Алесь Плотка: «Феміністкі круцейшыя за рэпераў, і я ведаю чаму»
10 сентября 2014 Интервью

Алесь Плотка: «Феміністкі круцейшыя за рэпераў, і я ведаю чаму»

+

Зміцер Навіцкі сустрэўся з Алесем Плоткам на прызбе рэдакцыі «Большого», каб высветліць, ці лёгка жывецца на Беларусі паэту.

ХТО: паэт пад псеўданімам Байсан
ЧАМУ: літаратуру трэба ведаць у твар
ЗВЯРНУЦЬ УВАГУ НА СКАЗ: «Закон кармы: ты робіш што можаш, а наваколле вяртае, сканвертаваўшы праз рэаліі часу»

— Янка Купала жыў з ганарараў, Хэмінгуэй пісаў у часопісы, і ўсе з гэтага жылі. З чаго жыве Алесь Плотка і іншыя беларускія паэты ў ХХІ стагоддзі?

— Ваўка ногі кормяць. Час ад часу з’яўляюцца ганарары за якую публікацыю, але іх не хопіць, каб месяц жыць у еўрапейскім горадзе — Мадрыдзе ці Парыжы. Калі па-даўлатаўскі будзе ў каго ўпісацца, то, напэўна, на ежу і рэчы першай неабходнасці хапіла б, калі жыць у Тураве.

— Ці ёсць у Беларусі хоць адзін паэт, які жыве толькі з творчасці?

— Думаю, ніводнага. Людзі зарабляюць прамежкавымі рэчамі: журналістыкай ці рэдактурай. Ведаю, што ва Украіне прыкладна тры пісьменнікі забяспечваюць сябе толькі з літаратуры: кніжкі, публікацыі, пераклады. Але паэт застаецца паэтам ва ўсіх сваіх праявах, дзе б ні працаваў. Гэта цэніцца калегамі і людзьмі побач. Такая карта лаяльнасці па жыцці — жывое золата ў кішэню не падае ад штодумкі і шторыфмы, але друкуецца, адгукаецца нейкімі бонусамі. Закон кармы: ты робіш што можаш, а наваколле вяртае, сканвертаваўшы праз рэаліі часу. Каму запрашэнне на шляхетны баль, каму — тры каністры напою ад алкагольнага брэнду. Прачытаў добра, кранула чалавека — «Сядай, паэта, за наш стол!» Прачытаў дрэнна — «Вілы ў бачыну і #давайдасвиданья».

— Чаму на Беларусі паэт не жыве, а выжывае? У тых жа Расіі і Польшчы, якія побач, ёсць шмат паэтаў, якія жывуць з выступаў і ганарараў. А ў Беларусі што? Рынку няма? Фондаў не хапае?

— Мастак і мецэнацтва, мастак і грамадства. «Як выжываць паэту?» — гэта класічнае пытанне, якое было актуальнае ва ўсе часы. Наконт рынку: не думаю, што нехта сёння ўвогуле ўспрымае беларускую літаратуру як тавар. Але за апошнія гады ні таленавітыя медыкі, ні таленавітыя фізікі не пачалi жыць лепей і іх праца як тавар не стала хітом на нашай біржы, таму становішча паэтаў не ўнікальнае і ў прынцыпе ныць не варта — пішы і друкуй. Калі ты паэт, ты ўсё роўна будзеш пісаць.

— Можа, рэч у тым, што літаратура больш не адыгрывае ранейшую ролю ў жыцці людзей? Вершы Міцкевіча пераказваліся з вуснаў у вусны, выяўлялі нейкую агульную думку, якая адгукалася рэхам у сэрцах людзей. А зараз ёсць «Фэйсбук», па сутнасці, з той жа функцыяй…

— Так, роля літаратуры змянілася, бо змяніліся каштоўнасці. Раней ты быў самы «залайканы» дзядзька, калі вучыўся ва ўніверсітэце, а ўсе хадзілі ў лапцях, а цяпер крытэрыі поспеху — гэта папулярны блог і новая машына. Наш Шэкспір — гэта Макс Корж, які «глаголом жжет сердца людей», і ў гэтым не даводзіцца сумнявацца. Ён размаўляе на адной мове з вялікай колькасцю людзей, і гэты мэсэдж ім цалкам зразумелы і гэты «часопіс» пераказваецца з вуснаў у вусны.

