18+

Мост шпіёнаў. Калонка Альгерда Бахарэвіча
30 июля 2018 Колонки

Мост шпіёнаў. Калонка Альгерда Бахарэвіча

  • 5
  •  
  • 1
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пражыўшы месяц у Берліне на літаратурнай стыпендыі, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч адчувае сябе ў Мінску шпіёнам, шукае цэнтр гарадской душы і разважае пра халодную вайну, знакаміты мост Глініке ды напаўзабытае намі пачуццё ўласнай годнасці.

На адным беразе — Берлін. На другім — Патсдам.

А паміж імі — мост.

Мост Глініке. Назва для нашага вуха досыць забаўная і ну такая ўжо славянская, што яе вельмі хочацца зрыфмаваць з якім-небудзь знаёмым з дзяцінства словам. Напрыклад, “длинненький”. “Длинненький Глинике” — хоць не такі ён ужо й доўгі, не даўжэйшы за пераход з “Купалаўскай” на “Кастрычніцкую”. Зрэшты, даўжыню мастоў вызначаюць берагі. Усяго трыццаць з лішкам гадоў таму тут, на берлінскім баку, былі Захад, свабода, дэмакратыя і сэкс-шопы, а на патсдамскім — ГДР, штазі, піянеры і таварыш Хонекер і па тых, хто наважыўся б прагуляцца з берага на бераг без дазволу, стралялі без папярэджання. Так што нават самы кароткі мост мог зрабіцца бясконцым.

Мост шпіёнаў. Галоўны мост халоднай вайны. Тут мянялі агентаў на дысідэнтаў, гераічных савецкіх разведчыкаў на подлых здраднікаў і наймітаў капіталу — і наадварот. Аднойчы кампанія ўсходніх немцаў скрала грузавічок і праскочыла на волю, збіўшы шлагбаум. Але звычайна людзі тут пакорліва ішлі ў зададзеным напрамку — толькі прама, крок за крокам, нібы пешкі, якія перасоўваюць нябачныя гульцы. З вокнаў старасвецкае вілы на гэдээраўскім беразе за гэтай гульнёй назіралі ў біноклі — і дакладвалі ў Маскву: е2 — е4. Размен фігур. Нічыя.

У Берліне я бываў разоў дваццаць, але сюды, на мост, трапіў упершыню. Берлін — горад, які можна адкрываць для сябе да скону, і ўсё роўна нешта ўпусціш, гэта горад без цэнтра, як і Мінск; дакладней, цэнтраў тут шмат, у кожнага свой. Я люблю расказваць пра адно сацыялагічнае даследаванне. У мінчан запыталіся неяк, што яны лічаць цэнтрам свайго горада. Большасць адказала: праспект Незалежнасці. То бок назвала цэнтрам горада пятнаццацікіламетровую магістраль. Цікавае ў беларусаў уяўленне пра геаметрыю.

У Берліне таксама цэнтр вызначыць цяжка — могуць назваць Аляксандэрплац, а могуць і Унтэр-дэн-Ліндэн, а могуць і наогул паслаць у Кройцберг, Нойкёльн ці Маабіт. Берлін — горад з рухомым цэнтрам цяжару, і цэнтр гэты перакочваецца сюды-туды адпаведна тваёй біяграфіі і тваім уяўленням пра свет. Калі ты любіш Набокава — цэнтр твайго Берліна перамяшчаецца разам з ягонымі героямі і можа дакаціцца ажно да пляжу ў Грунэвальдзе. Калі ты глядзеў “Вавілон Берлін” (так, немцы нарэшце знялі добры серыял) — так і не зразумееш, дзе адбываецца дзеянне: што ні мільгае ў кадры – усё выглядае цэнтрам. Калі ты берлінскі турак і прадаеш кебабы — твой цэнтр заўжды проста за акном кавярні. Цэнтр Берліна — гэта людзі, якія ў ім жывуць. Людзі з пачуццём уласнай годнасці, за якую яны дорага заплацілі.

За маёй спінай Берлін — горад, які адкрыта гаворыць пра свае траўмы. Горад, які вылечыўся ад ганьбы. Наперадзе — Мінск, які змагаецца за гістарычныя помнікі, мову, свабоду, легалайз травы і права хадзіць уначы п’яным па Зыбіцкай.

Для савецкага дысідэнта Анатоля Шчаранскага цэнтрам Берліна аказаўся мост Глініке на самай ускраіне. Кажуць, калі гэтага іншадумца мянялі ў 1986 годзе на нейкага схопленага савецкага шпіёна, перад самым абменам кадэбэшнікі загадалі Шчаранскаму зняць адзенне, выдалі яму большыя на тры памеры штаны без рамяня і сказалі: бяжы!

І ён пабег, прытрымліваючы рукамі шырачэзныя калашыны, блытаючыся ў іх, а штаны ўсё роўна падалі, падалі, не пускалі яго наперад, і мост ніяк не канчаўся. Гэта было выкшталцонае прыніжэнне, развітальнае ганебнае шоу — менавіта так, трымаючы штаны, мусіў, на думку ягоных турэмшчыкаў, уцякаць з імперыі здраднік, яўрэй і халуй. Бяжы, Толік, бяжы. У адной руцэ — годнасць, у другой — надзея. На адным беразе — воля, на другім — турма.

Шчаранскі дабег — і зрабіўся вядомым палітыкам, міністрам, пісьменнікам. Змагаром за годнасць — нацыянальную і чалавечую. Пра тых, хто прыдумаў фокус са штанамі, мы не ведаем анічога. Напэўна, яны дагэтуль лічаць сябе героямі і рагочуць падчас пасядзелак за каньячком, прыгадваючы таго чалавечка ў безразмерных штанах. І паміж імі і іх ахвярай заўжды будзе гэты чыгунны мост — або туды, або назад. Або годнасць, або ганьба.

Стоячы на мосце Глініке, я спрабую ўявіць сабе, што яны адчувалі — людзі, якія мусілі ісці наперад: хто ў Берлін, хто ў Патсдам. Шпіёны і дысідэнты, за спінамі якіх стаялі байцы нябачнага фронту ў шэрых плашчах і кіравалі: стаяць, ісці, бегчы, не абарочвацца.

У адной руцэ ў мяне бутэлька піва. У другой — скручаная толькі што цыгарка. Пасля Мінска ў Берліне заўжды дзіўнавата: піва можна піць дзе хочаш, а тытунь дарагі. Стоячы тут, на мосце Глініке, я думаю пра тое, што ёсць цэнтрам чалавека. Можа, акурат тая самая годнасць? Можа, праславутая годнасць — усяго толькі страх яе страціць? Годнасць. Забытае слова, амаль архаізм. І пры чым тут штаны?..

За маёй спінай Берлін — горад, які адкрыта гаворыць пра свае траўмы. Горад, які вылечыўся ад ганьбы. Наперадзе — Мінск, які змагаецца за гістарычныя помнікі, мову, свабоду, легалайз травы і права хадзіць уначы п’яным па Зыбіцкай. Горад, вуліцы якога названы ў гонар забойцаў, горад, дзе жывых людзей называюць падробкай і робяць выгляд, быццам будучыні не існуе. Горад, дзе мы з табой адразу па прыездзе зноў адчуем сябе шпіёнамі, як бы ні ўсміхаўся нам малады пагранічнік — з вачыма сінімі, як у смерці.

Заглавное фото:
  • Кадр из фильма «Шпионский мост» (2015)
  • 5
  •  
  • 1
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/