Вязніца ГУЛАГаў Надзея Дземідовіч: «Лагер можна параўнаць з пеклам»
11 сентября 2012 Интервью

Вязніца ГУЛАГаў Надзея Дземідовіч: «Лагер можна параўнаць з пеклам»

+

Надзея Дземідовіч, як ніхто іншы, ведае, што за любоў да роднага слова часам даводзіцца ахвяраваць сабою. У інтэрв'ю «Большому» былая вязніца ГУЛАГаў распавяла, як за беларускую мову зрабілася ахвярай сталінскіх рэпрэсій, як удзельнічала ў Кенгірскім паўстанні вязняў і засталася жыць у Калодзішчах без рэабілітацыі.

Вязніца ГУЛАГаў Надзея Дземідовіч

Мы сустрэліся з Надзеяй Дземідовіч у яе хаце ў паселішчы Калодзішчы пад Мінскам. Хата стаіць ля чыгункі, знайсці няцяжка. У двары кветкі. Па сцежцы паважна шпацыруе кот. З вуліцы чутны брэх сабак. 

Надзеі Дземідовіч сёлета споўнілася 85. Яна дрэнна ходзіць і чуе — патрэбны слыхавы апарат, на які няма грошай.

Калісьці Надзея Раманаўна жыла ў Слоніме і навучалася ў беларускай гімназіі. Прыйшоў 1941 год, пачалася вайна… А праз тры гады ў горадзе адбыліся аблавы: савецкія ўлады арыштоўвалі па ўсёй краіне чальцоў нацыянальных суполак. Сяброў 17-гадовай дзяўчыны таксама арыштавалі.

Прыйшлі і па Надзею Дземідовіч, якая ўваходзіла ў Саюз Беларускай Моладзі. Але ёй удалося ўцячы да сваякоў у Казахстан па дакументах малодшай сястры. Там 8 гадоў яна і хавалася пад імем Ліда. Афіцыйна працавала, але па чужых дакументах.

У 1949 годзе яе ўсё ж арыштавалі: прысудзілі 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў.

Надзея Дземідовіч правяла ў ГУЛАГах 7 гадоў. У 1956-м яе вярнулі на Радзіму. Надзея Раманаўна перабралася ў Мінск, уладкавалася на працу. Але так і не была рэабілітаваная ні ў савецкі час, ні пасля. Магчыма, з-за блытаніны са спісамі. Ці праз тое, што не адмовілася ад беларускай мовы.

Вязніца ГУЛАГаў Надзея Дземідовіч

Што вы адчулі, калі ўпершыню апынуліся ў вязніцы?

Калі я апынулася ў вязніцы, дык не папала да людзей — чатыры месяцы была ў адзіночцы. 13 снежня 1944 года пачаліся арышты вучняў з нашага класа. Гаспадыня, у якой я хавалася на кватэры, сказала: «Ідзі дахаты». Яе дачку Ніну Карач у тую ноч забралі — нашыя ложкі стаялі побач. Вось я і пайшла 21 кіламетр дадому, а там таксама месца не было — трэба было недзе хавацца. Была вайна. І хацелася, каб яна скончылася, каб разабраліся ва ўсіх гэтых справах: хто вінаваты, а хто не. 

Вы сказалі, што правялі чатыры месяцы ў адзіночцы. Што гэта быў за час?

Быў 1944 год. У Беларусі было немагчыма жыць. Ужо забралі майго тату ў астрог за тое, што налогі не выплаціў. Маму прызначылі ў Тартак на работу, але гэта было 21 кіламетр пешай. У мамы дзяцей многа і ўсе малыя. Яна не пайшла — ёй далі паўгода. Сям’я засталася без хлеба, без нічога. Куды ісці? Людзі баяліся мяне хаваць, бо маглі і іх пасадзіць. І мама напісала да свайго брата, які жыў у Петрапаўлаўску, у Паўночным Казахстане. Адаслалі мяне туды.

Хутка дзядзька сказаў: У мяне свая сям’я. Едзь да мамінай стрыечнай сястры — яны жывуць багацей». Мне пашанцавала, што я сустрэла на вакзале знаёмую маёй маці, якая мяне прытуліла.

Я скончыла курсы бухгалтараў, уладкавалася на чыгунку. Потым працавала на хлебакамбінаце. Аднойчы 13 чысла мне трэба было здаць фі­нан­савую справаздачу. Я ўсё падрыхтавала, збіралася ўжо ісці, і тут прыходзіць адзін малады чалавек.

Ён пагутарыў з начальствам, падышоў да мяне і кажа: «Вам трэба сабрацца і схадзіць у адно месца са мною». «Ідзіце-ідзіце…— кажа галоўны бухгалтар і працягвае, — вы апраніце, што ў вас ёсць. А я: Гэта ж недалёка — і так дабягу». Я штосьці накінула і пайшла. 