— Макс Корж — гэта паэт, гэта беларускі сучасны Міцкевіч?

— Халера ведае, але вельмі верагодна.

— Добра, калі Макс Корж — гэта Міцкевіч, тады давай пачнём з базісу. Паэт — гэта хто?

— Найпершфілосаф.

— Але філосаф не складае словы ў прыгожыя радкі.

Гэта чыстая механіка. Як скласці пазл. Не важна, сілабатоніка ці верлібр. Галоўнае, што ты кажаш, а не як.

DSC_7778

— Калі паэт — гэта той, хто мае філасофскую думку і можа данесці яе да людзей прыгожа, Макс Корж, здаецца, пасуе…

— Таму і робім шакуючую выснову: Макс Корж — паэт. Больш таго, рупар свайго пакалення. Пакалення Кастанеды, якое ментальна канфліктуе з пакаленнем Ерафеева. А мы з табою — недзе на сутыку гэтых генерацый і часам нецікавыя і непатрэбныя ні тым, ні іншым.

— Алесь, хочаш сказаць, што пакаленне трыццацігадовых згубленае? Я не згодны, тыя, каму зараз трыццаць — трыццаць пяць, гэта пакаленне бэбі-буму. Нас шмат, і менавіта мы цяпер у мэйнстрыме.

— Разумееш, Зміцер, трыццацігадовыя згубленыя як з’ява для шырокіх колаў. Нарадзіліся напрыканцы «саўка» і заспелі такі час, які ніхто, акрамя іх, не бачыў. Як «цы», разумееш? У «інь і ян» ёсць тое, што аб’ядноўвае чорнае і белае. Гэта «цы». Вось яна, гэтая генерацыя. Яна аб’ядноўвае савок і сучасную моладзь з Каржом.

— Добра, тады раскажы, пра што піша пакаленне «цы». Што яго турбуе?

— Пакаленне «цы» дыхае рэальным жыццём. Футболам, фэйсбукам, фантай. Нельга губляць і трэба абавязкова бачыць прыгажосць моманту: чэмпіянат па хакеі, новыя кампосцеры… Ведаеш, што самае крутое ў новых кампосцерах? Гэта адзіная рэч, зразумелая і Еўропе, і «саўку». Як у Еўропе, кампосцер набівае код, але ў той жа час робіць дзве маленькія дзірачкі для тых, хто прызвычаіўся лупіць дзірку. Чалавек, які гэта вынайшаў, я яму шчыра кажу дзякуй на увесь наклад часопіса, бо гэта класная ідэя.

Беларускі паэт — той, каму не пофіг, разумееш? Проста паеў ды паспаў, паглядзеў футбол — гэта не пра яго

— Што хвалюе цябе цяпер? Пра што ты сам пішаш?

— Пра рух. Найбольшая частка таго, што я напісаў, — з цягнікоў. Вось ты, Зміцер, чалавек-аўтамабіль, а я — чалавек-цягнік. Вагонныя, ёсць такая катэгорыя людзей. Пішу пра тое, што ёсць паміж людзьмі. Фотаздымкі, лайкі, твіты… Купала ж не ведаў аб гэтым. Я прапускаю класічныя пачуцці — боль, здрада, каханне. але праз тое, чым жыву я, праз сучаснасць.

— Як ты рэгулюеш працу і паэзію? Ці ёсць у цябе адчуванне, што ты зарабіў за месяц нейкую суму — і хопіць працаваць, каб захаваць час і чысціню душы?

— Запланаванага графіку творчага пошуку ў мяне няма.

