18+

Андрэй Iльнiцкi: «Калі чалавек баіцца старасці, то ён яе ва ўсіх непрыгожых формах і атрымае»
16 ноября 2019 Интервью

Андрэй Iльнiцкi: «Калі чалавек баіцца старасці, то ён яе ва ўсіх непрыгожых формах і атрымае»

  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Як ваўкалакі баяцца сонечнага святла, так чалавек баіцца старасці. Асінавы кол у старасць не заб’еш, але не трэба пужацца яе надыходу і страчваць прытомнасць пры з’яўленні новых зморшчынак. Вольга Губская сустрэлася са спецыялістам па пытаннях здаровага старэння, герыятрам Андрэем Iльніцкім, які распавёў, як жыць і не баяцца лічбаў у пашпарце…

ХТО:Доктар медыцынскіх навук, герыятр
ЧАМУ:Пасля размовы з Ільніцкім хочацца пераглядзець «Загадкавую гісторыю Бенджаміна Баттана»
ЗВЯРНУЦЬ УВАГУ НА ФРАЗУ:«Мне бывае сумна, калі нашы пацыенты кажуць: “Божухна, я ж пражыў не сваё жыццё. Прафесію мне выбраў бацька, жонку — маці, жонка кіравала мной усё жыццё, а я сам быццам бы і не жыў!”»

— Чым займаюцца герыятры?

— Герыятрыя — гэта медыцынская спецыяльнасць, якая займаецца лячэннем хворых сталага ўзросту. Мяне гэта захапляе як нешта новае. Мы жывём у перыяд глабалізацыі, калі свет улічвае традыцыі і заходняй медыцыны, і ўсходняй. Традыцыя заходняй медыцыны палягае ў тым, што чалавек разглядаецца як апарат і хвароба ўспрымаецца па прынцыпе «ў чалавека нешта псуецца, і гэта трэба лячыць». Усходняя, напрыклад, кітайская медыцына, накіравана на тое, каб разглядаць чалавека ў кантэксце асяроддзя. Герыятрыя — гэта спецыяльнасць часу глабалізацыі, калі ўлічваецца і адно, і другое. І сутнасць гэтага герыятрычнага падыходу ў тым, каб не толькі даведацца, што зламалася ў арганізме, але гэтак жа ўважліва вывучыць асяроддзе, у якім чалавек жыве з гэтай «паломкай».

Па сённяшні дзень бытуе фраза «актыўнае даўгалецце», але яно ў вялікай ступені савецкае і вядзе да таго часу, калі здавалі нормы ГПА і трэба было быць актыўным. Зараз мы кажам, што даўгалецце павінна быць функцыянальным. Чалавек можа не выходзіць за межы пакоя, але яго жыццё можна арганізаваць так, што ён будзе адчуваць сябе больш-менш прыстойна. У такім разуменні герыятрыя ўзнікла ў свеце каля 10 гадоў таму — гэта ўжо новы погляд на чалавека і яго ўзрост.

— Людзі якой узроставай катэгорыі з’яўляюцца вашымі кліентамі? З якой лічбы стартуе старасць?

— Сама герыятрыя дзеліцца на дзве галіны: першая, класічная, займаецца чалавекам пасля 75 гадоў, а другая галіна даследуе, што можна зрабіць пасля 40, каб старэнне было больш прыязным. А каб старэнне было прыязным, трэба змяніць да яго стаўленне ў грамадстве.

— З чаго гэтае стаўленне складаецца? 

— Перш за ўсё, са слоў, якія мы гаворым. Зараз у моўным свеце дыскутуюць, як правільна называць старасць. Не трэба казаць «стары чалавек». Трэба шукаць іншыя словы, якія б не траўміравалі.

Вельмі важна называць чалавека па імені. У нас, калі чалавек састарэе, ён раптам становіцца дзядулем ці бабуляй для ўсіх, а не толькі для сваіх унукаў. Паўсюль у крамах толькі і чуеш «бабуля», «дзядуля». Гэта прыводзіць да зніжэння памяці, чалавек нiбыта страчвае сваё iмя. Таксама мы, герыятры, думаем, што не трэба саромецца ўзросту, не трэба яго хаваць. Не трэба гаварыць «я ўжо старая», лепш сказаць «мне 80 гадоў».

