18+

Алег Сільвановіч: «Мне ніхто з дзяржаўных чыноў не ўказвае, які фільм мы павінны здымаць»
6 июня 2014 Интервью

Алег Сільвановіч: «Мне ніхто з дзяржаўных чыноў не ўказвае, які фільм мы павінны здымаць»

  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Алег Сільвановіч, генеральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», пра тое, як можна зарабляць на кіно, чаму «Партызан-фільм» гучыць не ганебна і якая сувязь паміж кінематографам і крымінальным кодэксам.

ХТО:дырэктар
ЧАМУ:таму што «Большой» верыць у стваральную сілу «Беларусьфільма»
ЗВЯРНУЦЬ УВАГУ НА ФРАЗУ:«У слове «Партызан-фільм» няма нічога ганебнага»

— Алег Ігаравіч, вы прапанавалі назваць нашу гутарку «Размова двух дылетантаў». Ці не баіцеся пасля гэтага праславіцца як дылетант у сваім асяроддзі?
— Не баюся. Пэўна, аматары «пафлудзіць» пракаментуюць гэта асабліва брыдка — і гэта вельмі сумна, бо менавіта інтэрнэт-прастора робіць нас бессмяротнымі, а так не хочацца, каб усе пачынанні былі запэцканыя дзярмом на тваёй магіле!

— Але чаму вы ў кінематографе дылетант?
— Па-першае, для мяне слова «дылетант» наўпрост звязанае са словам «аматар», у якім прыхаваная вялікая любоў да сваёй справы. Таму, нягледзячы на прафесійную ВГИКаўскую адукацыю, усе існыя правілы люблю ставіць пад сумненне. А гэта доля дылетантаў.
Па-другое, нават Сакрат неяк заўважыў: «Я ведаю, што нічога не ведаю».
А па-трэцяе, я толькі чацверты год працую на кінастудыі, а тут шмат людзей, якія падаравалі ёй больш за 30 гадоў свайго жыцця. Дык вось побач з імі я выглядаю абсалютным дылетантам.

Па-першае, для мяне слова «дылетант» наўпрост звязанае са словам «аматар», у якім прыхаваная вялікая любоў да сваёй справы.

— Як яны ўспрынялі вас у ролі дырэктара?
— Прымаюць жа па справах. Спачатку па абяцаннях, потым па тым, як ты трымаеш сваё слова, далей па выніках. Людзі ж бачаць, што ты заўсёды на месцы, у зоне дасягальнасці, хутка рэагуеш на няпростыя сітуацыі, што часам узнікаюць. Яны разумеюць, што ты кіраўнік, надзелены паўнамоцтвамі для рашэння ўсіх задач, і ўся адказнасць таксама — на табе. Калі я як кіраўнік нешта не разумею, то супрацоўнікі кінастудыі з рознай ступенню эмацыйнага пераканання мне гэта тлумачаць.

 

Алег Сільвановіч

 

— Дарэчы, кінавытворчасць у Беларусі пачалася напачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Ці паспелі за гэты час сфармавацца традыцыі беларускай кінастудыі?
— Абагульняючы, можна сказаць, што беларуская кінавытворчасць распачалася ў Ленінградзе: было арандаванае памяшканне тэатра «Крывое люстэрка», у якім і была размешчана кінафабрыка. Асноўная праблема, якая ўзнікла тады і да сёння існуе, — беларускасць. Таму пераадоленне гэтай праблемы сённяшнім «Беларусьфільмам» з’яўляецца традыцыяй!

— Чаму цяпер у нашым кіно беларуская мова выкарыстоўваецца рэдка?
— Пытанне глабальнае. Давайце разбірацца паступова. У 2011 годзе намі быў зняты тэлесерыял «Талаш» на беларускай мове. Для продажу была зроблена версія на рускай мове. У гэтым годзе выпусцілі ў пракат поўнаметражны анімацыйны фільм «Прыгоды Несцеркі» на беларускай мове (дарэчы, ёсць і рускамоўная версія, ёсць і з англійскімі субцітрамі). Большасць дакументальных фільмаў мы здымаем на беларускай мове.

