
Якімі мы будзем праз дваццаць гадоў, праз трыццаць гадоў… Шчыра кажучы, на гэтую тэму я дагэтуль ці не разважаў наогул, ці так утылітарна, у разрэзе: ну, дыктатурка ці не дыктатурка і хто каго перажыве — я яго, ці ён мяне (бо узрост узростам, але ў яго медыцына, клюшкавы спорт і прыўкрасныя мы, а ў нас стрэсы, няпэўнае заўтра і ён), альбо ў рэчышчы паперсанальных жартаў. Тыпу «што з намі будзе, Аліса»:
— Праз 30 гадоў малады Зянон выдасць збор адозваў да беларускага народа ў 100 тамах. Але не вернецца. Сяргей Міхалок, ганімы дыктатурамі, з’едзе з Украіны ў Канаду, дзе будзе пець пра свабодны Квэбэк і анархасіндыкаты на марсіянскіх базах.
Ну вось такое вось. Несур’ёзнае.
Сур’ёзна не думаў. І калі прапанавалі падумаць, стала мне нявесела. З аднаго боку. З іншага — нармальна. Зараз раскажу.
Нядаўна публіцыст Севярын Квяткоўскі рабіў апытанне «чым беларусы могуць ганарыцца». Я падумаў, што ганарыцца мы можам бадай толькі тым, што маем краіну ў стане, з якога можна радзіму сваю дарагую досыць нескладанымі намаганнямі ператварыць у месца, дзе любому псіхічна здароваму чалавеку будзе зручна і камфортна.
Гэта не тое каб падстава для гонару. Але, скажам, матывацыя.
Ну і сапраўды, калі тут жыць, тут любіць, тут спадзявацца, тут спрабаваць зразумець людзей і, акрамя таго, разумець, чаму яны такія і якія яны на самой справе, чаго яны хочуць і што яны могуць, становіцца бачна, што беларусы, можа быць, недаверлівыя, пакрыўджаныя, замкнёныя і ў нейкім сэнсе апатычныя, але пры тым — нязлыя, адказныя, гатовыя ісці на кантакт. Ісці на кантакт у нашай культурнай парадыгме. То бок — на сваіх умовах.
Інакш кажучы, нічога такога безнадзейнага і складанага, бо нічога не трэба ламаць праз калена. Калі за 30 гадоў беларус адчуе, што ён у стане на нешта паўплываць за межамі сваёй кватэркі, то праз 30 гадоў мы ўбачым паспяховы лагодны народ, які не мысліць шызафрэнічнымі катэгорыямі дзяржаўнай магутнасці, супрацьстаяння ворагам і велічы пераадолення законаў Ньютона.
Гэта будзе краіна, якая існуе для адзінай сапраўднай мэты — для камфорта, бяспекі і дабрабыту сваіх грамадзянаў.
Што можа гэтаму перашкодзіць? Акрамя выніку гадання «хто каго перажыве» — як ні дзіўна, роўна той самы дыскурс, які і рухае нас да «нармальнасці».
Мы хочам, як у Еўропе, паўтараюць людзі, якія упіраюцца лапкамі ў родны грунт, патрабуючы ад улады свабоды асабістай і эканамічнай. Якія патрабуюць ад дзяржавы паменшыць даўжыню яе носа, каторы яна ўсюды суе. Патрабуюць ад чыноўніка перастаць акрэсліваць эстэтычнае поле нашай краіны на базе сваіх уяўленняў пра прыгожае, сфарміраваных прасторай паміж клубам і сельпо. Патрабуюць рознага. Добрага.
Гэта неабходны і апошнім часам досыць заўважны рух, толькі на які тут і можна ўскладаць надзею.
Небяспека заключаецца ў тым, што людзі, якія зараз выступаюць адзіным фронтам, кажучы пра эстэтыку Еўропы як пра нейкі сярэдні густ, пра нейкае сярэдняе права як гарантыю, пра магчымасць, пра свабоду як эмацыянальны фон, рана ці позна сутыкнуцца з неабходнасцю абмеркаваць унутры грамадства сваё разуменне «еўропы» у дэталях.
І вось тут, баюся, пачнуцца цяжкасці. Бо Еўропа — розная. Еўропа — гэта і Польшча з яе клерыкалізмам і кансервацыяй нацыянальных крыўдаў, і Германія з «астраўкамі бяспекі» для жанчын. Гэта і паразітычны грэчаскі культ жабрака, і французскія падаткі на багацце, і нават ідэя мультыкультуралізму, якая, будучы цудоўнай сама па сабе, у выніку абслугоўвае найперш права распаўсюджваць культуру эмігранта за кошт культуры мясцовага насельніцтва.