Не варта казаць, што старасць асацыіруецца з нямогласцю. У англійскай мове ёсць тэрмін oldspeak — спецыяльная мова для сталых людзей. Трэба размаўляць з імі так, як ты размаўляеш з чалавекам маладога ці сярэдняга ўзросту. І вельмі важна карыстацца гэтым правілам у прэсе. Часта журналісты ў дачынені да сталых людзей пішуць «старыя, дэментныя» без ужывання слова «людзі». Яны быццам бы выкрэсліваюць сталых ці хворых людзей з нашага соцыуму, навешваюць негатыўны ярлык. А з імі таксама трэба працаваць, падтрымліваць у жыцці.

— Да працы герыятраў трэба далучаць філолагаў…

— Вы маеце рацыю. Мы пра гэта шмат думалі… Вельмі важна сфармуляваць словы (і беларускія, і рускія), пры дапамозе якіх можна будзе карэктна гаварыць пра старасць. У англамоўным свеце цэлая дыскусія — як называць старых, каб не нашкодзіць ім. А ў нас можна прачытаць «я старая кабета гадоў за 40…». Гэта жудасна! І так пішуць людзі, да якіх прыслухоўваюцца, а яны звяртаюцца да грамадства з такім наборам ідэй! У  заходнім грамадстве жанчына пасля 40 часам толькі задумваецца пра першую цяжарнасць! У нас у гэтым сэнсе грамадства патрыярхальнае.

Наша геранталагічнае аб’яднанне возьме ўдзел у фестывалі «Энергія ўзросту», які будзе ладзіць адна турыстычная кампанія. Арганізатарка гэтага фестывалю распавяла, што стала вывозіць людзей, якія перасталі працаваць па прычыне ўзросту, за мяжу. Дык вось выклікала цікавасць назіранне, як гэтыя людзі пераадольвалі застарэлыя штампы: спачатку яны бралі з сабой у падарожжа шмат рэчаў, вялікія сумкі. Уявіце, праз тыдзень падарожжа яны зусім змяніліся. Спачатку саромеліся ісці на дыскатэку (мы старыя, куды мы пойдзем), а потым з задавальненнем хадзілі; змянілі погляд на тое, як трэба апранацца, набылі заплечнікі. Відавочна, што людзі гатовыя да гэтых змен, засталося змяніць погляд грамадскай эліты.

Нядаўна я прачытаў артыкул аднаго нашага вядомага беларускага філосафа «Мужчынскі клімакс», у якім ён сцвярджае, што чалавечае існаванне мае сэнс да той мяжы, пакуль чалавек можа рэпрадуцыраваць нашчадкаў. Як толькі рэпадукцыйная функцыя заканчваецца — чалавек ужо непатрэбны. Гэтыя ідэі па меншай меры 50-гадовай даўніны! Гэта яшчэ раз падкрэсівае думку, што наша грамадства больш разумнае, чым яго эліта.

— Калі мы закранулі мужчынскі клімакс, скажыце: сэксуальнасць і ўзрост узаемазвязаныя?

— Сэксуальнасць суправаджае чалавека ўсё жыцце. І ў сталасці яна існуе таксама, проста мяняюцца яе формы. Дарэчы, бываюць людзі доўгажыхары ў гэтым сэнсе. Яны становяцца бацькамі ў вельмі прыстойным узросце. Звычайная ж колькасць людзей мяняе формы сэксуальнага жыцця. Пераважаюць пагладжванні, пяшчотныя словы. Хаця бывае дэменцыя, калі чалавек не ўсведамляе сам сябе, тады можа быць сэксуальная растарможанасць — гэта, вядома, праблема. Але, калі гаварыць пра здаровага чалавека, у яго сэксуальнасць ёсць, проста ў іншай форме.

— Ці ёсць у беларусаў схільнасць да ранняга старэння?

— Ёсць, але ў большай ступені ў людзей больш сталых. У маладых людзей, міленіялаў, такога тыпу старэння, хутчэй за ўсё, не будзе.

— Чаму? 

— Таму што ў міленіялаў іншая мадэль паводзін. Яны ў добрым сэнсе зацыкленыя на здаровым ладзе жыцця. Заўважце, у спартыўных залах пераважна займаюцца маладыя людзі, яны менш ужываюць алкаголь, трэнд для іх — не паліць ці кінуць гэту звычку. Чалавек пачаў індывідуалізавацца. Для новага пакалення індывідуальнасць — іх цела. Ёсць тут адмоўныя бакі, вядома — раннія пластычныя аперацыі, паходы ледзь не з 17 гадоў да касметолагаў.

