Доктар навук Міхась Міцкевіч: «Самае страшнае для народа —  заняпад культуры»
3 мая 2013 Интервью

Доктар навук Міхась Міцкевіч: «Самае страшнае для народа — заняпад культуры»

+

Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч — малодшы сын вядомага ўсім пісьменніка Якуба Коласа — распавёў «Большому» шмат цікавага: пра бацьку-класіка, смерць Купалы і пра тое, што рускія і беларусы — народы не такія ўжо і родныя.

XТО: вядомы сын слыннага бацькі
ЧАМУ: бо «Большой» усведамляе, што такіх людзей усё меньш
ЗВЯРНУЦЬ УВАГУ: «Не ведаеш дзвюх моў — злазь з даху!»

— Міхась Канстанцінавіч, якім бацькам быў Якуб Колас?
— Добрым, чуллівым, клапатлівым. Канешне, часу займацца з намі было не шмат, бо па сутнасці ўсё жыццё яго складала пісьменніцкая і грамадская работа. Але ўлетку ён стараўся вывезці сям’ю за горад, размясціцца так, каб побач былі рэчка, лес… Колас душой быў вельмі блізкі да прыроды, таму стараўся прышчапіць любоў да яе і нам.

— А калі вы бачылі, што баць­ка шмат піша, у самога не ўзнікала жадання стаць пісьменнікам?
— Ну што вы, у мяне іншыя былі тады інтарэсы. Мы, малыя, цікавіліся птушкамі, звярамі, займаліся сваімі школьнымі справамі. Маці вельмі хацела, каб я навучыўся іграць на скрыпцы, а ў мяне слыху не было зусім. Аднак дзякуючы таму, што некалькі гадоў усё ж такі папілікаў — палюбіў сапраўдную класічную музыку і вось цяпер проста перажываю, калі слухаю бардак, які ідзе з эстрады. Безгалосыя, з дурацкімі словамі, выкручваюцца — ідыятызм, агідна глядзець… А музыка ж тым часам такая багатая. Дома ў нас у пачатку 1930-х гадоў гучалі цудоўныя народныя песні, рускія рамансы. Мой дзядзька быў добры тэнар, спяваў Гурылёва, Булахова, Варламава. Сам Колас вельмі любіў слухаць песні паўднёвых славян. Вось гэта музыка, а цяпер….

— Дарэчы, калі гаворка зайшла пра 1930-я гады, мяне цікавіць пытанне: як Коласу ўдалося пазбегнуць рэпрэсій?
— Як? Цяжка сказаць. На яго было больш за 20 даносаў. Наркамам унутраных спраў БССР тады быў Наседкін, патрабаваў арыштоўваць усіх. 90% пісьменнікаў былі расстраляныя і рэпрэсаваныя, сярод выкладчыкаў і настаўнікаў было вынішчана 80%, такім чынам, разам каля 60% інтэлігенцыі было загублена. Ва Украіне гэтая лічба даходзіць да 40%, у Расіі — да 20%. У Беларусі быў самы сапраўдны генацыд супраць інтэлігенцыі. Відаць, тады ў Сталіна было меркаванне, што людзі, выхаваныя на дэмакратычных асновах, заўсёды будуць ставіць пад сумненне дзяржаўную праграму, таму іх трэба знішчыць і падрыхтаваць тых, якія б верылі без ваганняў.
Ведаеце, немцы не прынеслі столькі шкоды, колькі савецкія ўлады, знішчаючы генафонд беларусаў. Толькі ўявіце: самыя здольныя людзі выбіліся з тоўшчы слаёў — і іх ліквідавалі. Цяпер трэба чакаць некалькі пакаленняў, каб зноў з’явіліся такія таленты. Гэта вельмі няпроста, гэта селекцыя, як і ў любой галіне прыроды.

