
— Што такое жанчына ў мастацтве?
— Не ведаю (смяецца). Калі казаць пра жанчыну-творцу, то гэта даволі нялёгкае пытанне. Падчас другой хвалі фемінізму ў 1960-х даследчыкі сталі асэнсоўваць, што з жанчынамі не спрацоўваюць агульныя для мастакоў з’явы. Як быццам яны робяць усё, але ў мейнстрым не трапляюць… Але мы павінны разумець, чаму так здарылася. Менавіта таму, што існавалі эканамічныя і сацыяльныя ўмовы, якія не дазвалялі жанчынам, напрыклад, часу Мікеланджэла, быць уключанымі ў творчы працэс. Тыя людзі, якія адмаўляюць жанчыну як творцу, кажуць: «Пералічыце мне імёны знакамітых жанчын-мастакоў». І, канешне, тут будзе вялікае пытанне… Жанчына не магла пайсці ў мастацкую школу, маляваць аголеныя целы. Гэта было не прынята! Што тычыцца пісьма, існуе тэндэнцыя, што жанчына апісвае свой унутраны досвед, звязаны з фізіялогіяй. І вельмі часта мужчыны-крытыкі абураюцца і пачынаюць вар’яцець: «Што яны пішуць пра свае фізіялагічныя і псіхалагічныя праблемы?» Гэта прыводзіць нас да іншага пытання: а хто ёсць крытык? Хто раздае хвальбы ці папрокі і ацэньвае: добра гэта ці дрэнна? У сваёй большасці крытыка прадстаўлена мужчынамі. У Беларусі, канешне, ёсць вядомыя крытыкі-жанчыны (як і паўсюль), але вялікае пытанне: ці выпрацаваныя тыя механізмы, пры дапамозе якіх крытык можа нармальна ацаніць працу, улічваючы і гендар асобы, якая піша? А не проста казаць, што ўсё лайно. Проста быць жанчынай не значыць быць гендарна чуллівай, ёсць такі панятак у гендарнай тэорыі як калабарацыянізм — гэта калі жанчына «супрацоўнічае» з патрыярхатным уладам.
— Жаночая літаратура ёсць ці не?
— Што такое жаночая літаратура? Літаратура, напісаная жанчынамі? Для жанчын? Альбо літаратура, якая створана ў як быццам бы жаночым стылі, — гэтак званыя любоўныя раманы. І тут атрымліваецца, што любоўныя раманы могуць быць напісаныя і мужчынам. Таму што зараз вольны рынак — літаратурныя негры пішуць гэтыя кнігі. Ведаючы шаблоны, можна спакойна напісаць патрэбны тэкст. Атрымліваецца, што першым значэннем жаночай літаратуры можа быць літаратура, напісаная жанчынай. Але, калі мы кажам «гэта жаночая літаратура», людзі адразу пачынаюць думаць: «А! Гэта пра сюслі-мюслі… Усялякія каханні-маханні, якія нікому не цікавыя». Але такі тэкст можа быць напісаны і мужчынам. Паняцця «мужчынская літаратура» не існуе, а «жаночая» ёсць. Зразумела, што гэты тэрмін мае негатыўную канатацыю. Вось мне некаторыя чытачы кажуць: «У вас такія жаночыя вершы!» Я, напрыклад, не зусім разумею, што яны маюць на ўвазе.
— А як ты лічыш, якія твае вершы?
— Аўтару заўсёды вельмі цяжка казаць… Тут, ведаеш, патрэбна рабіць нейкае падваенне асобы — вось я зараз устану і ацаню сябе з боку крытыка. Не ведаю… Я проста пішу вельмі шчыра — гэта так. І гэта шчырасць часам мяжуе з аголенасцю і, магчыма, прымушае людзей думаць, што мае вершы жаночыя. У метафарычным сэнсе я не баюся распрануцца перад чытачом у нейкіх вобразах.
— А ты не хацела б нарадзіцца мужчынам?