— Чаму ж іх так мала на экране?
— На якім? У расійскі кінапракат выйсці з фільмам на беларускай мове — проста нерэальна! Я распавядаю пра кінастудыю, пра тое, што мы здымаем. Сёння ў нас ёсць шэраг праектаў, дзе ўжываецца беларуская мова. Месцамі яна суіснуе ў кадры (калі персанажы шматмоўныя), а ёсць фільмы і серыялы, дзе яна асноўная. Але пры гэтым узнікае пытанне адрасу і акупнасці.
На жаль, краіна з насельніцтвам дзевяць з паловай мільёнаў чалавек нават тэарэтычна не здолее акупіць у нацыянальным кінапракаце (у якім трохі больш за 130 кінатэатраў) вытворчасць сучаснага фільма, нават з улікам продажу на беларускія тэлеканалы. Актыўная частка нашых кінагледачоў не настолькі вялікая і не стане па некалькі разоў праглядаць беларускамоўны фільм, каб ён акупіўся. Калі мы гаворым пра неабходнасць эканамічнай мэтазгоднасці кінапраектаў, то павінны разлічваць на тэрыторыі суседніх дзяржаў. А пакуль беларуская мова не з’яўляецца, на жаль, мовай міжнацыянальных зносін.
Перыядычна мы выходзім у расійскі кінапракат, які, натуральна, не імкнецца паказваць фільм на беларускай мове. Гэта значыць, з аднаго боку, прыходзіцца клапаціцца пра развіццё нацыянальнай кінавытворчасці і павелічэнне колькасці карцін на беларускай мове, а з другога — трэба здымаць праекты, якія банальна разлічаныя на прыбытак, то бок мы вымушаныя выпускаць у асноўным рускамоўныя фільмы. Некаторыя фільмы мы здымаем на беларускай мове, а потым дублюем іх на рускую і спрабуем прадаць у Расію.

Мы вырабляем кінапрадукт, а на ратацыю ці рэйтынгі мы не ў стане паўплываць. Толькі якасцю фільма

— А кінастудыя не лабіруе інтарэсы беларускамоўнага кіно на беларускім тэлебачанні?
— Якім чынам? «Беларусьфільм» — гэта дзяржаўнае прадпрыемства, яно знаходзіцца на дзяржразліку, і тэлебачанне нам не падуладнае.
Мы выходзім са сваім прадуктам на тэлеканалы, а яны вырашаюць — паказаць ці не паказаць яго тэлеаўдыторыі. Беларускае тэлебачанне неаднаразова паказвала серыял «Талаш», вялікую колькасць нашых дакументальных беларускамоўных фільмаў. Мы вырабляем кінапрадукт, а на ратацыю ці рэйтынгі мы не ў стане паўплываць. Толькі якасцю фільма…

Краіна з насельніцтвам дзевяць з паловай мільёнаў чалавек нават тэарэтычна не здолее акупіць у нацыянальным кінапракаце вытворчасць сучаснага фільма, нават з улікам продажу на беларускія тэлеканалы.

— Вось гэта я і жадала пачуць. А цяпер пра набалелае, толькі не крыўдуйце. «Беларусьфільм» часцяком называюць «Партызан-фільмам». Адкажыце, ну колькі можна здымаць кіно пра вайну?
— Па-першае, нам ніяк не абысці тэму вайны і тэму народнай памяці. Пакуль краіна не здолее ўзнавіць сваю колькасць насельніцтва, ды яшчэ і папоўніць яго, дык не здолее выйсці з гэтага стану. Ці магчыма ў прынцыпе забыцца пра кожнага трэцяга, хто загінуў у вайне?
Па-другое, ёсць сюжэты, якія так ці інакш заснаваныя на розных складаных адрэзках часу. Ёсць перыяды найскладанейшых выпрабаванняў, якія даюць магчымасць героям выявіць свае якасці, абвастрыць канфлікты, экстрапаляваць маштаб асобы!
Дый потым, фільмы пра вайну розныя… Калі ўзгадаць «Брэсцкую крэпасць», гэта чыста патрыятычнае кіно, а калі гаварыць пра фільм «У тумане», то гэта ўвогуле не ваенны фільм, гэта экзістэнцыйная драма, якая закранае асновы маралі. І ў гэтым выпадку не так ужо і важна, што дзеянне адбываецца ў ваенны час. Важна тое, пра што распавядае рэжысёр у карціне. Таму калі вы бачыце толькі трох хлопцаў з вінтоўкамі, апранутых у ватоўкі, якія без музыкі ходзяць у кадры, калі вас раздражняе рытм фільма, то вы не заўважаеце самага галоўнага, таго сакральнага гуманістычнага прыярытэту над абставінамі, пра што заўсёды пісаў Васіль Быкаў.
А калі гаварыць пра кінастудыі, дык тэма вайны для нас вельмі актуальная. І яна рэальна запатрабаваная. Мы сумесна працуем з замежнымі кінакампаніямі над праектамі ваеннай тэматыкі. У нас сапраўды ёсць такая спецыялізацыя, бо нам пашчасціла захаваць сапраўднае абмундзіраванне, аўтэнтычную вопратку і абутак таго часу, ваенную тэхніку.
У слове «Партызан-фільм» няма нічога ганебнага. Я магу сказаць, што сёння сумесны ваенны кінапраект прапаноўвае Кустурыца. Ëн жа не прапанаваў нам зняць сучасную меладраму!