Калі ў гэтых варунках паглядзець на Расію, робіцца відавочным, што няма ў яе перспектывы вырвацца ў лідары. Альберт Кох меў рацыю, калі напісаў, што Расія і праз гадоў 150-200 наўрад ці падымецца на былы імперскі ўзровень. Спачатку яго высмеялі, а пасля папрасілі растлумачыць — чаму? Быў прыведзены цэлы згустак прычын, сярод якіх безыдэйнасць, п’янства. Відаць, Расія прайшла свой пік як Імперыя, і таму размовы пра яе веліч — дутыя. Палітыкі чапляюцца за мінулае, але трэба глядзець у рэальнасць. Канешне, яшчэ можна было б штосьці паправіць, але для гэтага патрабуюцца вельмі вялікія намаганні. Самае страшнае для народа — заняпад культуры.

Губерман трапна заўважыў:

«Слой человека в нас чуть-чуть
Наслоен зыбко и тревожно;
Легко в скотину нас вернуть
Поднять обратно очень сложно!
»

Патрабаваць, каб чыноўнікі, кіраўнікі вольна размаўлялі на дзвюх мовах — рускай і беларускай.

Гэта правільная думка. Калі ідзе разбурэнне інтэлекту, культуры — народ дзічэе… Гэта ўжо рабы, а з рабамі вельмі лёгка ўправіцца.
Калі ў 1930-я гады ў Мінск прыехаў Панамарэнка, то адным з першых выклікаў Коласа, я гэта добра ведаю. Бацька прыйшоў пасля сустрэчы ўсхваляваны: «Які ў нас новы сакратар! Ён добра ведае гісторыю ВКЛ, нават пытанні на гэтую тэму задаваў!». Відаць, пытанні задаваліся, каб высветліць, як насамрэч Колас ставіцца да мінулага. Панамарэнка быў разумны чалавек, хоць і жорсткі. Ён сумняваўся, прымаючы рашэнне па «беларускім пытанні» ў краіне, таму і напісаў ліст Сталіну, каб параіцца: што рабіць з мовай? Закрываць школы палітычна няправільна, трэба будаваць новыя, рускія. Што рабіць з пісьменнікамі, на якіх ёсць многа паказанняў: яны і нацыянал-фашысты, і звязаныя з польскай разведкай шпіёны, але ў той жа час карыстаюцца вялікім аўтарытэтам і сярод народа, і сярод замежжа. Што рабіць з краінай?
Гэта быў кастрычнік 1938-га. А ў пачатку 1939 года пайшлі кампаніі ўзнагарод. Адказу на ліст Панамарэнкі Сталін так і не даў.

— А што гаварылі ў вашай сям’і пра смерць Янкі Купалы?
— Мы ведалі Янку Купалу досыць добра, ён часта прыходзіў да нас, і я бываў у яго… Што я магу сказаць… У маладосці Купала у бровары працаваў, ну і, канешне, прызвычаіўся да выпіўкі. Здароўе ў яго было слабаватае, і яшчэ такі недахоп фізічны: калі выпіваў, то траціў магчымасць каардынацыі — падаў… А лёгенькі ён быў, як пух! Я размаўляў з Лыньковым, які ў момант смерці быў з ім у Маскве — прыехаў на запрашэнне. Як распавядаў Лынькоў, яны выпілі па шклянцы шампанскага, што да гэтага Купала выпіў — невядома, але гэтага ўжо было дастаткова для яго такой неўраўнаважанасці фігуры. Потым Купалу выклікалі да тэлефона, ён ішоў па калідоры, а там гэтыя парэнчы нізенькія, каля метра. Насупраць з’явілася жанчына, магчыма, яна яго трошкі адштурхнула, ён страціў раўнавагу і паляцеў уніз. Паводле ўспамінаў Лынькова, Купала ў той час быў у добрым гуморы, таму пра самагубства і гаварыць не прыходзіцца.