— Значыць, сярэдняе і сталае пакаленне мае вялікую рызыку заўчаснага старэння?

— Так, гэта наступствы пераходнага перыяду, які мы перажываем. Праблема гэтай катэгорыі людзей у тым, што ў іх галаве няма механізма рэфлексіі: што добра для здароўя, а што дрэнна. Праблема ў нізкім узроўні адукаванасці ў галіне здаровага, дакладней — разумнага ладу жыцця. Таму нашага чалавека вельмі лёгка падмануць якой-небудзь рэкламай, навамоднымі дыетамі.

Калі ты прыязджаеш у Італію, першае, што кідаецца ў вочы — практычна адсутнасць людзей з атлусценнем, таму што там папулярна міжземнаморская дыета — самая здаровая ў свеце, якая выпрацоўвалася стагоддзямі. Беларусы — сялянская нацыя, і нічога дрэннага ў гэтым няма. Селянін асацыіруецца з прыпасамі. Што такое прыпасы? Гэта сала, каўбасы… Калі прыязджаеш у Беларусь, адразу заўважаеш, што ў людзей нейкія крыху адутлаватыя твары, таму што тут вельмі салёная ежа. Гэта наша традыцыя, і з гэтымі няправільнымі традыцыямі трэба працаваць. Фіны таксама сялянская нацыя, жывуць у дрэнным клімаце, там увесь час цёмна і халодна, але калі ты прыходзіш у рэстаран, то бачыш шведскі стол з садавінай і гароднінай. Ты плаціш, напрыклад, за піцу, а пры гэтым можаш узяць незлічоную колькасць садавіны і гародніны. Гэта прывучае людзей да больш здаровага харчавання.

— У рускай мове ёсць слова «дряхлый», у беларускай — «кволы», у англійскай — «frailty» («хрупкий»): усё гэта бытавыя вызначэнні старасці. Ці можна з улікам разнастайнасці вызначэнняў гаварыць пра нацыянальныя прыкметы старэння?

— Мы можам казаць пра ментальнасць. У беларусаў памяркоўная, мяккая ментальнасць. Памятаеце, я вам казаў, што сучасная герыятрыя арыентуецца на чалавека ў асяроддзі? Дык вось асяроддзе — гэта людзі, якія даглядаюць сталага чалавека. У Італіі, напрыклад, калі стары чалавек жыве ў маленькім квартале, яго ведае пекар, да якога ён ходзіць па хлеб, доктар, гадзіннікавы майстар. Усе гэтыя людзі складаюць сommunity — тую сукупнасць людзей, якая дапамагае гэтаму сталаму чалавеку. У рускай і беларускай мовах мы і нашы паплечнікі заўсёды маем цяжкасці пры перакладзе гэтага паняцця. Часта ўжываемае словазлучэнне «дапамога community» некоторыя калегі перадаюць як «аказанне сацыяльна-медыцынскай дамамогі на даму», а на самой справе гаворка пра грамадскую падтрымку сталага чалавека, дапамогу з боку мясцовай сукупнасці людзей.

А вось у беларускай мове шмат вызначэнняў такой сукупнасці людзей. Гэта і талака, і грамада, і супольнасць, і грамадства. Гэтая сукупнасць людзей мае нават адценне паводзін: грамадства — нешта больш высокае, супольнасць — мясцовае, грамада — калі трэба кагосьці абараняць, талака — нешта вясёлае. Так што часам сродкамі беларускай мовы можна больш дакладна перадаць сучасныя тэндэнцыі ў падтрымцы сталых людзей.

— Ці можна падрыхтавацца да старасці?

