18+

Бясслаўны канец міністэрства Праўды. Калонка Альгерда Бахарэвіча
15 октября 2018 Колонки

Бясслаўны канец міністэрства Праўды. Калонка Альгерда Бахарэвіча

  • 21
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч тлумачыць, чаму называе стужку навін у сацсетцы фэйкбукам, і нагадвае, што попыт спажыўца на ілжывую інфармацыю з’явіўся не сёння.

Альгерд Бахарэвіч

У наш час мы так любім паразважаць пра засілле фэйка, быццам уся папярэдняя гісторыя чалавечай культуры — узор стараннага і руплівага фактчэкінгу. Нібы мы стагоддзямі жылі пад уладай самага «чэснага» рэдактара — і вось раптам нешта здарылася. Але адзінае, што з намі сапраўды здарылася — гэта Інтэрнэт і ўсеагульная граматнасць. І абыякавасць да жыцця.

…У другім стагоддзі нашай эры рымскі філосаф Цэльс напісаў кніжку «Праўдзівае слова». Кажуць, той Цэльс быў выдатным стылістам, да таго ж вострым на язык, але найперш ён быў крытыкам хрысціянства. Насамрэч, пісаў Цэльс, Дзева Марыя здрадзіла Іосіфу з рымскім салдатам, якога звалі Пантэра. Так і нарадзіўся Ісус. Не верыце?

Верылі, ды яшчэ як. Лёгка ўявіць сабе тагачасных чытачоў: «Так я і думаў», — гмыкаў сабе пад нос калі не кожны, дык кожны трэці. І, сустракаючы сяброў на якім-небудзь форуме, падміргваў: «Чыталі? Іхная Марыя, аказваецца, таго?»

«Ага, — пагаджаліся сябры. — Да канца не дачыталі, але загаловак бачылі. Папірус праўдус эст, а пра постпраўдус мы нічога не сцымус. Вось жа вырадкі гэтыя хрысціяне. Нерона на іх няма. Скарміць іх ільвам!»

Рымская імперыя была дзяржавай з досыць высокім, як на той час, узроўнем граматнасці. Вось толькі наклады ў кніг былі прыкладна як цяпер у беларускай літаратуры. Але распаўсюджанню фэйка гэта аніякім чынам не замінала. Сёння мы апантана, як камары над нудысткай, каментуем розныя «непрыўкрашаныя» навіны, а рымляне пакідалі свае меркаванні на мурах і тынку. Слова патрабуе каментарыя, а што за слова — няважна. Папірус праўдус эст.

Фэйкавыя навіны — тое, што людзі, хай і ўпотай, хочуць ведаць. Не замест праўды, барані божа. Але як пацверджанне сваіх ацэнак гэтай праўды.

Магчыма, розніца толькі ў тым, што ў слове «фэйк» чатыры літары, а ў слове «прапаганда» — дзесяць. А ў слове «постпраўда» ёсць модная прыстаўка «пост». Сучасны чалавек лянівы і залежны ад слізкай моды і англійскай мовы. Сутнасна ж нічога не змянілася. Антысемітызм і расізм стагоддзямі трымаюцца на суцэльным фэйку. Амаль дзвесце гадоў таму лонданская газета апублікавала сенсацыйны матэрыял пра тое, як з дапамогай цуда-тэлескопа на Месяцы знайшлі цэлую цывілізацыю. Скандал быў на ўсю Еўропу. Паўтара стагоддзя таму знакаміты Джозэф Пуліцэр, кароль «жоўтай» прэсы, вучыў сваіх рэпарцёраў правільна падаваць сенсацыю — незалежна ад таго, была яна на самой справе ці не. Цяпер прэмію яго імя ўручаюць найлепшым журналістам. Сто гадоў таму брытанцы закінулі фэйкавую навіну пра тое, што немцы робяць з людзей мыла — мільёны людзей дагэтуль лічаць яе праўдай, а самі абажаюць «мыльныя оперы». Яраслаў Гашак, рэдагуючы чэшскі заалагічны часопіс, выдумляў новыя пароды сабак і новыя віды жывёл і выдаваў гэта за праўду — наклад часопіса пры ім вырас удвая. Радыёпастаноўка паводле «Вайны сусветаў» у 1938-м выклікала паніку ў Нью-Ёрку. Не навіна, а ўсяго толькі радыёп’еса!