Калі мы кажам пра Еўропу, на жаль, мы вельмі часта лічым, што, каб дасягнуць еўрапейскага выніку, трэба паўтарыць еўрапейскі шлях, прайсці ўсімі еўрапейскімі сцяжынкамі, наступіць у тыя ж ямы і зламаць сабе ногі ў тых жа месцах.
А я, напрыклад, не хачу левай Беларусі. Я не хачу увасаблення «Савецкага Саюзу нашай мары». Я не хачу чуць бясконцыя скавытанні (якія яшчэ нядаўна гучалі ад Вашынгтона да Парыжа) пра эксплуататараў, якія павінны падзяліцца з «простым чалавекам». Страшны сон Айн Рэнд у нашым 21-м стагоддзі.
Я не хачу гістэрык «сясцёр», якія вуалююць спінна-мазгавое «ўсе мужыкі казлы» нейкімі выдранымі з лацінскіх слоўнікаў тэрмінамі і навязваюць усяму свету дыскурс вайны палоў як змаганне з гвалтам і прыгнётам.
Я не хачу, каб барадатыя ананісты з нямытымі валасамі выкрывалі ў жанчынах распусніц каля абартарыяў, навязвалі ім на галовы хусткі і папраўлялі спадніцы.
Я не хачу, каб вучылі, як лячыць геяў, выпраўляць геяў, памяншаць колькасць геяў ці наадварот — любіць геяў.
Я не хачу бачыць, як святар амывае ногі малалетнім злачынцам. Я хачу пачуць, як ён заклікае цаніць маладых вучоных.
Я не хачу чуць, што мы адарваліся ад народа — у разрэзе адсутнасці хтанічнага трымцення перад рабочым класам. Я хачу, каб рабочы клас нарэшце пачуў, што народ 21-га стагоддзя — гэта ў тым ліку і офісны планктон, і лекары, і інжынеры, і бізнесмены, і музыкі, і ўсё такое іншае.
Я, рабяты, за любоў, максімальную роўнасць магчымасцяў і ўзаемапавагу. Я лічу, што людзям не стае разумення, што такое людзі, а не сіл на змаганне з іх заганамі. Але імкненне вырашыць праблемы агрэсіўнай групы праз назначэнне вінаватых у стане негатовых да агрэсіі — гэта спосаб вельмі прыцягальны, вельмі еўрапейскі, але вельмі дэструктыўны.
Карацей, што такое Беларусь. Якая яна. Якой яна павінна быць, каб быць еўрапейскай, але быць сабой. Тут у нас няма кансэнсусу і, баюся, не будзе праз 30 гадоў.
Памятаю, я галасаваў за Статкевіча. Я не шкадую і зараз, але калі чытаю тэкст ягонага выступлення ў Барселоне на паседжанні «сацыялістычнага інтэрнацыяналу» пра неабходнасць стварэння «дадатковых усепланетарных механізмаў», каб супрацьстаяць «нацыянальнаму эгаізму», я думаю не пра тое, што дарма за яго галасаваў (у Беларусі ж галасуюць не за ідэю, а супраць становішча), але думаю пра тое, што будзе пасля.
Калі мы дойдзем да ростаняў, да скрыжавання, і трэба будзе высветліць, куды далей і якой еўропай мы хочам быць. Як нам дамовіцца.
Як можна дамовіцца з усепланетарным сацыялістычным інтэрнацыяналам? Супраць нацыянальнага эгаізму. Я б не змог.
Як не змагу пагадзіцца на права мусульманіна рэзаць барана на вуліцы Менска. Ці на тое, каб багаты плаціў на медыцыну прапарцыянальна болей за беднага, ці на тое, што ўсе мужыкі казлы. Ці на тое, што бабы дуры. Ці што я павінен любіць гея, ці на тое, што не любіць.
Але ўсё ж думаю, што з намі ўсё будзе вельмі добра, дарагія мае.
Калі не знойдзецца чалавека з унікальна гучным голасам, які пачне расказваць пра падмануты народ, разумеючы пад народам самую непісьменную ягоную частку.
Калі людзі прагаласуюць за правільны спосаб заробку, а не за правільнае размеркаванне заробленага.
Калі людзі меней будуць разважаць пра духоўнасць і мараль бліжняга свайго, а будуць болей думаць пра важнае і мацней верыць у сваю здольнасць мяняць жыццё да лепшага.
Амаль сто гадоў прайшло з таго часу, а па-ранейшаму:
«Стаім мы перад будучыняй нашай.
I ўсё варожым, сочым ейны ход…
Ці ўскрэснем мы, душою ўпаўшы, звяўшы,
Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род…»
OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/
Комментарии