— Ведаеце, чыста псіхалагічна чалавек не думае пра сваю старасць у сэнсе здароўя. Усім хочацца жыць доўга, шчасліва і без хвароб. На мой погляд, больш рэальна навучыць людзей жыць правільна тут і зараз. Калі чалавек будзе ведаць, што ён павінен абавязкова рухацца і колькі рухацца, як ён павінен харчавацца, як авалодваць сабой, каб не пакутаваць ад стрэсу, не замяшчаць стрэсы дрэннымі звычкамі, — гэта і ёсць захаванне здароўя і адначасова падрыхтоўка да старасці. Сучасная навука дае нам падставы навучыць чалавека таму, што трэба рабіць для здаровага старэння тут і зараз. Калі чалавек баіцца старасці, то ён яе ва ўсіх непрыгожых формах і атрымае, а вось у аптыміста і старасць будзе больш прыязнай. Хаця цяпер у старасці з’яўляюцца новыя хваробы. Зараз у свеце прызнана, што адзіноцтва — гэта хвароба. Свет ахоплены эпідэміяй адзіноцтва.

— Няўжо адзіноцтва стане афіцыйнай хваробай?

— Разумееце, вакол чалавека можа быць шмат людзей — дзеці, унукі, але не хапае аднаго партнёра, з якім чалавек, напрыклад, пражыў усё жыццё, і з-за гэтага ўзнікае пачуццё адзіноты. Такія людзі звычайна дрэнна ядуць — гэта вельмі па-славянску: няма з кім падзяліць ежу. А гэта ў сваю чаргу вядзе да недахопу карысных рэчываў, зніжаецца мышачная сіла, чалавек не можа ездзіць ці гуляць так, як яму трэба па здароўі, у выніку абвастраюцца тыя хранічныя хваробы, якія ў чалавека ёсць.

— Ці можна зрабіць з гэтага выснову, што сучаснае пакаленне, міленіялы, якія і так адзінока сядзяць у гаджэтах, будуць пазбаўлены гэтай хваробы?

— У дачыненні да сучаснага пакалення складана даваць прагнозы, а што датычыцца сталых людзей, то даказана: чым часцей сталы чалавек карыстаецца гаджэтамі, сацыяльнымі сеткамі, тым большая ў яго ступень адзіноты. Што атрымліваецца? Маладыя людзі ці людзі сярэдняга ўзросту думаюць так: у мяне ёсць маці ці бацька (бабуля, дзядуля), я буду размаўляць з імі праз скайп штодзень 10-15 хвілін — і ўсё будзе добра. У гэтых маладых фарміруецца думка, што яны ў цесным кантакце са сваімі сталымі сваякамі. З надыходам лета — часу, калі раней моладзь ехала да сваіх бабулі і дзядулі, у яе і ўзнікае думка: «Чаго я да іх паеду, калі мы і так кожны дзень размаўляем праз скайп?» Адбываецца разрыў кантактаў. Сацыяльныя сеткі не могуць кампенсаваць нармальных чалавечых зносін, як кажуць, «вочы ў вочы».

— Як спецыяліст-герыятр скажыце: у чым сакрэт даўгалецця?

— Вялікую ролю адыгрываюць і генетыка, і паводзіны. Напрыклад, рух: для падтрымання здароўя нам патрэбны 150 хвілін на тыдзень аэробнай фізічнай нагрузкі. Па выніках новых даследаванняў, нават калі чалавек «ляжаў на канапе», а потым стаў рабіць хаця б 3000 крокаў на дзень — гэта ўжо зніжае рызыку дэменцыі. Далей — ежа. Рэкамендуецца ўжываць зялёную ежу — 500 грамаў садавіны і гародніны ў суадносінах 200/300, абмяжоўваць чырвонае мяса, а вось мяса птушкі, наадварот, пажадана. Падтрымліваць стаматалагічнае здароўе. Згуба 6 зубоў у 5 разоў павышае рызыку ішэмічнай хваробы сэрца. Таксама трэба своечасова рабіць прышчэпкі згодна з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.

— Што з алкаголем?

— Сучасная пазіцыя — алкаголь зусім некарысны. Але ў кожнай краіне ёсць свая культурная традыцыя ў гэтым сэнсе, таму я скажу так: чым менш, тым лепш.

— А як жа карысць чырвонага ці белага сухога віна?

— Гэта ўсё паходзіць з міжземнаморскай дыеты, але для міжземнаморцаў гэта частка культуры жыцця. Віно, гарэлка — гэта не лекі, не прафілактыка, але калі ты выпіваеш келіх добрага віна паміж стравамі, то нічога дрэннага ў гэтым няма, асабліва калі рабіць гэта са смакам, з адпаведнай ежай. А ў нас часам няма гэтай мяжы, дзе карысна, а дзе перабор. Хаця моладзь ужо п’е менш.