Мне ніхто ніколі і нідзе з дзяржаўных высокіх чыноў не ўказвае, які менавіта фільм павінен здымаць «Беларусьфільм».

— Карацей, вайну яшчэ купляюць?
— Не проста купляюць, а купляюць ахвотна. Мы зрабілі сумесна з беларускімі партнёрамі (прыватнай кампаніяй і адным з тэлеканалаў) серыял «Сляды апосталаў» і прадалі яго імгненна тэлеканалу «Расія 1», а на атрыманыя грошы здымаем новую карціну — сучасную лірычную камедыю. Сёння для выжывання кінастудыі вельмі важнай з’яўляецца эканамічная эфектыўнасць гаспадарання. Ніякіх датацый ад бюджэту на сваё ўтрыманне мы не маем!

— Лазніца стаў брэндам і гонарам «Беларусьфільма»?
— Лазніца — гэта Лазніца. Гэта самастойная мастацкая велічыня. Ён ніколі не быў рэжысёрам «Беларусьфільма», а прыйшоў да нас з праектам экранізацыі твора Быкава. Тое, што зрабіў Лазніца, — найталенавіцейшы праект, шэдэўр. Паверце, прымусіць чапурыстую канскую публіку ў смокінгах і вячэрніх сукенках з дэкальтэ 10 хвілін апладзіраваць стоячы — гэта крута! Акрамя таго, гэты сумесны міжнародны праект для нас — яшчэ і сур’ёзны досвед еўрапейскай кінавытворчасці.
Цяпер сумесна з Расіяй, Германіяй, Фінляндыяй (рэжысёр Канстанцін Лапушанскі) мы зрабілі фільм «Роля» — гэта гісторыя 20-х гадоў мінулага стагоддзя. У галоўнай ролі — Максім Суханаў. Карціна выдатная, знятая на чорна-белую стужку, потым алічбаваная, а дбайны пошук танальнага вырашэння карціны дазволіў зрабіць яскравы аўтарскі праект.
Увогуле, у нас шмат карцін не пра вайну. Хоць тэма фільма адыгрывае важную ролю, але гэта не адзіны галоўны складнік, калі вядзецца гаворка пра запуск праекта.
Цяпер кінастудыя — нават калі не згадваць мадэрнізацыю і рэканструкцыю — шмат што змяняе. Мы імкнемся зразумець, чым можам быць прывабнымі для партнёраў.

— І чым, на вашу думку?
— Пакуль толькі тэхнічнымі паслугамі, пэўнымі спецыялістамі, касцюмамі, рэквізітам, павільёнамі, натуральнай пляцоўкай. А як рэканструкцыя не завершаная, мы працуем у складаных умовах: без эталонных кіназалаў, у якіх можна кантраляваць якасць адлюстравання і гуку, без тонстудыі, атэлье запісу гуку, без долбі-лабараторыі.

— Ці мае «Беларусьфільм» нейкае дачыненне да дзяржаўнай ідэалогіі?
— Мне ніхто ніколі і нідзе з дзяржаўных высокіх чыноў не ўказвае, які менавіта фільм павінен здымаць «Беларусьфільм». Праекты мы падаем на конкурс у Міністэрства культуры, а конкурсная камісія вырашае, які менавіта праект падтрымаць.

— Iнтуіцыя вам падказвае, што добра, а што дрэнна?
— Варта паважаць крымінальны кодэкс, які падказвае, што здымаць не трэба. А ёсць яшчэ і цвярозы розум — я ўсё ж такі бацька, які бачыць у кінематографе і выхаваўчыя задачы і функцыі.

Тэкст:
  • Вольга Губская
Фота:
  • Мікалай Купрыч
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/