— А жыць без працы змог бы? Займацца толькі паэзіяй?

— Усё роўна б нешта рабіў. Паэзія — рэфлексія на яву, і калі з явай не мець пункту сутыкнення, то атрымліваецца прафанацыя, а не творчасць.

DSC_7788

— Ці ёсць такое паняцце, як вобраз беларускага паэта? У савецкія часы гэта быў дысідэнт, які сядзеў на кухні, а цяпер?

— Як кажуць мае гомельскія сябры, трэба правесці акцыю «Вернем паэтаў на кухні». Я думаю, што беларускі паэт не вельмі змяніўся, толькі кухня змянілася, яна стала фэйсбукам, дзе чалавек як на далоні, а турка з кавай тыя самыя. Беларускі паэт — той, каму не пофіг, разумееш? Проста паеў ды паспаў, паглядзеў футбол — гэта не пра яго. Яму баліць, ён павінен рэфлексаваць. І дысідэнтам меншым ён не стаў, бо бачыць маразмы і роднай старонкі, і ўсяго сучаснага свету і даводзіць свае думкі можа хутчэй, а не хаваць рукапісы, каб вывезці за кардон.

— Той жа «Фэйсбук» мог бы стаць выдатным месцам для беларускага слова. Посціць туды беларускае паэтычнае слова. Ці, напрыклад, «Твітар» — вось там паэту можна разгарнуцца. Але я, як чытач, не бачу беларускіх паэтаў ні ў твітах, ні ў «Фэйсбуку». Чаму беларускія паэты не ідуць да чытача? Калі чытач не ідзе на творчую вечарыну, дык лавіце яго ў сацыяльных сетках, вы, паэты, — самі бегайце за чытачом!

— За гэтым будучыня. Усе мы там будзем і ўжо ёсць. Больш уважліва праглядай сацыяльныя сеткі — і знойдзеш там паэтаў. Але — не ўсіх. Я згодны з тым, што паэтам трэба адаптавацца пад сучасныя зносіны. Тады і людзі пачнуць цікавіцца паэзіяй. Беларускамоўныя хоку ў «Твітары» — чаму б не?

— Ці няма адчування, што беларускае паэтычнае слова не дажыве да гэтага моманту? Усё менш людзей размаўляюць па-беларуску, яшчэ менш робяць гэта прыгожа.

— Адчуванне ёсць, але я лічу, што мова не згіне акурат праз шматлікія медыя, дзе слова рухаецца шпарка і можа кранаць сэрцы тысяч людзей.

— Якія паэтычныя творы Алесь Плотка параіць мне пачытаць, каб зразумець беларускую паэзію і беларусаў?

— Рыгора Барадуліна. Ён заўжды быў мне цікавы, бо гэта прыклад чалавека, для якога беларуская мова сапраўды родная, прынятая з малаком, а не як свядомы выбар. Гэта іншы стан функцыяналу мовы — без універаў і рэдактараў. Найбольш гэтая «роднасць» адчуваецца ў рытміцы: у сённяшняга пакалення беларуская рытміка падмяняецца рытмікай ці рускай мовы, ці амерыканскага хіп-хопу. Яшчэ Разанава параю. Ларысу Геніюш.

— Пачакай, вось ты сказаў пра рытміку амерыканскага хіп-хопу. На тваё меркаванне, Вольга Гапеева піша як Цімаці?

— Лепш. Феміністкі круцейшыя за рэпераў, і я ведаю чаму.

Становішча паэта? Ныць не варта — пішы і друкуй

— Яшчэ ў тваім топ-лісце не прагучала ні Коласа, ні Купалы, ні Багдановіча.

— Я не ведаю, што магу параіць у іх, каб зразумець беларусаў. З эмацыйнага — зразумела: лапці, «Наша ніва», прыгон… Але нічога, лічы, не змянілася — прыгонная кантрактная сістэма, кітайскія «канверсы» і «смерць у Вільні». З сучаснікамі разам пачытаць класіку, сеўшы ў кола недзе ля нябеснай Нямігі, магу параіць — такі спірытычны сеанс можа код беларускі вывесці.