Падыходжу да нейкага вялікага ружовага будынка, і да таго ж розуму не было, што не пагля­дзела, што кругом краты і вышкі стаяць. Зайшлі ўнутр. Бачу калідор вялікі і пакой з чорнымі дзвярыма. Заводзяць ў гэтыя дзверы. Гляджу — за сталом сядзіць мой кавалер Саша, хлопец, які са мной пазнаёміўся ў парку і ўсё запрашаў танцаваць. І гэтакі, здаецца, добры быў, разумны… Нават дахаты запрашаў. Хацеў жаніцца…

І вось я стаю ля дзвярэй, а ён сядзіць за сталом. А потым кажа: «Проходите. Садитесь». Я села і кажу: «Саша, а чаму ты тут?» А ён: «Я уже не Саша. А вас знаю не как Демидович Лидию Романовну, а как Надежду Романовну».

Многа мы з Сашам не раз­маўлялі. Ён пазваніў і сказаў, каб «взяли человека». Гэта ён зваў, каб мяне вялі ў турму. 

— Што з вамі адбывалася гэтыя чатыры месяцы?

Павялі на другі паверх. Пакой № 11. Акно за рашоткай. Столік, як у вагоне. Прыкручаны зэдлік. На сцяне полка. Але яна не раскла­дзеная, а адмацоўваецца на ноч. На сцяне правілы. Нехта перамаляваў, і з «правил» атрамалася «грабил». Жалезныя, чорным абабітыя дзверы. У іх кармушка і круглае вочка, праз якое за табой увесь час назіраюць. І вось я там і засталася.

Адразу палічыла, што гэта, магчыма, на некалькі дзён. А потым пачаліся допыты. Сталі вызываць. Хутка азнаёміліся са справай, сказалі, што сяджу за Саюз Беларускай Моладзі (далей СБМ — заўв. аўт.). Сталі пытацца пра справы на Беларусі — там была нейкая парцізанаўка. Але я колькі хавалася, нікога не бачыла.

Называлі розныя прозвішчы, сярод якіх сустракаліся і знаёмыя. Але я казала, што не ведаю нікога. А яны ўсё дабіваліся і дабіваліся. У пальцы іголкі заганялі. Але я не забывалася пра словы маці: «На­дзя, памятай, дзе ты была і каго бачыла. І каб не казала, хоць будзе і цяжэй. Бо ты можаш усіх гэтых людзей прадаць ці пасадзіць».

Адным разам мяне зноў завялі на «прыём». Гляджу, стаіць доктар — маладая жанчына ў белым халаце. І на мяне: «Гавары!» Я кажу, што ўжо ўсё расказала. «Ці ведаеш каго? — Не ведаю — А як ты столькі гадоў пражыла, і нікога не ведаеш? Цябе ўсе ведаюць». Я адказала: «Вось і пытайцеся у тых, хто мяне ведае». Мне загадалі сесці на стул. Я не разумела, што робіцца, але калі села, больш нічога не памятаю — згубіла прытомнасць. Высветлілася, што гэта быў электрастул. Мяне вывалаклі, але я адышла. Значыць, мала далі. Калі б хацелі знішчыць, далі б болей току. 

Вязніца ГУЛАГаў Надзея Дземідовіч

— Што для вас было самым страшным у ГУЛАГу?

Калі я дачакалася арышту, думала, што час прайшоў, што я нічога дрэннага не зрабіла, што мяне, можа, апраўдаюць і судзіць не будуць, дахаты пусцяць. А як высветлілася, мне далі 25 гадоў. У мяне галава закружылася, бо нікому з нашых такіх тэрмінаў не давалі.

Калі вязлі ў ГУЛАГ, плакала. Маму да мяне пасля суда не пусцілі. Яна толькі паспела сказаць: «Не плач, Надзечка, век так не будзе». Я памятала маміны словы і ведала, што нікому не здрадзіла.

Пад’ехалі пад возера Балхаш, там зрабілі медкамісію. Далей не павезлі, бо сталі ў мяне ногі ацякаць. Завезлі ў Кенгір. Там было шмат людзей, са ўсяго свету — 25-годнікі. 

— Што было найбольш цяжкім у лагеры?

Найбольш цяжка было бачыць, як у людзей стралялі. Мы сядзелі па 58-м артыкуле (контррэвалюцыйная дзейнасць — заўв. аўт.). Начальству гэта не падабалася, бо ім не давалі льготаў. І вось яны сталі прымаць ў лагер розных бандзітаў, якія былі па сто раз судзімыя. А тыя працаваць не хацелі, адно каб гуляць. Ужо Сталін падох, паўсюль лагеры сталі лягчэйшыя. А ў нас да таго часу нават не здымалі кратаў з вокнаў.

Аднойчы людзі адмовіліся ісці на працу, і ў арыштаваных пачалі страляць. Адбылося Кенгірскае паўстанне (16 траўня — 26 чэрвеня 1954 года — заўв. аўт.). Гэта было страшна, але я не баялася. Блатныя змяшаліся з астатнімі, людзі згаварыліся, я не ведала, што робіцца.