Мы і з братам пасля доўга аб­мяркоўвалі гэтае пытанне. Купала быў патрэбны краіне, НКВдэшнікаў ужо не было, паэт выступаў супраць немцаў з антыфашысцкімі вершамі, з Коласам яны напісалі «Зварот да беларускага народа». Версія, што яго маглі вынішчыць, не мае лагічнай падставы. Гэта быў трагічны выпадак, заснаваны на тым, што Купала губляў раўнавагу.

— Але ці не дыскрэдытуе такая смерць імя класіка літаратуры? Атрымліваецца, што Купала — такі «малады гарэза»?
— Ну, так можа казаць і не трэба. Вось так трагічна загінуў, што тут зробіш?

— Калі гаварыць пра вас як сына вядомага пісьменніка, хочацца спытаць, ці належалі вы да асяроддзя «залатой савецкай моладзі»?
— Абсалютна не. Мне і цяпер пляваць на моду. Я гляджу на гэтых моднікаў, як на прыдуркаў. Я з жонкі заўсёды смяяўся за яе захапленне капялюшыкамі. Сын старэйшы прыйдзе, шнурочак замест гальштуку павяжа, я кажу: «Што ты робіш? — Гэта модна!». Ну, няўжо няма больш чым заняцца, чым ганяцца за модай?

— Савецкі этап Беларусі цяпер узгадваюць па-рознаму: адны жадаюць вярнуцца ў СССР, іншыя — за еўрапейскую Беларусь. Што вы можаце сказаць пра жыццё ў СССР?
— Пытанне складанае. З аднаго боку, калі б не было рэвалюцыі, Расія стала б адной з магутнейшых краін, бо ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя склаліся надзвычай спрыяльныя ўмовы для індустрыяльнага развіцця Расіі: вельмі многа таннай працоўнай сілы, дастаткова адукаваная частка інтэлігенцыі, прыродныя багацці і каласальная магчымасць атрымліваць крэдыты з Еўропы.

У часы Імперыі пабудавалі столькі чыгункі (працавалі немцы, бельгійцы, таму працэс ішоў хутка), колькі б у гады савецкай улады і блізка не ўзнікла. У сваім ваенным патэнцыяле Расія выходзіла наперад. У артылерыі былі вялікія дасягненні, будаваўся выдатны флот — афіцэрскі корпус быў з дваран, а гэта былі адукаваныя ў большасці людзі. У Першай сусветнай вайне Расія не ведала такога разгрому, як у Другой сусветнай.
Але, каб Расія так далей і развівалася, то Беларусі б не было — гэта таксама трэба разумець. Калі распалася Імперыя, узнікла магчымасць для ўтварэння БНР, але ж яе задушылі.

Калі ідзе разбурэнне інтэлекту, культуры —народ дзічэе…

— Вы верыце, што магчымасці атрымаць незалежнасць былі?
— Канешне, каб не было рэпрэсій 1938 года і засталася наша інтэлігенцыя, то ў Беларусі склаліся б самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальнай культуры, навукі і тэхнікі. А тут яшчэ і вайна прынесла вялікія разбурэнні.
Няўжо з 1938-га да 1941 года нельга было нармальна падрыхтаваць камандзіраў? У фінскай кампаніі Чырвоная армія паказала сябе абсалютна недзея­здольнай — немцы гэта таксама бачылі і скарысталіся гэтым. А самае галоўнае — людзі былі не зацікаўленыя абараняць гэтую краіну. Армія на 80% была сялянская, а ў большасці сялян падчас калектывізацыі адабралі зямлю — што ім абараняць? Што ў іх было? Канешне, былі ініцыятыўныя людзі, якія ішлі ў партызанскія атрады, а астатнія ж разбегліся. Ды і цяпер, калі раптам здарыцца вайна, хто пойдзе абараняць таго ж Пуціна?