— Зараз модна казаць, што канабіс лепш, чым алкаголь. Якая ваша пазіцыя?

— Калісьці я быў у Вене, ішоў па Рынгу, бачу — стаіць моладзь, усе смяюцца, вяселяцца. Я падышоў да паліцэйскага і спытаў, што адбываецца. Аказваецца, гэта дэманстрацыя ў падтрымку марыхуаны. Мабыць, гэта разумна для пэўнага грамадства, бо дазваляе кантраляваць сітуацыю і не заганяць такую з’яву ў падполле. Трэба, каб гэтыя людзі былі навідавоку. Але, вядома, канабіс — гэта шкодна. Таксама, як і алкаголь. Вось да чаго можа прывесці сістэматычнае ўжыванне алкаголю ў Беларусі? Тут клімат цяжкі: ці цёмна, ці дождж, лета кароткае, міжсезонне вялікае, алкаголь можа стаць своеасаблівым сродкам замяшчэння гэтых рэчаў. Так што, можа, нам трэба пільней прыглядзецца да вопыту краін Скандынавіі, дзе ўсё ж такі існуюць моцныя абмежавальныя меры супраць залішняга ўжывання алкаголю.

— З такой пазіцыяй вы і ворагаў сабе нажыць можаце. А як вы ставіцеся да пластычнай хірургіі і ці здольны прачытаць узрост па знешнасці?

— Па знешнасці гэта цяжка зрабіць, ды і няма такой неабходнасці, таму што галоўнае — унутраная прыгажосць, якая ў антыўзроставай медыцыне з’яўляецца прызнаным вызначэннем такой дзейнасці ўнутраных органаў, што забяспечвае добры знешні выгляд.

— І як мужчына вы зараз кажаце праўду?

— Не як мужчына, як урач (усміхаецца). А што да пластычнай хірургіі… У Беларусі гэтага мала, а ў Расіі грамадства больш капіталізаванае і сегмент здаровага ладу жыцця вельмі камерцыялізаваны. На людзей заўважна ўплывае рэклама, грамадская думка, таму яны імкнуцца выглядаць на ўсе 100% і думаюць, што без пластычнай хірургіі гэта немагчыма. Гэта праблема грамадскай думкі. У заходніх краінах гэта ўжо адыходзіць, а ў Беларусь, мусіць, яшчэ прыйдзе.

— А што вы думаеце наконт узроставай мяжы для працы? Да якога ўзросту з пазіцыі медыцыны можна прадуктыўна працаваць? 

— Працаваць можна колькі заўгодна, з пункту погляду гераталогіі важна, каб чалавек атрымліваў задавальненне ад працы. Мне бывае сумна, калі нашы пацыенты, дажыўшы да паважаных гадоў, кажуць: «Божухна, я ж пражыў не сваё жыццё. Прафесію мне выбраў бацька, жонку — маці, жонка кіравала мной усё жыццё, а я сам быццам бы і не жыў!» Вось у чым каштоўнасць размовы са старымі людзьмі — ім няма патрэбы ні за што хавацца: за справы, сям’ю, кар’еру — і яны кажуць вельмі чалавечыя рэчы. У гэтым каштоўнасць старасці. Праз працу са сталымі людзьмі я зразумеў, што самая галоўная каштоўнасць для чалавека — пражыць менавіта сваё жыццё. Але прабіцца да сябе — самае цяжкае, што можа быць… Праз забабоны свайго часу, праз накіп жыцця, праз мітусню, занятасць… Што б я пажадаў кожнаму чалавеку, дык гэта знайсці сябе. Гэта самае цяжкае.

— Вы знайшлі?

— Мне здаецца, што знайшоў.

Даведка «Большого».

Ільніцкі Андрэй Мікалаевіч — доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны Акадэміі постдыпломнай адукацыі Федэральнага навукова-клінічнага цэнтра Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва (Масква), старшыня Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб’яднання, член Праўлення Еўрапейскага таварыства герыятрычнай медыцыны.

Фото:
  • Светлана Воробьева
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вам срочно нужна квартира на сутки в Барановичи? Не переживайте, наш сайт предоставляет вашему вниманию множество отличных предложений, чтобы Вы смогли максимально быстро и выгодно, а главное, без посредников снять квартиру в Барановичах. Более детальную информацию вы можете получить на нашем сайте: sutkibaranki.by

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/