18+

Хто смяецца апошнім, або ці ацалее літаратура ў эпоху сацсетак. Калонка Альгерда Бахарэвіча
11 июня 2018 Колонки

Хто смяецца апошнім, або ці ацалее літаратура ў эпоху сацсетак. Калонка Альгерда Бахарэвіча

  • 3
  •  
  • 1
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч дасылае нам свае калонкі праз «Фэйсбук», якім актыўна карыстаецца. Але ён упэўнены, што колькасць падабаек пад пастамі ў сацсетках па значнасці ніколі не заменіць колькасць асобнікаў выдадзенай на паперы кнігі. «Кніга памірае там, дзе гэтага чакаюць» — па-філасофску адзначае Бахарэвіч і працягвае радаваць нас сваёй творчасцю.

Альгерд Бахаревич
Калі вы яшчэ не знаёмыя, самы час гэта нарэшце зрабіць. Дазвольце прадставіць: Карл Уве Кнаўсгар, самы вядомы сучасны нарвежскі пісьменнік, шалёна папулярны цяпер у ЗША і Заходняй Еўропе, перакладзены больш чым на трыццаць моў, аўтар рамана-бестселера «Мая барацьба». Так, назву ён пазычыў у малавядомага літаратара першай паловы ХХ стагоддзя А. Гітлера, але сёння я пра іншае.

«Мая барацьба» Кнаўсгара — гэта шэсць тамоў, тры тысячы пяцьсот старонак тэксту, мільён слоў. Менавіта так: 6, 3500, 1000000. Больш за тое, гэты звар’яцелы нарвежац працягвае публікаваць вялізныя двухтомныя і чатырохтомныя творы — на радасць выдаўцам і публіцы.

А Рабэрта Баланьё вы чыталі? Яго раман «2666», які ў арыгінале мае 1125 старонак? Да нядаўняга часу ім захаплялася моладзь на ўсіх кантынентах, а ў Іспаніі, напрыклад…

Калі падрослы чалавек не поўны дэбіл, — некалі ён захоча зазірнуць у сябе і не зможа нічога разгледзець за нагрувашчаннямі кароткіх паведамленняў, пастамі, фоткамі ў «Інстаграме» і мёртвымі аднадзённымі навінамі. Далучыцца да свету і зразумець, хто ты ў ім і навошта, дазваляе толькі літаратура.

«Стоп, чакайце, чакайце, – спыніць мяне наш айчынны медыйны эксперт. – Што за лухта? Такога проста не можа быць: 3500 старонак, мільён слоў. Каму гэта цяпер трэба? А як жа крызіс літаратуры, інфармацыйная эпоха, панаванне сацсетак, трыумф волі… то бок месенджараў; як жа лідары меркаванняў, якія замянілі сабой усіх гэтых нудных і шматслоўных пісьменнікаў? Дзе ўсё тое, чым я, медыйны эксперт, зарабляю сабе на кебаб? Дзе змрочныя прагнозы? І як жа ўладар думак — фармат? Які, нахрэн, мільён знакаў? Куды глядзіць сучасны чытач? Мы ж усе ведаем, што ён і самы кароткі тэкст не можа адолець, бо яму трэба яшчэ карацейшы. Людзі ж больш не чытаюць тоўстых кніг — хіба вы з вашымі, гары яны гарам, навамоднымі кнаўсгарамі пра гэта забыліся? Так што перастаньце пісаць свае прэтэнцыёзныя кніжачкі і вярніцеся ў рэальнасць, якую мы, эксперты, для вас так старанна будуем: літаратура старой школы сваё аджыла».

Хочацца ўзяць такога эксперта за шкірку і, размахнуўшыся, закінуць у самы эпіцэнтр якой-небудзь міжнароднай кніжнай выстаўкі (ды хаця б Франкфурцкай), дзе сотні тысяч людзей як апантаныя скупляюць «нікому не патрэбныя» папяровыя тамы. Але робіцца яго шкада: як жа ён там ацалее – без візы, з кантрабанднымі ілюзіямі, са сваёй рэальнасцю? Хай жыве тут. Тут і праўда ўсё выглядае крышку інакш.

Поспех такіх аўтараў, як Кнаўсгар з яго грандыёзнай, але цалкам традыцыйна напісанай аўтабіяграфіяй, сведчыць: рэч не ў аб’ёме і не ў фармаце. Літаратура была і застаецца патрэбнай сучаснаму чалавеку. Фэйсбукі і тэлеграмы, саманадзейныя месенджары, жаберы ў каляінах і іншыя ўладары нашых віртуальных «мыслішак» пакуль што не змаглі цалкам задаволіць усе чалавечыя памкненні. Магчыма, некалі змогуць, але пакуль што — фігу нам. Нешта ў нас застаецца незадаволеным, нешта ные, нявыказанае і балючае, і гэтае нешта, хай сабе і раз на год, расчаравана цягнецца атрафіраваным пальцам у «Гугл» або на пірацкія сайты — у пошуку рамана, апавядання, верша… Што гэта: прага таямніцы? Разгадкі? Леку? Жаданне зразумець сябе, пакуль не позна? Або, на жаль, проста інерцыя?

Літаратура заснула — і цяпер прачынаецца, бо прыйшоў яе час. Зноў прыйшоў яе час — як прыходзіў учора, пазаўчора, пяцьсот гадоў таму, у самыя цёмныя ночы розуму.