IMG_5590

Мая жонка ва ўспамінах пра вайну (яе сям’я была між ўце­качоў) напісала, што сяляне чакалі немцаў. Вёска, дзе яны спыніліся, была голая, пустая. У жанчыны, якая іх прыняла, адна курыца неслася праз дзень — з гэтага і жылі. Акрамя таго, людзі не былі падрыхтаваныя маральна да таго, што прыйдуць «ворагі». Пры немцах школы працавалі на беларускай мове, немцы рабілі свае гаспадаркі, у тым ліку і паляўнічыя, так, як пры Сталыпіне, і давалі магчымасць працаваць. Але, з другога боку, ім патрэбна была рабская сіла, якая б абслугоўвала Германію. Канешне, пазней, відаць, далі б людзям і гарэлку, каб была магчымасць співацца, і пакінулі 30-40% нармальнага насельніцтва, каб карміць немцаў.

— «Даць магчымасць спіц­ца» — ці не тое ж самае мы назіраем і сёння?
— У пэўным сэнсе, так. Безумоўна, сёння не ставіцца пытанне генацыду, аднак, хоць і неафіцыйна, пастаўлена пытанне русіфікацыі. Не гавораць жа нам гістарычнай праўды, што рускія і беларусы — два абсалютна розныя народы. Беларусы адносяцца да індаеўрапейцаў, а рускія ў большасці сваёй — да угра-фінскай групы. Заўважце, гэта не славянская група, а асіміляваная чудзь, водзь, пермь, рзя, мардва, чувашы. Цяпер, канешне, яны выступаюць як рускія, а па генетычным кодзе да славян не адносяцца — гэта азіяты.

Падкрэслю, што і па менталітэце расіяне застаюцца таксама азіятамі, гэта абсалютна розныя фармацыі. Беларусы — еўрапейскі народ, а рускія — азіяцкі. Нават культура сялян, калі параўнаць расійскую вёску і беларускую, культура страў, абрадаў абсалютна адрозныя.

Расія прайшла свой пік як Імперыя, і таму размовы пра яе веліч — дутыя.

— Дарэчы, гэта датычыцца і мовы, праўда? Як нам быць з мовай, ці рэальна зрабіць яе асноўнай?
— Скажу, што закон аб дзвюхмоўі — здрадніцкі закон, яго трэба адмяняць. Большасць насельніцтва нашай краіны — беларускае, і гэтым усё сказана. Беларуская мова надзвычай багатая і, самае важнае, што толькі на аснове сваёй мовы магчыма развіваць культуру, мастацтва, музыку. Страта любой мовы нясе за сабой страшнейшыя страты ў культуры.

Я лічу, што другую мову ўводзяць тады, калі ставіцца задача знішчыць народ. На жаль, гэта ўплыў імперскай палітыкі Расіі, ад гэтага нікуды не падзенешся…

— Ці можам мы процістаяць ёй?
— Ведаеце, простым людзям вельмі цяжка… Адзінае, што можна зрабіць — патрабаваць, каб чыноўнікі, кіраўнікі ведалі і вольна размаўлялі на дзвюх мовах — рускай і беларускай. Не ведаеш адной з гэтых моў — злазь з даху! У Канадзе палітыкі валодаюць і англійскай, і французскай мовамі — іншага і быць не можа. Яшчэ раней вядомы паэт Расул Гамзатаў сказаў:

«Проклятье тем, кто и понятия
Иметь о чести не привык,
Проклятие, мое проклятие
Унизившим родной язык.
»

— Вы з такой любоўю гаворыце пра Беларусь. Скажыце, а які твор бацькі вам бліжэйшы да сэрца?
— «Сымон-музыка». У гэтай паэме Коласу ўдалося паказаць тое сапраўднае, што можа быць з чалавекам, калі яго недаацэньваюць. Што у гэты момант робіцца з душою! Мусіць, тое ж самае было і на душы ў бацькі! «Сымон-музыка» — гэта не проста паэма, а прыклад высокага мастацтва. Гэта кампазіцыя інтэлекту! (Пры гэтых словах на вачах Міхася Канстанцінавіча з’явіліся слёзы.)

Тэкст:
  • Вольга Губская
Фота:
  • Андрэй Тылецкі
+