— (Доўга смяецца) Ведаеш, аднойчы хтосьці з маіх сябровак сказаў: «Ой, мне ўчора снілася, што я была мужчынам!» І я падумала: «Божа мой! А мне вось ніколі такога не снілася». У прынцыпе сон — гэта такая добрая штука, дзе можна сябе паспрабаваць у другой якасці. Але мужчынам мне не давялося быць. Магу сказаць, што ў дзяцінстве роля жаночага суб’екта мне не падабалася. Я была такім дзіцёнкам, які ўяўляў сябе не дзяўчынкай, але ж нават і не хлопчыкам. Я — гэта было маё «я», якое абсалютна не хацела прымаць гэтую жаноцкасць. Таму што падсвядома я ўжо, напэўна, адчувала, што гэта ў сябе нясе і што мяне чакае наперадзе (смяецца). Тая мадэль жанчыны, якая існуе ў нашым патрыярхатным грамадстве, мне зусім не падабаецца. Менавіта таму ў дзяцінстве я спрабавала з яе неяк сыйсці — гуляла ў футбол, рэдка насіла сукенкі. Гэта была спроба сказаць, што я не хачу быць упісанай у мадэль, у якую вы мяне змяшчаеце! Ужо пасля я зразумела, што так — я жанчына, і я гэта прымаю. Гэта цяжка, гэта цудоўна… Але я спрабую пераламаць нейкія стэрэатыпы і сказаць, што жанчына можа быць яшчэ і іншай! Не такой, якой соцыум мяне бачыць. І гэта, канешне, праблематычна. Таму што натыкаешся на шматлікія граблі і «фэйсам аб тэйбл».
— А хто для цябе мужчына ў патрыярхатным грамадстве?
— Роля мужчыны таксама незайздросная. Таму што патрыярхатнае грамадства працуе на бінарнай апазіцыі, са знакам мінус, і мужчына таксама прыніжаны. Мужчыны ж рознымі бываюць! Адны валодаюць капіталам, другія — не. І ім таксама няпроста. Іншая справа, што жанчынам яшчэ горш. Да прыкладу, суб’ект соцыуму, які мае самае прыніжанае становішча, — гэта жанчына-лесбіянка-інвалід-мурынка. І для мужчын існуюць параметры, па якіх яны таксама могуць прыніжацца. Гэта колер скуры, нацыянальнасць, сацыяльны статус…
— І яшчэ жывеш у Паўночнай Карэі…
— Так (смяецца). У мужчыны ёсць таксама пэўны набор правіл, паводле якіх ён мае жыць. Ну, напрыклад, мужчына не можа плакаць. Добра, калі ты мастак — слёзы і эмацыйнасць будуць табе прабачацца. А калі ты звычайны працоўны на заводзе з такой пяшчотнай душой? Канешне, цябе там хутка заклююць, заб’юць і ўвогуле… Я разглядаю фемінізм з пункту гледжання, што кожны чалавек незалежна ад свайго гендару мае права займацца ў жыцці тым, чым ён/яна хоча. Хачу служыць у войску — значыць, я маю такую магчымасць…
— А ты хочаш ў наша войска пайсці?
— Не (усміхаецца). Тут у нас іншае пытанне. Але ж ёсць жанчыны, якія хочуць! Калі ласка. Я ўвогуле за тое, каб войска было не на абавязковай, а на кантрактнай аснове. А мужчына, які хоча працаваць выхавальнікам у дзіцячым садку, — няхай працуе. Ніхто не павінен яго папракаць і казаць, што у-у-у-у… педафіл! (Смяецца).
— Ну, ёсць жа права змены полу. Вось у нас у Беларусі ніхто з літаратараў чамусьці яшчэ…
— Ніхто не мяняў пол? Ну, так. Я такіх не ведаю. Але гэта вельмі дорага (смяецца). Літаратары столькі не зарабляюць!
— Ты займаешся даследваннем феномену цялесных мадыфікацый і самапашкоджанняў. Распавядзі, што гэта і навошта.
— Да цялесных мадыфікацый адносіцца ўсё: ад падстрыгання пазногцяў і валасоў і да змены полу. Ёсць людзі, якія займаюцца цялеснымі практыкамі, напрыклад устаўляюць у галаву рогі (імплантанты). Хвост сабе могуць прышыць. А я вывучала так званыя самапашкоджанні. Гэты тэрмін я не вельмі люблю, бо ён трошкі негатыўны. Самапашкоджанне — значыць, што ты свайму целу наносіш нейкую шкоду, хаця я так не лічу. Бо кожны чалавек мае права са сваім целам рабіць усё, што захоча. Таму назва «цялесныя мадыфікацыі» мне падабаецца больш. Я разглядала гэты феномен у трох аспектах: антрапалагічным (стаўленне плямёнаў, традыцыйнага грамадства да мадыфікацый), медычным (людзі з псіхічнымі захворваннямі, якія рэжуць сябе) і культуралагічным (як цялесныя мадыфікацыі выкарыстоўваюцца ў мастацтве). Напрыклад, некаторыя мастакі падчас перформансу пачынаюць сябе рэзаць. Але тут таксама паўстае праблема гендару. Бо калі сябе пачынае рэзаць жанчына, грамадства рэагуе значна горш. Для патрыярхатнага грамадства жанчына — ідэал прыгажосці. Яна не мае кантролю над сваім целам, ёй забаронена з ім нешта рабіць, тыя ж самыя спароны.
