18+

Пiсьменнiк Уладзімір Караткевіч: «Калі чагосьці не ведаеш, лепш не бярыся за пяро»
25 июля 2011 Интервью

Пiсьменнiк Уладзімір Караткевіч: «Калі чагосьці не ведаеш, лепш не бярыся за пяро»

  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
Калі належны ўзровень патрыятызму ў вашым сэрцы не падтрымлівае ўжо ані «Еўрабачанне», ані хакей, самы час зняць з паліцы томік Караткевіча — і вось ужо над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. У размове з «Большим» Уладзімір Караткевіч распавёў, як ледзь не зрабіўся літаратуразнаўцам, што чытае ў гнеўным настроі і чаму зварот «псіх» ад пагранічніка для яго — самая дарагая ўзнагарода.
КТО:беларускі Вальтэр Скот
ПОЧЕМУ:кнігі Караткевіча беларусам трэба выдаваць разам з пашпартам. А можа, і замест яго
ОБРАТИТЬ ВНИМАНИЕ НА ФРАЗУ:«Ведаць — гэта адзінае вартае на зямлі. Пасільна ўмець — другое. А ведаць і ўмець — гэта і ёсць фундамент чалавека, якім ён, чалавек, павінен быць»

— Перш чым пачаць пісаць, чалавек пачынае чытаць. Уладзімір Сямёнавіч, цi памятаеце першую прачытаную вамі кнігу?

— Шчыра кажучы, першую кнігу не помню, таксама як і не помню сябе такога, каб не ўмеў чытаць. Пачаў чытаць у тры з паловай гады, чытаць лацінкаю і пісаць — крыху пазней. Вершы спачатку голасам гаварыў і напяваў, а пасля на паперы пісаў — год з шасці. Пасля апавяданні спрабаваў пісаць і нават «міні-п’есы». Сам іх ілюстраваў. Сёе-тое з маёй пісаніны было змешчана ў школьным рукапісным часопісе.

— Ці марылі вы аб пісьменніцкай славе? Можа, пасля школы хацелі зай­мацца творчасцю?

— Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе. А ў будучым марыў быць літаратуразнаўцам. Калі вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, напісаў некалькі прац: «Багдановіч і сучаснасць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Цёмныя месцы «Слова», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы», «Авакум і літаратура расколу», «Справа пра «Саборныя дзеянні» (гісторыя палітычнай падробкі і яе выкрыцця, як «кнігі ў паўдзесць, старажытным беларускім характарам пісанай»). Калі скончыў вучобу, паехаў настаўнікам у глухую вёску Лесавічы, што ля Тарашчы.

З «Вожыка» я атрымаў пісьмо прыблізна такога зместу: «Малады чалавек, з вашым талентам лепш біць і брукаваць каменне на бруку».

— І як адтуль трапілі «ў літаратуру»?

— Адзін мой знаёмы папрасіў, каб я прыслаў яму проста так, пачытаць, свае вершы, i ён занёс іх у «Вожык» i «Полымя». З «Вожыка» я атрымаў пісьмо прыблізна такога зместу: «Малады чалавек, з вашым талентам лепш біць і брукаваць каменне на бруку». Мяне гэта, прызнацца, не вельмі i засмуціла. А вось у «Полымі» пасля гэтага цалкам ужо нечакана для мяне з’явіўся мой верш «Машэка», і я падумаў, што ўсё ж нешта змагу рабіць. Пасля паступова пачалі друкаваць мяне і іншыя часопісы.

Я не пісьменнік рамантычнага складу. Хто хоча, каб я яго паважаў, хай здасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў.

— Сёння многія называюць вас пісьменнікам рамантычнага складу…

— Я не пісьменнік рамантычнага складу. Хто хоча, каб я яго паважаў, хай здасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў. Я, можа, больш чым хто, авантурыст (хоць ніколі не шукаў у авантурах выгады), і жыццё падсоўвае мне і такіх людзей, і такія выпадкі, якія не назавеш штодзённымі. «Ищущий обрящет». «Ищите и обрящете» — гэта яшчэ і Святое Пісьмо гаварыла.

Я апісваю незвычайныя, але зусім рэальныя падзеі. Таму з поўным перакананнем лічу: напісанае мной ёсць не што іншае, як рэалізм. Хаця, прызнаюся шчыра, у душы я рамантык. Увогуле, люблю напаўняць свой дзень так, каб у яго ўмясцілася чацвёра сутак, а за адно жыццё можна было пражыць дзясятак жыццяў. Калі працую — ну, тады, вядома, дні больш-менш аднолькавыя і розняцца толькі тым, пра што я сёння пішу. У такім выпадку я проста працую без адпачынку, і днём і ноччу.