Інтэрнэт злучыў свет, але не аб’яднаў палітыкаў: акаўнт у «Твітары» ўсе заводзяць аднолькава, а ўладу здабываюць па-рознаму і распараджаюцца ёй кожны на свой капыл. І па-рознаму ставяцца да культуры. Нарвегія Кнаўсгара, Іспанія Баланьё, Еўрасаюз, ЗША і Канада, Кітай, Японія, Аўстралія адрозніваюцца між сабой, але каштоўнасць літаратуры дзяржава там у цэлым не аспрэчвае. Так, літаратура даўно зрабілася вялікім бізнесам — але хай сабе, гэта было непазбежна; галоўнае — каб яна гаварыла важныя рэчы. Па ўсёй планеце мы назіраем вяртанне вялікага рамана, рэанімацыю кніжнага тэксту. Людзі, нагуляўшыся з гаджэтамі і канчаткова прыняўшы іх у сваю паўсядзённасць, зноў гатовы заплаціць і ўзяць у рукі кнігі: папяровыя, электронныя — любыя, рэч не ў форме… Кніга не замінае «Фэйсбуку». Кніга не задушыць «Тэлеграм». Кніга можа спакойна суіснаваць з сацсеткамі — яна арганізм не паразітарнага тыпу (гэта я кажу як пісьменнік). Нікуды не падзеліся войны, новыя выклікі стаяць перад грамадствам ва ўсёй сваёй страшнай галізне, чалавецтва змяняецца як від — і шукае ў літаратуры, што гэта ўсё можа значыць: начны кашмар або новы ранак; шукае, куды мы ідзём, хто мы былі і кім сталі. Літаратура заснула — і цяпер прачынаецца, бо прыйшоў яе час. Зноў прыйшоў яе час — як прыходзіў учора, пазаўчора, пяцьсот гадоў таму, у самыя цёмныя ночы розуму.

Літаратура памірае там, дзе чакаюць яе смерці. Краіны, падобныя да Беларусі, як заўжды, спазняюцца — мы робім выгляд, што будучыню можна адмяніць, забараніць, што «все умрут, а я останусь». Ківаючы на заходнія медыя, нашыя журналісты спрабуюць выціснуць літаратуру з аблюбаванай імі прасторы — проста таму, што самі не вытрымліваюць доўгіх тэкстаў. Сацсеткі замяняюць сабой культуру — о так, вядома! Але гэта настолькі ж праўда, наколькі ўмела прышчэплены нам стэрэатып, які навязваюць грамадству, і навязваюць паспяхова, бо менавіта медыя кіруюць думкамі (а не душамі, як прынята лічыць). Усё залежыць ад падачы. Калі б нас вучылі і кожны дзень убівалі нам у галовы, што гэта культура замяняе сабой сацсеткі (сцвярджэнне таксама абсалютна карэктнае), — усе б кінуліся на абарону вольных Social Networks. Так працуе сеціўны свет.

Калі ж мы і праўда зірнем на Захад, дык пабачым там абавязковую прысутнасць «олдскульнай» літаратуры ў любым паважаным выданні. Інтэрв’ю з пісьменнікамі, агляды кніг, эсэ, крытыка. Сеціва дазваляе любы фармат. Там зразумелі: без увагі да сур’ёзнай літаратуры медыя імгненна жаўцеюць. Сучасны паспяховы чалавек цікавіцца кнігамі. Ты можаш быць багаты, але, калі ты не чытаеш кніг, ты лузар. Такая ўжо ўласцівасць прыгожага пісьменства — яно нас ратуе ад пошласці, дробнасці, нізкапробнасці. Зрэшты, ці памятаюць яшчэ нашы эксперты, што гэта такое? Або даўно ўжо служаць новым багам? Ці праблема ў тым, што ладна мы, пакаленне крыху малодшае за таго ж Кнаўсгара, мы яшчэ часам пачытваем кніжкі, а вось моладзь…

Людзі, нагуляўшыся з гаджэтамі і канчаткова прыняўшы іх у сваю паўсядзённасць, зноў гатовы заплаціць і ўзяць у рукі кнігі: папяровыя, электронныя — любыя, рэч не ў форме…

Праблема любой моладзі ў тым, што яна некалі вырасце. Кароткая памяць цяперашніх дваццацігадовых рана ці позна падключыцца да агульнай калектыўнай сістэмы, і калі падрослы чалавек не поўны дэбіл, — некалі ён захоча зазірнуць у сябе і не зможа нічога разгледзець за нагрувашчаннямі кароткіх паведамленняў, пастамі, фоткамі ў «Інстаграме» і мёртвымі аднадзённымі навінамі. Далучыцца да свету і зразумець, хто ты ў ім і навошта, дазваляе толькі літаратура. А наогул — мы ўсе памром. Эксперты, чытачы, лузары, пісьменнікі, журналісты. Калі-небудзь, з кнігай ці без. Усе. І вось гэта якраз-такі не праблема для літаратуры. А хутчэй наадварот — яе перамога.

Я ўжо бачу, як пісьменнікі будучага некалі напішуць, разглядваючы нашы магілы ў сваіх неверагодных сацсетках: «О гэтыя наіўныя людзі мінулага… Яны думалі, што абыдуцца без кніг. Цёмны быў час. Напісаць бы пра іх раман, пра гэтых асталопаў пачатку ХХІ стагоддзя — старонак так на пяцьсот».

І напішуць жа, сволачы. Далібог, напішуць.

Иллюстрация:
  • Evert Colyer, Vanitas (Still Life Vanitas), 1663 (фрагмент)
  • 3
  •  
  • 1
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/