— Адкуль у цябе такая зацікаўленасць?
— Я падпадаю пад катэгорыю delicate cutters. Cutter — чалавек, які сябе рэжа. Гэта паняцце з’явілася ў 1950-х. Да яго адносілі дзяўчат у пубертатным узросце, якія рэзалі сябе не з мэтай учыніць самагубства, а дзеля вырашэння душэўных праблем. І я хацела зразумець, чаму так адбываецца, зразумець саму сябе. Магчымым тлумачэннем можа быць жаданне паслабіць душэўны боль пры дапамозе цялеснага болю. А калі я пачала займацца гэтай тэмай, аказалася, што такіх людзей даволі шмат. Нават сярод маіх знаёмых. І тады я зразумела, наколькі гэта тэма не даследавана, асабліва што тычыцца беларускага дыскурсу.
— Здаецца, ты адзіная беларуская паэтка, чые творы былі пакладзеныя на электронную музыку. Спачатку гэта зрабіў Улад Бубен, а потым Aortha, RoomDark і Spit it Out. Як ты прыйшла да «электроншчыны»?
— Думаю, што не адзіная. Напэўна больш правільна будзе спытаць, як «электроншчына» прыйшла да мяне. З Уладам і Зміцерам Плянам мы знаёмыя даўно і добра сябруем. Ім спадабаліся мае вершы, і яны вырашылі «пакласці» іх на музыку. Я была прыемна здзіўленая тым, што зрабіў з маімі вершамі Бубен, таму што такога прачытання сваіх вершаў я ніяк не чакала. Атрымалася нешта незагрузлівае, чыл-аўцкае. За што яму вялікі дзякуй, бо часам бывае «абвінавачваюць» у тым, што мае вершы дэпрэсіўныя і змрочныя. Дарэчы рэліз выйшаў першага кастрычніка, і яго можна паслухаць на h-a-z-e.org
— Увогуле, якую ролю у тваёй творчасці грае эксперымент?
— Я люблю эксперыменты, але разумею, што да іх трэба вельмі асцярожна і абачліва падыходзіць, каб гэта было неяк апраўдана і асэнсавана. Мае эксперыменты маюць лінгвістычную скіраванасць. Я гуляюся са значэннямі словаў, іхнім гучаннем, спалучальнасцю — што і адбіваецца ў маіх вершах.
— Як нараджаюцца твае вершы: ты іх чуеш, адчуваеш, бачыш у снах?
— Бывае, прачнешся і ўзгадваеш, што ў сне нешта такое было, нейкія добрыя радкі, але прыгадаць іх немажліва. Так што на сны я асабліва не спадзяюся (смяецца). Звычайна для таго, каб пісаць вершы, для мяне патрэбны рытм, таму лепш за ўсё — на шпацырках ці калі проста некуды ідзеш. Працэс напісання можа цягнуцца месяцамі і нават гадамі. А можа так здарыцца, што прыйдзе верш амаль гатовым. Праўда, я ўсё адно лічу, што верш трэба «панасіць» у сабе, праверыць яго часам, каб пасля не было сорамна за напісанае.
— У дзяцінстве хлопчыкі хацелі стаць касманаўтамі, а дзяўчынкі — лекарамі. Вольга Гапеева хацела стаць паэтам?
— Не, Вольга Гапеева хацела стаць пілотам самалёта (смяецца). Гэта праўда.
— Уяві, што ты трапляеш у рай, а там адны толькі мужчыны-літаратары. Жанчыны выконваюць ролю музы, і дзейнічаюць усе тыя ж законы нашага патрыярхатнага грамадства. Што б ты сказала Богу?
— Дала б яму пачытаць кніжак па гендарнай тэорыі (смяецца).
OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/
стихи зачетные. девушка тоже. только радикальнее надо быть))