А вось калі работы часова няма — то я іду ў мора з рыбакамі, лаўлю з імі рыбу, слухаю і прымаю ўдзел у іх размовах… Швэндаюся па самых глухіх кутках і фатаграфую (хай па-аматарску) старыя цэрквы, курганы, гарадзішчы, тыпы людзей… Еду ў іншыя гарады і прападаю там па кнігасховішчах ці ў розных цікавых людзей… Іду ў лес, раскладваю вогнішча, хаджу па вёсках, складаю ў капы сена — адным словам, працую і жыву. Трэба здымацца ў кіно ў ролі каталіцкага свяшчэнніка — здымаюся. Трэба «пагутарыць» з мядзведзем — гутару. Трэба бервяно абчасаць — умею.

Люблю напаўняць свой дзень так, каб у яго ўмясцілася чацвёра сутак, а за адно жыццё можна было пражыць дзясятак жыццяў.

…Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: «Каго затрымалі? Мы яго шмат год ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах». Мне гэтыя словы — самая дарагая ўзнагарода.

— Ці патрэбен такі авантурызм пісьменніку?

— Глыбока памыляюцца тыя, хто лічыць працу пісьменніка (няхай гэта паэт або празаік) лёгкім хлебам. У сапраўднасці выходзіць далёка не так. Тое, пра што расказвае аўтар у сваёй аповесці або рамане, ён павінен добра ведаць. Для гэтага неабходна дасканала вывучыць прадмет апісання, што часам звязана нават з рызыкай.

Напрыклад, для дасканалага адлюстравання адной са сцэн у аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» мне прыйшлося працяглы час правесці ў Бярэзінскім запаведніку, дзе я навучыўся не толькі лавіць змей, але і «даіць» іх. Для таго каб напісаць «Чорны замак Альшанскі», аблазіў на Беларусі мноства руінаў, а таксама замкаў, якія захаваліся да нашых дзён. Таму ў творы гаворыцца не аб адным якімсьці з іх: Альшанскі «пабудаваны» на падставе ўсяго ўбачанага. Так і заўсёды: пісьменнік, звычайна апісваючы, скажам, адну хату, дае зборную карціну, быццам пчала, прыносячы ў вулей з многіх месцаў нектар, атрымлівае адно рэчыва — мёд.

Калі чагосьці не ведаеш, лепш не бярыся за пяро. Была са мной адна гісторыя: атрымаў ліст ад аднаго чытача маёй «Чазеніі», вучонага-біёлага, які абвінавачваў мяне ў тым, што схлусіў, апісваючы эпізод з леапардам (там ён адгрызае галаву ў забітага ім звера). Маўляў, такога не бывае. Ведаю я звычкі многіх звяроў, сам шмат назіраў за імі на Далёкім Усходзе. Расказвалі мне пра такую прывычку і шматлікія палясоўшчыкі, з якімі я сустракаўся там. Але, відаць, для майго біёлага і гэтага мала. Тады мне давялося-такі палазіць па кнігах. І ўрэшце я ўсё ж знайшоў. У кнізе «Запаведнік «Кедравая падзь», выдадзенай да 50-годдзя гэтага запаведніка, я чорным па белым прачытаў на старонцы 43: «Интересно, что у всех его (леопарда) жертв, даже если они не полностью съедены, всегда отсутствует голова».

— Як заўзяты падарожнік, распа-вядзіце, якія мясціны Беларусі вы найбольш любіце і ведаеце.

— Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе. Некаторыя болей, некаторыя меней. Найбольш — Прыдняпроўе, Палессе, Прыдзвінне, Наваградчыну… Але ўсе ведаю і ўсе люблю. І яшчэ Далёкі Усход, Украіну, Урал, горны Крым і Каўказ. І, пасля Беларусі, больш за ўсё — мора.
І іншыя краіны люблю. І нават калі ў нейкай не бываў — часцяком ведаю яе літаратуру, геаграфію, гісторыю лепей за некаторых тамтэйшых ураджэнцаў. Ведаць — гэта адзінае вартае на зямлі. Пасільна ўмець — другое. А ведаць і ўмець — гэта і ёсць фундамент чалавека, якім ён, чалавек, павінен быць.

— Вы неахвотна дзеліцеся сваімі творчымі планамі. Як нараджаюцца задумы твораў?