Чую аднойчы ноччу, што нехта топча. Выйшла зранку на паветра — стаіць грамада людзей. А наперадзе — наша кіраўнічка СБМ Вероніка Катковіч. Я пады­шла да яе, а ў гэты час з машын пачалі біць вадой са шлангаў. Людзі пішчаць, крычаць, Вероніка мяне цягне: «Надзя, пойдзем!» «Ну, як жа! Па мне б’юць — як я сыйду з гэтага месца? У мяне няма ні дзяцей, нікога. А ў гэтых жа людзей — дзеці». Я засталася. Пасля прастыла, былі ачагі на лёгкіх.

Зэкі думалі, што нешта зме­ніц­ца. Камісію вызывалі з Масквы, каб паглядзелі, які ў нас парадак. Рабілі ўлёткі. Але ўсё марна. На саракавы дзень пусцілі самалёты — стралялі, пабілі, пакалацілі. І забітых хапіла, і жывых засталося.

Потым мяне загналі на лесапавал, былі цяжкія работы, але нядоўга. Хутка павезлі ў бальніцу, восенню завязлі, усю зіму там прабыла. А потым выйшаў указ, і мяне вызвалілі. 

— Вы разумелі, за што сядзелі?

Я сядзела адно за тое, што вучылася. Я нікому нічога кепскага не зрабіла. Мне было крыўдна, як пры Польшчы. Бо пры паляках у нашай школе людзі былі двух гатункаў: католікі і праваслаўныя (мы — беларусы). Беларусаў начальства не любіла, лепш за католікаў адзывалася. У школах былі харцэжы (польскія скаўты — заўв. аўт.), але мяне туды не прымалі. Палякі лічылі сябе вышай за нас — «хамаў». Яны паны, мы — мужыкі. 

Потым прыйшлі Саветы. Я думала, што возьмуць у піянеры. Зноў не прымаюць. А за што? За тое, што бацьку зрабілі кулаком. На табе — прыйшлі немцы. Я зноў у тую школу пайшла. Адкрыўся Саюз Беларускай моладзі, і я туды. Час быў такі… Былі Саветы — мне падарылі паштоўку з выявай Сталіна ў дзень яго народзінаў як лепшай вучаніцы. Калі прыйшлі немцы, падарылі паштоўку з Гітлерам.

Вязніца ГУЛАГаў Надзея Дземідовіч

— З чым можна параўнаць лагер?

З пеклам. Там сядзелі людзі зусім невінаватыя. Там забіралі жыццё. Трэба было знішчыць цэлыя нацыі. А навошта? Тады пра гэта ніхто не думаў. Трэба-трэба-трэба… Адны загінуць — другіх дашлюць. 

— Як не зламацца і застацца чалавекам у такіх месцах, як ГУЛАГ? 

Трэба жыць па-чэснаму. Каму бачыць — дапамагаць. Каб ты нікога не пакрыўдзіў. Неабавязкова ўсё з’есці, што табе маці даслала. Трэба паглядзець, каму ежа больш патрэбная, каб выжыць. І каб нікога не прадаў. І каб не станавіўся працаваць з тым, хто мацнейшы за цябе. Трэба станавіцца са слабейшым. Каб ты працаваў і за сябе, і яму мог дапамагчы. У мяне гэткая была мэта. 

— Як змянілася ваша жыццё пасля таго, як вы апынуліся на волі?

Я яшчэ хацела вучыцца, але ў мяне памяці не стала. Мне трэба было ў 8 клас ісці, а ўжо мінуў час. Ды і жылі мы небагата. Але і ў дзяцінстве мы булкі з маслам і пірагамі не елі. Але хлеб быў. І цяпер жыву добра. Не наракаю.

— Чаму вы не рэабілітаваная?

А я не пісала нікуды. Чаго мяне рэабілітаваць? Я ні за што сядзела, нічога не зрабіла. Хто мяне будзе рэабілітаваць, калі там сядзяць усе тыя, хто і судзілі? 

— Што б вы хацелі змяніць, калі б маглі пачаць жыццё наноў?

Пры той уладзе не змянілі б. Цяпер у нас свая дзяржава, але я тут таксама не годная. Хацела б, каб мы былі самастойнымі, і моладзь, якая ўцякла, вярнулася і жыла шчасліва. А мне самой — ужо і так слава Богу. Жыву і дзякую тым, хто прыходзіць. 

Даведка
Надзея Дземідовіч нарадзілася 24 лютага 1927 году на Слонімшчыне. Вучылася ў Слонiмскай беларускай гiмназіi, былы чалец Саюза Беларускай Моладзі. Арыштаваная ў 1949 годзе. Апынулася на волі пасля ГУЛАГаў у 1956-м. Аўтар некалькіх кніг вершаў і ўспамінаў.

+