18+

Зміцер Вішнёў: «Я згубіўся ў творчай гульні»
6 декабря 2010 Интервью

Зміцер Вішнёў: «Я згубіўся ў творчай гульні»

  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
Зміцер Вішнёў піша сюррэалістычныя тэксты, малюе мандавошак і выдае беларускамоўную літаратуру. Сёння яго выдавецтва «Галіяфы» перажывае не самыя лепшыя часы. Пра складанасць выдавецкага бізнесу ў Беларусі, «Замак пабудаваны з крапівы» і ролю фрыкаў у беларускай літаратуры Зміцер Вішнёў распавёў Вячаславу Корсаку.

— Зміцер, як сёння жывецца выдавецтвам, якія спецыялізуюцца на беларускамоўнай літаратуры?

— Складана. У Беларусі ёсць дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы, што заангажаваныя ў працы з беларускамоўнай літаратурай. Цяжэй сябе пачуваюць менавіта прыватнікі… Тут шмат фактараў, якiя на гэта ўплываюць. Сістэма падаткаабкладання і распаўсюду. Ну, і не сакрэт, што пасля пачатку сусветнага крызісу сярэднестатыстычны беларус стаў менш траціць грошай на кнігі. Тым не менш, я веру, што мы займаемся пачэснай справай. Таму не сумняюся, што з цягам часу ў выдавецтва «Галіяфы» не будзе праблемаў.

— Ты вядомы як паэт-правакатар і аўтар сотні партрэтаў малекул і прусакоў. Навошта ты наогул заняўся выдавецкай дзейнасцю?

— Я гэтым займаюся ўсё жыццё. Мая першая выдавецкая ліцэнзія была атрыманая, калі мне было васемнаццаць гадоў. Выданне кніжак нагадвае працу над карцінай — вельмі цікава. Я атрымліваю своеасаблівы кайф. Мне здаецца, што я маю не самы кепскі густ; мне прыемна ўплываць на літаратурны працэс — хочацца бачыць на сваіх паліцах файныя кніжкі беларускіх аўтараў.

— А чаму не спрабаваў выпускаць масліт?

— Таму, што не люблю папсу. Не хочацца выдаваць макулатуру. Я, пэўна, у нечым эстэт. Хаця не выключаю таго, што ў нас, у «Галіяфах», могуць і будуць выходзіць нейкія бульварныя творы. Трэба ж неяк выдавецтву зарабляць грошы. Акрамя таго, сярод масавай літаратуры часам напраўдзе сустракаюцца арыгінальныя рэчы. Час пакажа, як яно будзе.

— Кім ты сябе сам лічыш: мастаком, паэтам ці празаікам?

— Літаратарам і мастаком. У мяне ніколі літаратурныя творы не канфліктавалі з выяўленчым мастацтвам. Неяк гарманічна заўсёды атрымлівалася. Зранку — праца над раманам, увечары — заняткі жывапісам. І менавіта дзякуючы, як кажуць, гэтай «шматстаночнасці» я маю творчую рэалізацыю. Калісьці я спрабаваў свае сілы нават у музыцы, гэта былі сумесныя праекты з вядомым музыкам Уладам Бубнам. Займаўся перформансамі са Спецбрыгадай афрыканскіх братоў, але гэта ўсё ў мінулым. Я прыйшоў да высновы, што атрымліваецца пэўны перабор — раскідваюся. Таму я спыніўся толькі на літаратуры і жывапісе. Хаця не спевы, а паэтычную чытанку пад музыку час ад часу працягваю рабіць.

— Твой апошні раман «Замак пабудаваны з крапівы» быў успрыняты крытыкамі неадназначна. Маўляў, гэта працяг гульні ў «Бум-БАМ-літ» (літаратурнае аб’яднанне, якое існавала ў 1990-х гг.) і чарговая порцыя эпатажу. Як ты ацэньваеш сваю кнігу?

— Бумбамамі там і не пахне. У той перыяд і Вішнёў быў не той. На жаль, у нас часта некаторых творцаў успрымаюць па іх першых кроках і не спрабуюць зразумець, што час змяняе чалавека не толькі фізічна, але і ўнутрана. У часы «бумбамаў»  было шмат эксперыментаў, цяпер я спрабую за эпатажам мець больш сутнаснага. Вядома, што не заўсёды атрымліваецца спраўдзіць свае задумы, але я імкнуся да лепшага. Да сваёй апошняй кнігі я стаўлюся неадназначна. З аднаго боку — мне не сорамна за канчатковы прадукт, а з другога — я не зусім задаволены… Лічу, што не выклаўся на сто адсоткаў. Думаю, што праз некалькі гадоў вярнуся да «Замку» і перапрацую яго на чвэрць. Але нягледзячы на гэтыя моманты, раманам зацікавіліся ўжо ў Нямеччыне і Швецыі — увосень са мной збіраюцца заключаць кантракты. Пэўныя кавалкі з рамана былі ўжо перакладзены на польскую мову падчас майго знаходжання па літаратурнай стыпендыі ў Кракаве. А што тычыцца рэакцыі крытыкаў на маю новую кнігу — не ўсё так кепска. Тыя крытыкі, да якіх я стаўлюся з павагай, у большасці сваёй адрэагавалі досыць адэкватна, станоўча. Я цаню каструктыўны разгляд творчасці і не прымаю пустаслоўныя цэтлiкi, не сакрэт, што ў беларускай творчай прасторы даволі часта займаюцца акурат апошняй бяздарнай справай.