— Гэта можа быць кімсьці сказанае слова, цікавая ідэя, пейзаж. Нават пах. Асабіста я лічу, што «Антонаўскія яблыкі» Бунін мог напісаць толькі пад уражаннем водару антонавак у скрынцы яго пісьмовага стала. Гэты пах выклікаў няяснае адчуванне, успамін. З усяго гэтага, разам узятага, нарадзілася апавяданне. Часам задума прыходзіць па асацыяцыі. Старажытныя асірыяне, напрыклад, лічылі, што розум у чалавека змяшчаецца не ў мозгу, а ў вушах. Таму герояў і цароў яны паказвалі з вялікімі вушамі. Можна сабе, напрыклад, уявіць прыдворнага блюдаліза пры асірыйскім царскім двары, які ўсё жыццё гаварыў глупствы, лесціў цара, а яго лічылі вельмі разумным. Але аднойчы, сам гэтага не жадаючы, ён выказаў разумную думку, і яго пакаралі — адрэзалі вушы.

У разуменні цара і асірыйскага грамадства ён стаў дурнем. А на самай справе толькі цяпер, паспытаўшы гарачага, ён і зрабіўся ра­зумным. Такая асацыяцыя можа стаць сюжэтам іранічнага апавядання, апавядання-пародыі.

— Ці знаёмае вам пачуццё творчай няў-пэўненасці? Калі сядзіш перад чыстым аркушам…

— Не. Я ніколі не бяруся пісаць аб тым, да чаго ў мяне не ляжыць душа. Калі я ведаю, аб чым я хачу пісаць, я ведаю і як пісаць. Таму ў мяне практычна няма чарнавікоў. Ёсць толькі накіды
сюжэта. Накіды гэтыя падобныя на галаваломку, сам чорт нагу зломіць. Там усё: героі, абстаноўка, планы месца дзеяння, жыллё дзейных асоб аж да таго, што відаць з кожнага акна, падрабязныя біяграфіі герояў (яны пасля не ўвойдуць у твор, але, ведаючы іх, я разумею, як будзе паводзіць сябе чалавек у самых складаных абставінах), манеры, іхнія ўчынкі і іншыя дэталі. Абдумаю як след — сядаю за стол. Калі штосьці не клеіцца, пахаджу па пакоі, пакуру, каву згатую — і зноў за работу. Слова павінна ўлезці на сваё месца адразу, як цвік. І апошняя гэта справа — сто разоў выцягваць яго абцугамі і забіваць зноў. Часам, праўда, героі пачынаюць хуліганіць, весці сябе не так, як было задумана. І я іх заўсёды слухаюся і даю ім волю. Бо калі яны ўжо робяцца самастойнымi — гэта азначае, што рэч удаецца, што яна жыве.

— Калі пачынаеце працаваць над новай кнігаю, аб чым хвалюе­цеся?

— Думаю пра тое, каб напісаць першы аркуш без адзінай памаркі. Гэта значыць, што пасля ўсё пойдзе добра.

— Зразумела ж, як і ва ўсіх, у вас ёсць любімыя аўтары, любімыя творы. Што наконт вашых літара-турных густаў?

— Што датычыць любімых твораў, то іх вось так — раз і назаўсёды — няма. У кожным узросце меў улюбёнцаў і багоў. Чытаю кожнага ў залежнасці ад настрою. Калі ён светлы — то Пушкіна, гнеўны —
ранняга Купалу, Багдановіча, Шаўчэнку, калі настрой філасофскі і грэбліва непрымірымы да смуроду і пошласці — проста хоць на дуэль — Лермантава, Гарэцкага і Льва Талстога, роўны — добрыя гістарычныя раманы Сянкевіча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога. І, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывіцца, перад працай, якая патрабуе разлічанай, завостранай думкі, вельмі люблю чытаць добрыя дэтэктывы. Сапраўды добрыя. Да іх залічваю не толькі, скажам, творы Сімянона і лепшыя раманы Агаты Крысці, але й роднага па духу Стывенсана. І, калі браць вяршыні, на якія нават дыхаць цяжка, — «Братоў Карамазавых». Я і сам імкнуся будаваць свае творы менавіта па законах гэтага жанру, каб кожная рэч не адпускала чытача ад першай да апошняй старонкі, пастаянна трымала яго ў напружанні.