— Добра, і апошняе: раскажы, якая твая механіка стварэння вершаў? Як ты іх пішаш?

— Ёсць думка ці пачуццё, а далей — два шляхі. Ці ты пішаш падсвядома, ці пачынаеш выбудоўваць верш. Але галоўнае ўсё роўна вынік. А яго выстаўляе толькі час і людзі.

 


Муза

Ты ніхто
І я ніхто
Так камфортна
Быць на роўных

Ты ніхто
І я ніхто
Хопіць песень
Памяркоўных

Мая муза п’е штоночы
Твар у твар вочы ў вочы
Так прыемна быць на роўных
…ты ніхто і я ніхто

Ты ніхто
І я ніхто
Жнівень. Ранак
Водар віскі

Ты ніхто
І я ніхто
Спорт зусім
Не алімпійскі

След бензіну на асфальце
Дайце волі, курвы, дайце!
Так прыемна быць на роўных
…ты ніхто і я ніхто

ты ніхто
і я ніхто
вецер – праўда
сутарэнняў
ты ніхто
і я ніхто
мроіш мір
збірай каменне

…Мая муза п’е штоночы
…Твар у твар вочы ў вочы
…Мая муза п’е штоночы
…ты ніхто і я ніхто….

 

F5

Ну што, ты ўжо праглядзела
Усе фоткі ягонай новай?
Асабліва тыя, дзе добра бачна яе прыгожае цела
Асабліва тыя, дзе гарачых вуснаў юрлівая змова

Галоўнае закан-спек-тавала?
Так сказаць, самэрі з дзесяці альбомаў
Чатырыста восемдзесят пяць здымкаў. Ні многа ні мала.
Дураў ведае – ты праглядзіш іх нанова.

Кожнай паліцы — свае кнігі
І кожнай кнізе  (ясен-красен!) – свая паліца
Ты будзеш пісаць і НЕ адпраўляць лісты. Для інтрыгі.
Якая цяпер у закладках душы тваёй мае з’явіцца.

І подпісам ліста недасланага
Тваё сэрца будзе шабоўдацца
Пакуль ты не скажаш – ну як я любіла гэтага уебана, га?
І папусціць. Як усіх папускае. Сістэма абновіцца.

І ты вершы напішаш цудоўныя
Не зважаючы, на тое, як шчыра дзеясловы рыфмуюцца
І апошнюю выдаліш фотку – Тую Самую
І верлібр за мастацтва прымеш. Не выкідаць жа яго на вуліцу…

Ты

ты – чалавек трэкліст
чалавек-падкаст
чалавек-дарагая-рэдакцыя-пастаўце-боба-марлі-мне-так-пагана
чалавек-абстракцыя
чалавек-атракцыя
чалавек-мама-бля-так-не-хачу-уставаць-рана
чалавек-мастурбацыя
чалавек-незагойная-рана
чалавек-вы-ўсе-такія-смешныя-з-таго-боку-экрана
чалавек-пад-кайфамі
чалавек-метафара
чалавек-а-не-йшоў-бы-ты-нахер, а?

мне з табой, смертным, нармальна выпіць па поўнай
а ты жыві і цешся, калі так лягчэй, што я табе не роўня

 

Мята

аднасоладавы віскі моцна ўзяў мяне ў ціскі
камсамольскія дзве кіскі пудраць мне мазгі
я ў горадзе паснулым між баулам і мінулым
стаўся праўдай паспалітай – просты, як рэцэпт махіта

побач твар Хэмінгуэя, то смяецца, то нямее
з ім чатыры жонкі разам, звонкі смех, восем абцасаў
пакідаючы сцігматы – яны танчаць, я паддаты
па-над гэтым маскарадам — мята. Моцны водар мяты

Фотoграф:
  • Александр Обухович
+