Даведка

Зміцер Вішнёў нара­дзіўся ў 1973 г. ў Дэбрацэне (Вугоршчына). Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Вучыўся ў маскоўскім літінстытуце імя М.Горкага на ВЛК (семінар крытыкі). Піша вершы, прозу, крытыку, займаецца жывапісам.  Адзін з заснавальнікаў выдавецтва «Галіяфы». Аўтар кніг: «Штабкавы тамтам» (1998), «Тамбурны маскіт»(2001), «Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў» (2002), «Верыфікацыя нараджэння» (2005), «Фараон у заапарку» (2007), «Замак пабудаваны з крапівы» (2010). Удзельнік шматлікіх міжнародных паэтычных фестываляў і кангрэсаў. Перакладзены больш чым на дваццаць моваў.

— Многія лічаць твае тэксты аўтабіяграфічнымі. Гэта нібы запісы ў асабістым дзённіку, якія пасля кампіляцыі выліваюцца ў адзін твор. У «Замку» ты на­ват прымаеш бок пісьменніка Франсуа Марыяка, які ўзводзіў аўтара ў ранг мастацкага твора. То бок, мастацтва для цябе — гэта ты сам?

— Ніколі. Вось у гэтым і палягае асноўная правакацыя. Я люблю ўводзіць чытача ў зман. Я — фантазёр. Мне падабаецца прыдумляць вакол сябе шмат усялякай мішуры. Пэўна, я і сам не ведаю сябе да канца. Хутчэй за ўсё, я настолькі ўвайшоў у творчую гульню, што там і згубіўся.

— З года ў год з аднаго твайго твору ў другі мігруюць нейкія афрыканскія алігатары і баобабы. Адкуль з’явіўся гэты дух Афрыкі? Дзе ты яго знаходзіш у Беларусі?

— Вось гэтае пытанне, відавочна, да Вішнёва бумбамлітаўскага перыяду. Цяпер тэма Афрыкі мяне цікавіць не настолькі. А гадоў трынаццаць таму мне былі блізкія канцэпцыі расiйскага мастака Ігара Сіда. Я любіў выдумляць з Беларусі бананавы рай. Магчыма, гэта яшчэ і не згубіла актуальнасці для народных мас, але Вішнёў, відавочна, ужо дзядуля. (Смяецца.) А калі быць яшчэ больш сур’ёзным, пры жаданні афрыканскай спецыфікі можна шмат адшукаць у Беларусі. Пэўна, самыя ўдалыя мае пасажы на гэтыя тэмы выйшлі ў зборніку «Тамбурны маскіт»… Там ёсць тэкст пад назвай «Калі б я быў прэзыдэнтам», які складаецца з магчымых загадаў майго ўладарства. Прывяду ў прыклад парачку. «Загад Б. Толькі Саюз Вольных Краін можа задаволіць наш гераічны і афрыканічны народ! Таму загадваю пайсці на аб’яднанне паміж нашай краінай і Заірам. Толькі гэты Саюз можа прывесці нас да светлай будучыні, што знаходзіцца каля возера Мабуту. Загад Ж. Жанчынам забараняю крычаць падчас родаў. Можна толькі спяваць гімн нашай краіны. Таксама падчас родаў дазваляю есці кашу з геркулесу». І гэтак далей — усё ў такім рэчышчы.

— Героі тваіх твораў — гэткія сюррэалістычныя псіхі. Вар’ят сантэхнік, злы карлік, бабуля ў інваліднай калясцы, якая хоча быць гламурнай. Увогуле вобразы такіх фрыкаў характэрныя для беларускай літаратуры?

— Кожны мастак хоча быць першым у сваёй сферы. Спадзяюся, што я свайго кшталту першапраходзец у беларускай літаратуры. А фрыкаў у Менску развялося сапраўды зашмат. Магчыма, гэта і някепска? Без блазнаў нам будзе жыць сумна. Мне даспадобы вынаходзіць вобразы падобных індывідаў. Люблю я здзек, сарказм, інсінуацыю, эпатаж, правакацыю. Тым не менш заўсёды стараюся на гэтым не зацыклівацца і хаваю за гэтым нешта важнае… істотнае…

— Літаратура для цябе — гэта гульня? Нават сябра Лаўрэнція Берыі Цанава ў «Замку пабудаваным з крапівы» прыносіць галоўнаму герою любоўныя запіскі…

— Гульня — але сур’ёзная. Тут нельга хлусіць, інакш ты падманеш не чытача — сябе. Калі не сцябацца з навакольнага вар’яцтва, можна і самому згубіць мазгі. Таму трэба спрабаваць жартаваць у безвыхадных сітуацыях. Любоўная запіска праз Цанаву, чым не пародыя на беларускую рэчаіснасць? Як на мой погляд, літаратурнай гульнёй займаліся Франц Кафка, Уладзімір Набокаў, Герман Гесе, Генры Бёль…

— Ты абяцаеш, што наступны твой раман будзе сюжэтным, рэалістычным? Калі нам чакаць яго з’яўлення? Сюжэт ужо прыдумаў?

— Сюжет ужо распрацоўваецца. Думаю, пачаць працу над новым раманам увосені. Нават прызнаюся, што ён будзе ў нейкай ступені шпіёнскім. Там будуць змовы, бойкі, пераслед — дзеянне будзе адбывацца ў невядомай краіне. Хочацца і дынамічнага сюжэта. Абяцаю — сумна не будзе. Спадзяюся, што за год неяк з ім спраўлюся. І калі зусім шчыра, як будзе насамрэч, хто ж яго ведае? Будзем працаваць.

— Вось напісаў бы нарэшце пра Афрыку…

— Не сып мне соль на рану… Можа, калі і наведаю гэты кантынент — тады прынамсі ствару падарожныя нататкі. Хацеў бы наведаць Паў­днёва-Афрыканскую Рэспубліку… Дарэчы, спа­дзяюся калісьці пабываць і на Кубе… Але надта ж дарагія квіткі ў гэтыя краіны.

  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/