
У Дзень маці абавязкова пачытайце вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя самай любімай жанчыне на свеце. Мы ўпэўнены, што вам адразу захочацца патэлефанаваць матулі і павіншаваць са святам.
Рукі маці
Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
I каласамі;
Неба сьпякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
Зь іх выпіла ў ночы бяссонныя
Сьвежасьці раньняй.
Колькі яны запалілі сьвітаньняў,
Зораў над намі.
Колькі сягоньня на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сьляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зьберымося дамоў
I на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасьвятлее ў хаце
I ў сэрцы.
Максім Танк
* * *
Моўчкі
Берагамі тугі
Валакуцца вятры талакой,
Цягнуць невад смугі,
I трапечацца ў ім заранка.
На хутар,
Дзе пасвіцца
Знелюдзелы спакой,
Стала моўчкі прасіцца
Душа хутаранка.
Там бакі папралежвалі
Маўчуны валуны.
Без сваяцкай душы
Ім самотна таксама.
Там вартуе дагэтуль
Бясхмарныя сны
I чакае бяссонная зорка —
Мама…
Рыгор Барадулін
* * *
Хоць нешта…
Маміны вочы слухалі неба.
Маміны рукі чыталі луг.
Маміны ногі гадавалі дарогу,
Каб па ёй, ідучы няспешна,
Мог прачуць я і скеміць
Хоць нешта…
Рыгор Барадулін
* * *
Закалыхваючы…
Закалыхваючы,
Пэўна, стомленая,
Памылілася маці:
Не на верацяно,
А на сэрца маё
Сваю песню
Навіла.
Я і сёння асцярожна,
З хваляваннем
Разматваю
Клубок песень,
Каб хаця не парваць
Яе нітку.
Максім Танк
* * *
Я слаўлю маму
Я слаўлю мамы светлае імя –
Пяшчотнае, нібыта яблынь квецень.
Матулінага сэрца цеплыня
Нас сагравае лепш за ўсё на свеце.
Я слаўлю мамы светлую душу,
Якая разумее нас з паўслова.
Я толькі маму памагчы прашу,
Калі жыццё паставіцца сурова.
Я слаўлю позірк маміных вачэй,
Якія бачаць, што нам невядома.
Даруйце боль праплаканых начэй,
Калі нас доўга не бывае дома.
Я слаўлю маму, бо яна – як Бог –
Усім прабачыць і усё даруе,
Яна для нас сабою ахвяруе,
Як аніхто пакуль яшчэ не змог.
Мікола Ляшчун
* * *
Маці
Твой твар быў сонцам
Над маёй калыскай,
Якое я кранаў рукою,
якому прыглядаўся блізка.
Твой твар, як ветразь,
Над маёй калыскай
Вадзіў мяне
У мора казкі,
Вадзіў мяне ў мора ласкі
І зноў вяртаў мяне ў прыстань.
Твой твар
Быў над калыскай небам,
Небам зялёнага прадвесня.
Твой твар быў хлебам
І быў песняй.
Алесь Барскі
* * *
Мама
Не, усё-ткі не я: мама мая — паэтэса
Са шчымлівай грудною песняй,
З клопатамі пякучымі
Пра поле, балацявіну;
Пра тое, як спорна вучыцца
У горадзе
меншаму сыну;
Пра старое гняздо буслішына,
Што разбурыў вятрыска…
Бачу: паўстала сцішана
Па-над айчынным прысакам
З пяцімесячным на руках
У скаромнай чорнай спадніцы.
Маму палохае страх —
Як жыць адной маладзіцы.
Мільгае за поўнач акно яе —
Удовай не спіцца:
Машынка стукоча. I мама пяе,
Абшывае сваю Велясніцу:
Каму — за пакосы, каму — за каня,
Каму — за шчырае дзякуй.
Сустракае яна прасветленасць дня
Усмешкай — адвыклася плакаць.
Позна класціся. Рана ўставаць.
Рана ўставаць — не бяліцца:
Па-над загонамі шчыраваць,
Па-над калыскай маліцца.
У чарадзе праліўных нядзель —
Не прапусціць грыбочка…
Кароткі, як шчасце, уходжаны дзень,
Яшчэ карацейшая — ночка.
Дыхае вольнымі мама грудзьмі,
Калі вяртаемся з поля.
Ушчувае: «Драціну з дарогі здымі —
Іншаму ног не паколе».
Кажа: «Ападзіны дол замялі.
Выткаўся жнівень раскошны.
Здымі сандалікі, не бойся зямлі,
Не бойся, дзіцятка, пожні…»
Прыеду. Кветка чакання ў акне
Міргае-цвіце ў адзіноце.
А вершы баюся чытаць,
каб мяне
На глухой не злавіла ноце
Мама — мая паэтэса.
Яўгенія Янішчыц
* * *
Сынок і Маці
Пакуль яшчэ зялёная зямля
Трымае нас па міласці закона,
Сынок і Маці — зерне і ралля.
Сынок і Маці — мудрая ікона.
I спеюць хай удзячныя гады,
Бяжыць удаль дарога палявая.
Ён для яе маленькі назаўжды,
Нявопытны,
пакуль яна жывая.
Крывавы час, адкінь свой грозны меч,
Прыслухайся да сцішанага слова.
З кароткіх, як само жыццё, сустрэч
Саткана іх нявечная размова.
Яўгенія Янішчыц
OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/
Комментарии