Палова, калі не больш, матэрыялаў савецкай прэсы пра жыццё на Захадзе — у той ці іншай ступені фэйк, а гэта значыць, мільёны тых, хто жыве тут і цяпер, выхоўваліся на фэйкавых навінах. Як і заходнія чытачы, якія пра рэальнае жыццё ў СССР не мелі ніякага ўяўлення. І падсвядома ўсе яны чакаюць такіх навін зноў і зноў. Бо фэйкавыя навіны — тое, што людзі, хай і ўпотай, хочуць ведаць. Не замест праўды, барані божа. Але як пацверджанне сваіх ацэнак гэтай праўды.

Да чаго гэта я? А да таго, што ў немалой ступені наша свядомасць сфарміравана старым добрым архаічным фэйкам — ён заўжды быў часткай культуры. Той, што адказвае за нашу ўяўную памяць. Нацыі жывяцца гістарычнымі міфамі — і ніхто ўжо не ведае, дзякуючы якім фэйкавым навінам пяцісотгадовай даўніны паўсталі гэтыя прыгожыя казкі…

Фэйк — новы тытул, прысвоены прапагандзе за яе заслугі перад моцнымі гэтага свету

Некаторыя фэйкавыя навіны шчасліва перажываюць эпоху за эпохай, нібы бацылы прыснулага віруса. І ператвараюцца ў непрабівальнае, адшліфаванае і загартаванае часам зло. Дагэтуль ёсць людзі, якія лічаць фэйкам Халакост, а «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў» чыстай праўдай — чаму тады здзіўляцца нам, у нашым цудоўным новым стагоддзі? Няўжо чалавецтва зрабілася менш легкаверным, чым у часы Цэльса?

Праблема нават не столькі ў тым, што паболела інфармацыі. А ў тым, што неверагодна пашырыліся межы ўяўлення пра магчымае. А яшчэ межы свабоды і межы публічнасці. Публічнасць патрабуе сваёй гісторыі. Гора таму, у якаго яе няма. А ў большасці акурат няма. Можна пазычыць. Або — выдумаць. Праўды больш няма.

«Фэйсбук», у якім я жыву, — гэта фэйкбук: у кожнага свая газета «Праўда», дзе ён сам сабе рэдактар і карэспандэнт. Людзі хапаюцца за фэйк з такой хуткасцю, роспаччу і надзеяй, нібы сваімі рэпостамі здольныя ператварыць ману ў праўду. Вайна фэйка супраць фэйка. Бо за кожнай фэйкавай навіной стаіць палітыка. Фэйк — новы тытул, прысвоены прапагандзе за яе заслугі перад моцнымі гэтага свету. Фэйкавыя навіны — барацьба хуткасцей, вайна за ўвагу і ўплыў. Нацэленая проста ў мазжачок бомба, якая патрапіць у тых, хто ўдзельнічае ў гонцы. Напэўна, нас уратуе толькі няспешнасць. Свядомая адмова гнацца за актуальнасцю. Шлях мураша.

Прасіць не сорамна, баяцца — таксама. Верыць — вось дзе загана…

І ўсё ж у фэйкавых навін ёсць адзін вялікі плюс.

Кожная фэйкавая навіна, што мае розгалас, мабілізуе закранутых і пакрыўджаных ёй на супрацьдзеянне. Гісторыя з кнігай Цэльса і іншых крытыкаў хрысціянства вымусіла адэптаў новай рэлігіі сур’ёзна заняцца апалагетыкай сваёй веры. Ахвяры фэйка самі бяруць яго на ўзбраенне — а інакш як можна казаць праўду? Аднак фэйкавыя навіны, паклёпы, хлусня і плёткі выклікаюць такія змены ў грамадстве, на якія не здольна нават праўда. Многія навуковыя адкрыцці, прагрэсіўныя законы, творы мастацтва і проста добрыя тэксты — гэта прамая рэакцыя на агрэсію, нахабства і даступнасць фальшывай інфармацыі.

Атупляючы адных, фэйкавыя навіны развіваюць крытычнае мысленне ў іншых. Менавіта яны вучаць нас быць прытомнымі. Сумнявацца, мысліць, адрозніваць чорнае ад белага. Не паддавацца рэкламе радыкальных ідэй: рэлігійных, правых, лявацкіх, нацыяналістычных – усё роўна якіх. Абараняць сябе ад хлусні, прапаганды, маніпуляцый. Захоўваць сваю годнасць і самасць.

Калі, вядома, гэтыя апошнія таксама не фэйк, створаны некім, хто рэдагуе наш чортаў свет.

Заглавная иллюстрация:
  • А. Титов, "Селедка на газете", 1960.
  • 21
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/