— Уладзімір Сямёнавіч, у кожнага пісьменніка ёсць творы, асабліва дарагія яму з той ці іншай прычыны…

— Я назаву тры такія творы: «Каласы пад сярпом тваім», «Чазенія» і «Ладдзя роспачы». Раман «Каласы пад сярпом тваім» закранае яркую старонку беларускай гісторыі. Аповесць «Чазенія» дарагая мне як успамін аб цудоўных месяцах, праведзеных на Далёкім Усходзе. «Ладдзя роспачы», па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх.

— Якім вы ўяўляеце сабе чытача сваіх твораў?

— Чытача перш за ўсё добрага сэрцам, разумнага, сумленнага, які любіць сваю Айчыну, гуманнага. Выходзіць, пераважна ідэальнага. І кожны пісьменнік, які піша ў разліку на такога чытача, павінен старацца, каб кожны яго чытач у рэшце рэшт (хай не сёння і не заўтра) стаў такім.

— Як вы ставіцеся да папуляр-насці, да шырокага чытацкага прызнання?

— Да фанфарна-барабаннага — ніяк. Хоць бы яго і не было. А вось калі адчуваеш сапраўдную павагу да таго, што ты кажаш, няхай сабе ў чымсьці і не згаджаюцца, — гэта заўсёды радуе і хвалюе. Скажу вам па сакрэце: усё-такі прыемна, калі зойдзеш у бібліятэку і жартам спытаеш сваю кнігу, а бібліятэкарка разводзіць рукамі: «Прабачце, два месяцы як апошні экземпляр сцягнулі…» Або калі выпадкова сустрэнешся з выпадковым чалавекам, які выпадкова тваё штосьці чытаў і нават выпадкова запомніў тваё прозвішча… Слова за слова, глядзіш — разгарэлася спрэчка, а там — нехта некага і на лапаткі паклаў. Вось гэта мне падабаецца.

— Уладзімір Сямёнавіч, вы адзін з самых «нацыянальных» беларускіх пісьменнікаў. Як вы ставіцеся да сучаснай глабалізацыі?

— Так, у наш час людзі ў чымсьці нівеліруюцца. Носяць аднолькавае адзенне, жывуць у падобных дамах, кватэрах, хатах, ядуць адны і тыя ж стравы, і побыт людзей амаль аднолькавы — ці будзе гэта ў Маскве, ці ў Мінску, у Вільні, у Рызе… Але ж кожны народ цікавы ў многім менавіта сваім спосабам жыцця, мыслення. Калі, скажам да прыкладу, узяць дзесяць тысяч аднолькавых кавалачкаў смальты і пакласці іх побач, то атрымаецца проста падлога ў ваннай, а калі кавалачкі будуць рознакаляровымі — можна зрабіць цудоўную мазаіку. Я за тое, каб кожны народ, і ў першую чаргу мой, меў свой воблік, меў свой колер, свае адценні, быў непадобны да суседа, выклікаў пачцівае здзіўленне і жаданне яму наследаваць, жыць такім самым яскравым, непадобным, страшэнна прыцягальным жыццём. Зберагчы сваю непадобнасць — вось задача кожнага народа і вось пра што эсэ «Зямля пад белымі крыламі». У адметнасці і прыгажосць чалавечай душы. Чалавек імкнецца да гэтай адметнасці. Дабрата, сумленнасць — агульныя, усечалавечыя катэгорыі, але існуе адна дабрата і чатыры мільярды яе разнавіднасцей, форм. Чалавецтва — гэта бібліятэка, а не мільён­ны тыраж адной і той самай кнігі, няхай сабе і цудоўнай.

— Беларусы ўсё менш глядзяць на сваё і ўсё больш — за мяжу. Таму апошняе пытанне: падкажыце, як выхаваць у народа любоў да нацыянальнай культуры?

— Толькі выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі. І — у сучасным — працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абуджэнні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі. Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцей — грамадства здолее ўсё.

Паводле інтэрв’ю і аўтабіяграфіі :
  • р
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вам срочно нужна квартира на сутки в Барановичи? Не переживайте, наш сайт предоставляет вашему вниманию множество отличных предложений, чтобы Вы смогли максимально быстро и выгодно, а главное, без посредников снять квартиру в Барановичах. Более детальную информацию вы можете получить на нашем сайте: sutkibaranki.by

OOO «Высококачественные инженерные сети» осваивает новейшие технологии в строительстве инженерных сетей в Санкт-Петербурге. Начиная с 2007 года, наша компания успешно реализовала множество проектов в области строительства инженерных сетей: электрическое обеспечение, водоснабжение и газоснабжение. Более подробная информация на сайте: http://spbvis.ru/